01:31 29.06.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

У Магілёве размаўлялі пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і перайменаванне вуліц











Арганізатарамі мерапрыемства выступілі газета “НАШ Магілёў” і грамадская ініцыятыва “Грамадскі магістрат”.

Сёння, 28 чэрвеня, каля 20 актывістаў грамадскіх арганізацый, палітычных партый, журналістаў, а таксама зацікаўленых грамадзян прынялі ўдзел у круглым стале, дзе абмеркавалі стан архітэктурнай спадчыны Магілёва, а таксама выказаліся наконт ініцыятывы мясцовых уладаў перайменаваць Савецкую плошчу ў “плошчу Славы”.

З прэзентацыямі выступілі галоўны рэдактар “НАШ Магілёў” Ігар Барысаў, а таксама гісторык Ігар Пушкін.

Выступае з прэзентацыяй Ігар Барысаў

-Мы распачынаем кампанію “Захаваем стары Магілёў”, бо за апошні год мясцовыя ўлады знішчылі столькі старых будынкаў, колькі не было зруйнавана за ўсе папярэднія гады. Мэта нашай кампаніі – прыцягнуць увагу чыноўнікаў, грамадскасці і звычайных грамадзян да захавання гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія знаходзяць увасабленне ў архітэктурнай спадчыне горада, - кажа Ігар Барысаў.

Каб абараніць будынкі ад руйнавання актывісты і журналісты кампаніі плануюць пісаць артыкулы пра значнасць гэтых аб’ектаў для горада, а таксама пры неабходнасці плануюць арганізаваць збор подпісаў за захаванне таго, ці іншага будынка.

-Далёка не ўсе дарэвалюцыйныя будынкі маюць архітэктурную каштоўнасць. Тут варта разбірацца, што мы баронім, месцы звязаныя з гісторыяй, ці проста будынак. Часам пазіцыя гісторыкаў з пазіцыяй Таварыства аховы помнікаў не супадае. Аднак трэба адзначыць, што праблема з руйнаваннем архітэктурнай спадчыны Магілёва, непрафесійнай рэканструкцыяй і неабходнасцю аднаўляць тыя ці іншыя будынкі існуе, - кажа Ігар Пушкін.

Выступае з прэзентацыяй Ігар Пушкін

У другой часткі круглага стала прысутныя абмеркавалі ініцыятыву мясцовых чыноўнікаў перайменаваць Савецкую плошчу ў “плошчу Славы”.

-Гэта ініцыятыва ўзнікла яшчэ ў 2005 годзе. Яе аўтарам з’яўляецца былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз. У тыя часы ідэя не набрала неабходную колькасць прыхільнікаў, аднак у гэтым годзе да яе вырашылі раптоўна вярнуцца. Яе правадырамі з’яўляюцца мясцовыя “дэпутаты”, чыноўнікі, а таксама прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, - кажа Ігар Пушкін.

Алесь Сілкоў зазначыў, што назва “плошча Славы” не звязана ніяк з гісторыяй горада і найлепшая назва для плошчы ўлічваючы, што на ёй была адбудавана Ратуша з’яўляецца – Ратушная плошча.

-Гэтая назва нейтральная і можа існаваць пры любой уладзе. Старыя назвы – Гандлёвая, Губернатарская, Думская – не адпавядаюць зместу. Назва плошча Свабоды добрая, аднак больш чым перакананы, што на такую назву чыноўнікі ніколі не адважуцца.

Напрыканцы круглага стала была прыяната рэзалюцыя, якую прадстаўнік “Грамадскага магістрата” Зміцер Салаўёў у панядзелак аднясець у Магілёўскі гарвыканкам.

Прыводзім тэкст рэзалюцыі

РЭЗАЛЮЦЫЯ

Грамадскіх слуханняў

аб перайменаванні Савецкай плошчы ў “плошчу Славы”

Мы, жыхары Магілёва, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, выступаем супраць таго, каб Савецкая плошча горада была перайменавана ў “плошчу Славы”.

У гэтым пытанні нельга спяшацца і падладжваць перайменаванне плошчы пад нейкую дату. Трэба, каб назва стала сапраўды народнай і не выклікала супярэчлівых пытанняў у гараджан.

Мы лічым, што рашэнне аб перайменаванні цэнтральнай плошчы горада павінна адбывацца пасля шырокага грамадскага абмеркавання, з удзелам усіх зацікаўленых грамадскіх арганізацый, палітычных партый і звычайных грамадзян. Як адзін з варыянтаў вырашэння гэтага пытання – прапануем правядзення мясцовага рэферэндума.

Мы ўхваляем ініцыятыву гарадскога кіраўніцтва па вяртанні гораду гістарычных назваў вуліц і плошчаў і адзначаем, што назва “плошча Славы” не адпавядае зместу цяперашняй Савецкай плошчы. У розныя часы плошча называлася Гандлёвай, Губернатарскай, Думскай, Свабоды, аднак ні адна з гэтых назваў ужо не можа ў поўнай меры перадаць атмасферу цяперашняй плошчы. Пасля таго, як была адбудавана Ратуша, плошча набыла новае аблічча.

Мы лічым, што назва “плошча Славы” бязлікая і кантрастуе з Ратушай, якая знаходзіцца там. “Плошча Славы” – гэта спроба ўшанаваць толькі адзін перыяд 750-гадовай гісторыі горада.

Таму, мы прапануем разглядзець варыянт назвы цяперашняй Савецкай плошчы – Ратушная плошча, бо цяперашні яе абрыс фарміруе Ратуша, якая стала сімвалам Магілёва.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме