23:45 03.04.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Стваральнікі руху ветэранаў “Абаронцы Айчыны” пра падзеі ва Украіне

У нашай студыі пабывалі ўдзельнікі арганізацыйнага камітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі і старшыня аргкамітэта, палітык, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генерал Валер Фралоў. Былыя вайскоўцы выказаліся пра падзеі ва Украіне.

РР: Крым, расейска-ўкраінская вайна. Вашае стаўленне да таго, што цяпер адбываецца паміж Расеяй і Украінай.

Аляксандр Камароўскі: Мая думка такая, што, канешне, тут Расея выступае як агрэсар у адносінах да Крыма і ў цэлым да Украіны. Мае адносіны да Расеі і яе палітыкі зараз самыя негатыўныя. Я незадаволены, канешне, і дзеяннямі ўкраінскага боку, бо яны занадта пасіўна баранілі Крым, маючы столькі вайсковых частак. Калі там бадзяюцца нейкія незразумелыя ўзброеныя фармаванні без апазнавальных знакаў - "зялёныя чалавечкі", як іх там называлі. Канешне, мне гэтыя дзеянні зусім незразумелыя. Іх трэба было “мачыць”, як казаў Пуцін, прэзідэнт Расеі. Ён казаў, што “мачыць” трэба маджахедаў у Чачні. Тут незразумелыя людзі, калі яны незразумелыя, калі яны не прадстаўляюць нейкую дзяржаву, значыць гэта бандыты, узброеныя бандыты, да іх павінна быць адпаведнае стаўленне. Маючы мноства вайсковых частак у Крыму, гэта проста бяздарна, злачынна страчаная тэрыторыя Украіны.

Валер Фралоў: Як у свой час дастаткова бяздарна Крым перайшоў у склад Украіны, калі Хрушчоў аддаў, так жа бессэнсоўна вярнуўся назад. Напэўна Расея часамі вучыцца і ў заходніх краін, у тым ліку і Злучаных Штатаў Амерыкі, якія часамі то ў Іране, то ў Іраку праводзяць свае інтарэсы. Дакладна так жа, напэўна, Расея і навучылася гэтаму ў так званых дэмакратычных краін, такім жа самым чынам вырашыла вярнуць сабе Крым. Так, парушэнне заканадаўства, была гарантавана цэласнасць усіх краін, калі выводзілася ядзерная зброя, але здарылася так, як здарылася. Я згодны з Аляксандрам Аляксандравічам, што расейскія ўзброеныя сілы там былі дастаткова моцныя, але тым не менш адбылося тое, што адбылося. Усё ж такі трэба ўлічваць у нейкай меры, гэта не з пункту гледжання міжнароднага права, а імкненне тых расейцаў, якія жылі ў Крыме, якія правялі рэферэндум. Няхай там падтасавана, недзе там, як кажуць, пад рулямі аўтаматаў хадзіць, але тым не менш абсалютная большасць выказала сваё меркаванне. У адрозненні ад таго ж Косава, якое выйшла са складу Югаславіі абсалютна без усякага рэферэндума. Там Абама выступаў, што нібы там рэферэндум, але ён памыліўся, можа нехта яму падказаў. Можна па рознаму ставіцца, але я лічу так, як здарылася так здарылася, паглядзім, як далей будуць развівацца падзеі.

РР: А калі такі самы рэферэндум будзе ў Гомелі, у Віцебску, напрыклад?

Валер Фралоў: Тут калі пачаць кавырацца ў гэтай справе, то Смаленская там таксама некалі была. Так, пажадана, каб межы былі такімі, як склаліся, бо гэта бясконцы працэс падзелу, жадання далучыцца. Напэўна, трэба ствараць такую абстаноўку ў дзяржаве, на жаль, ва Украіне яна не была створана, каб людзі жылі ў ёй і цешыліся. На жаль, і ў Беларусі пакуль не тая абстаноўка, таму ў людзей розныя думкі, не тая абстаноўка, якая б ім падабалася. Паглядзіш тэлевізар, як Аляксандр Рыгоравіч увесь час нарады праводзіць, дваццаць гадоў кіруе, а навокал бардак, колькі ж можна.

РР: Цяпер ва Украіне актыўна кажуць пра тое, што трэба вяртаць ядзерную зброю. Як вы ставіцеся да ядзернай зброі, як спосабу стрымання агрэсіі?

Валер Фралоў: Я думаю, што добра, што мы вывелі ядзерную зброю, гэта дзякуй Богу. Чым у большай колькасці з рознымі завіхрэннямі ў галаве яно знаходзіцца, тым большая верагоднасць таго, што яно па дурноце можа быць ужытае. Слава Богу! Чым менш яго, тым лепш. Іншая справа, што, канешне, у Расеі яно ёсць, у Злучаных Штатаў яно ёсць, і гэта сур’ёзны стрымліваючы фактар, з майго пункту гледжання. Чым менш яго ў розных краінах, тым лепш, а то Юля Цімашэнка выступала, кажа што трэба “мачыць” гэтых маскалёў ядзернай зброяй. Можа б яна насамрэч яго ўжыла, таму чым менш ядзернай зброі на зямлі, тым лепш. Усё ж такі розныя ёсць палітыкі, і часамі кіруюцца зусім рознымі падыходамі.

Аляксандр Камароўскі: Я таксама прыхільнік таго, што ядзерная зброя Беларусі абсалютна непатрэбная. Тое, што яе ў свой час здалі ў часы Шушкевіча Станіслава Станіслававіча, гэта дзякуй Богу. Не патрэбна ні цяпер, ні ў перспектыве. Я лічу, што і Украіне яно зусім не патрэбна. Наяўнасць ядзернай зброі – гэта не толькі высокая адказнасць, але і ўтрыманне яго баявой гатоўнасці патрабуе вялікіх фінансавых затрат. А калі выпадкова будзе ўжытае, то гэта ўвогуле не паддаецца ніякаму апраўданню, нам дастаткова Чарнобылю, яно зусім не патрэбнае. А тое, што Расея праігнаравала Будапешскі мемарандум, што яна з’яўляецца гарантам незалежнасці Украіны, Беларусі і г.д., на дадзены момант яна парушыла, то гэта вялікі пралік Расеі. Я думаю, што Расея наступіла на такія граблі, што яна будзе мець у перспектыве вельмі вялікія непрыемнасці, гэта можна параўнаць з аўганскай вайной у часы СССР. Гэта быў асноўны з фактараў развала СССР, вялізнай дзяржавы, імперыі і сусветнай краіны.

РР: Ці можа быць Беларусь уцягнутая ў гэты канфлікт?

Валер Фралоў: Журналісты вельмі любяць спекуляваць, вайна, зараз увядуць... Ды ніякай вайны няма, не было і я глыбока ўпэўнены не будзе паміж Расеяй, Украінай, а тым больш Беларусь нейкім чынам. Гэта чарговыя спекуляцыі, гэта вельмі цікавая тэма, усім цікава яе абмяркоўваць. Я іншае думаю, як бы Расеі не давялося ўвесці войскі, можа быць са Злучанымі Штатамі Амерыкі, як міратворчыя ва Украіну. Абстаноўка і ўзаемаадносіны паміж “Правым сектарам” і новымі кіраўнікамі, хоць яны адну задачу вырашалі, але зараз там складваюцца вельмі сур’ёзныя ўзаемаадносіны, прычым з ужываннем зброі часамі. Як бы расейцам разам з амерыканцамі не давялося ўводзіць туды, як у свой час у Аўганістан, як міратворцы туды прыходзіць і неяк стабілізоўваць там нарэшце сітуацыю. А вы ўсё вайна нейкая, ды не палезуць расейцы, не палезуць туды беларусы ніколі. Навошта гэта патрэбна? Дзякуй Богу ў Крыме нічога не адбылося, і ніякіх сутыкненняў, нейкіх вайсковых дзеянняў. Адбылося ўсё без сутыкненняў, ніякай вайны не было.

Аляксандр Камароўскі: Я таксама лічу, што акупіраваць Украіну, такую моцную дзяржаву, з такім патрыятычным насельніцтвам, у Расеі сілаў няма, я так лічу. Ведаю добра Расею, ведаю іх узброеныя сілы, іх стан. Гэта не так проста, патрэбна як мінімум мільён вайскоўцаў, як мінімум, а можа быць нават больш, каб цалкам акупаваць Украіну. Я лічу, што Беларусь катэгарычна не будзе ўвязвацца ў гэтую вайну. Я думаю, што ў Лукашэнкі дастаткова мудрасці, габ у гэтае лайно не лезці. Я катэгарычна не згодны з Расеяй, бо яна правакуе беспарадкі ва Украіне, і падводзіць менавіта да грамадзянскай вайны, пра што сказаў генерал. Аднекуль “Правы сектар” з’явіўся, прарасейскія рухі і г.д. Тут канкрэтна правакацыя ідзе з боку Расеі, яна падпітвае фінансава пэўныя катэгорыі людзей, закідвае сваіх пераапранутых армейцаў ці з боку міліцыі, то бок маладых людей.

Валер Фралоў: Таксама як той бок займаецца з іншага боку, геапалітычная барацьба, я гэта бачыў у Вільні сваімі вачыма, на маіх вачах усё адбывалася ў свой час.

Аляксандр Камароўскі: Гэта антымаральна з боку Расеі, як і захват Крыма. Навошта правакаваць у брацкай краіне, яны ж перыядычна паўтараюць па тэлеканалах і ў іншых сродках інфармацыі, што браты. Якія ж гэта браты, калі вы правакуеце грамадзянскую вайну ў дзяржаве. Калі вы браты, то плячо падстаўце. Новую ўладу не прызнаюць, патрабуюць нейкі рэферэндум, федэрацыю, новую Канстытуцыю. Ды якая вашая справа? Гэта ўмяшальніцтва ў справы суверэннай дзяржавы, тым больш брацкай краіны, дзе мы стагоддзямі разам жылі – Беларусь, Расея і Украіна. Чаго вы ўмешваецеся? У вас не хапае праблемаў у Расеі? У гэтым канфлікце я на баку Украіны і асуджаю Расею.

Праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Юрась Ляшчынскі, удзельнік арганізацыйнага камітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі, старшыня аргкамітэта, палітык Валер Фралоў, журналіст Беларускага Радыё Рацыя Зміцер Косцін.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме