20:30 16.07.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Таццяна Караткевіч на сустрэчы з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ заклікала іх супрацоўнічаць з кампаніяй «Права выбару-2015»

Сустрэча з прадстаўнікамі падрыхтоўчай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) адбылася ў Мінску 15 ліпеня і доўжылася паўтары гадзіны.

Таццяна Караткевіч падкрэсліла, што лічыць вельмі важным, каб у выніковай справаздачы місіі АБСЕ быў апісаны не «фасад» выбараў, а іх сутнасць. То бок, калі ў выбарчым працэсе будуць пазітыўныя змены - гэта трэба сумленна прызнаваць. Калі ж з пазітыўнымі момантамі будуць толькі чыстыя вуліцы і танныя прадукты на ўчастках для галасавання, то гэта трэба адзначыць як факт, але прызнаць, што да рэальнага прагрэсу ў справе правядзення выбараў улада не дацягнула.

У час сустрэчы патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты асаблівую ўвагу звярнула на наступныя актуальныя пытанні:

- Роўныя ўмовы для кандыдатаў падчас збору подпісаў і агітацыі: усе ініцыятыўныя групы павінны мець магчымасць працы з працоўнымі калектывамі, а выканкамы павінны перагледзець свае рашэнні пра абмежаванні месцаў збору подпісаў і агітацыі;
- Роўны доступ да СМІ;
- Ціск на сяброў ініцыятыўных груп да, падчас і пасля выбараў;
- Уключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў склады ўчастковых камісій;
- Магчымасць назіральнікам бачыць кожны бюлетэнь пры падліку галасоў; пры гэтым каманды кандыдатаў гатовыя чакаць вынікаў выбараў нават тыдзень;
- Права людзей на мірны пратэст: калі людзі выйдуць на плошчу, супраць іх не павінна быць прыменена сіла - паўтарэння сцэнара 19 сьнежня 2010 г быць не павінна.

Таццяна Караткевіч таксама адзначыла, што існуюць яшчэ дзве важныя праблемы:

- Наяўнасць у Беларусі палітычных зняволеных: пакуль яны не вызваленыя, сумленных выбараў быць не можа;
- Ціск на СМІ: відавочна, што ўлада пачала паляванне на тых журналістаў, якія працуюць без акрэдытацыі. У сувязі з гэтым Караткевіч распавяла пра адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Аліны Літвінчук, Алеся Залеўскага, Ігара Барысава і іншых журналістаў.

Таксама патэнцыйны кандыдат у прэзідэнт звярнулася да місіі АБСЕ з просьбай пастаянна працаваць у каардынацыі з нацыянальнымі кампаніямі назірання, у тым ліку і кампаніяй назірання «Права выбару-2015».

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што ў цяперашні час з боку ўлады было б самы час зрабіць прыгожы жэст і вярнуць у Беларусь місію АБСЕ без звужэння яе мандата.

У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

Кампанія «Права выбару» актыўна ўдзельнічае ў назіранні за выбарамі пачынаючы з 2008 года. У дадзеным складзе праца ідзе з 2014 года.

Прэс-служба кампаніі назірання "Права выбару-2015", zapraudu.info

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме