11:01 12.07.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

«Шматмоўная» фізіка (Каментар А. Сідарэвіча)








У Гродне падрыхтавалі да друку руска-беларуска-нямецка-англійскі фізічны слоўнік.

Спецыяльныя перакладныя слоўнікі для Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не ў навіну. У 1999 годзе тут выдалі руска-беларускі фізічны слоўнік, які актыўна выкарыстоўваецца ў навучальнай рабоце, перакладчыцкай дзейнасці і ў выдавецтвах. А нядаўна падрыхтавалі да друку яго новы, дапрацаваны варыянт — чатырохмоўны руска-беларуска-нямецка-англійскі фізічны слоўнік. Ствараў гэты слоўнік гурт з васьмі навукоўцаў на чале з кіраўніком аўтарскага калектыву, доктарам філалагічных навук, прафесарам Паўлам СЦЯЦКО. Навуковы рэдактар — доктар фізіка-матэматычных навук, дырэктар Міжнароднага экалагічнага інстытута імя Д. Сахарава Сяргей МАСКЕВІЧ.

Па­вел Сцяц­ко і Ва­лян­цін Аскір­ка.

Па­вел Сцяц­ко і Ва­лян­цін Аскір­ка.

Многія чытачы «Звязды» добра ведаюць нашага слыннага навуказнаўца, захавальніка чысціні роднага слова Паўла Сцяцко. У яго творчай скарбонцы больш за 600 кніг і артыкулаў, а гэты слоўнік у Паўла Уладзіміравіча ўжо дванаццаты.

— Гэта ўнікальнае выданне, якое змяшчае каля 20 тысяч тэрмінаў з розных раздзелаў фізікі, а таксама сумежных навук — астрафізікі, біяфізікі, хіміі, матэматыкі, электратэхнікі, электронікі і іншых, — кажа Павел Сцяцко. — З матэрыялаў слоўніка чытачы даведаюцца пра адпаведнікі беларускіх слоў у самай актыўнай і пашыранай у інтэрнэце сусветнай мове — англійскай, а таксама нямецкай, якая звязвае Беларусь з нямецкамоўнымі краінамі — Германіяй, Даніяй, Нарвегіяй, Швецыяй і іншымі. Ну і, зразумела, тут і адпаведнікі да беларускіх тэрмінаў — словы з рускай мовы. А ў дадатку падаюцца звесткі пра фізікаў — лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.

— На каго гэты слоўнік разлічаны?

— Рэкамендуем яго студэнтам, аспірантам, выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцам ліцэяў, каледжаў, гімназій, вучням і настаўнікам агульнаадукацыйных школ, спецыялістам розных галін навукі і тэхнікі, перакладчыкам фізічнай літаратуры. Шмат карыснага ў гэтым даведніку знойдуць і аматары роднага слова, работнікі выдавецтваў, перыядычнага друку. Упэўнены, слоўнік варты таго, каб быць у кожнай навучальнай установе, у кожнай бібліятэцы.

Адзін з аўтараў слоўніка Валянцін АСКІРКА ўжо 15 гадоў выкладае студэнтам-купалаўцам фізіку на беларускай мове і на падставе ўласнага вопыту робіць выснову, што ніякіх праблем тут не існуе. Тым больш што ў фізічнай тэрміналогіі вельмі шмат інтэрнацыянальных слоў.

— Я выкарыстоўваю сваё права на выкладанне прадмета па-беларуску. Таксама на беларускай мове размаўляю са студэнтамі на перапынку, дасылаю ім заданні па электроннай пошце. Але пры гэтым не абмяжоўваю студэнтаў у мове зносін са мной. Гэта можа быць і руская, і беларуская мова. Таксама свабодна валодаю польскай і англійскай мовамі, — кажа Валянцін Аскірка. — Раблю ў кантактах са студэнтамі такую моўную платформу, што яна перастае быць нейкай выключна нацыянальнай, а становіцца, так бы мовіць, мультылінгвістычнай, мультыкультурнай.

І яшчэ не пачуў ніводнага водгуку ад студэнтаў і ўжо выпускнікоў універсітэта, што беларуская мова камусьці перашкаджала ў разуменні фізікі.

— А ці не ўзнікае моўнага дыскамфорту ў замежных студэнтаў?

— Калі з фізікай добра ці дрэнна, то гэта не залежыць ад мовы выкладання прадмета, яна не з'яўляецца нейкай перашкодай. Хаця разумею, што для некаторых пэўны стрэс ёсць. У нас на факультэце вучацца туркменскія студэнты, і мне на занятках часта даводзіцца перакладаць для іх з беларускай мовы на рускую. Заўсёды патлумачу, што незразумела. Да таго ж, па сваёй ініцыятыве я раз на тыдзень праводжу дадатковыя заняткі на рускай мове. Дарэчы, на апошняй сесіі два туркмены, з якімі я праводзіў заняткі па-беларуску і раз у тыдзень — дадаткова па-руску, з першага разу паспяхова здалі экзамен.

Павел Сцяцко спадзяецца, што новы слоўнік паслужыць міжмоўнай камунікацыі і разам з тым папулярызацыі, пашырэнню прасторы карыстання роднай мовай. У бліжэйшых планах выданне і іншых кніг, якія падрыхтаваў Павел Уладзіміравіч: манаграфіі «Антрапонімы Беларусі» і, у суаўтарстве, «Слоўніка прозвішчаў Гродзеншчыны».

«За высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны ўклад у развіццё і памнажэнне духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа» Павел Сцяцко ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А нядаўна Павел Уладзіміравіч уганараваны медалём «За заслугі перад Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы». Віншуем!

Барыс ПРАКОПЧЫК

* * *

ВАЛЯНЦІН АСКІРКА ПАПРАЦАВАЎ

У мяне бывае так, што няма часу чытаць газеты, і тады іх назбірваецца за цэлы тыдзень немалы стос: “Звязда”, “Народная Воля”, “Наша Ніва”, “Наша Слова”, “Новы Час” і “Ганцавіцкі Час”.

Сёння ўранку праглядваю “Звязду” за мінулы тыдзень. Што чытаю, што прапускаю. І так даходжу да суботняга нумара, нумара за 9 ліпеня. На сёмай старонцы бачу фотаздымак, а на ім – знаёмы твар. Пад здымкам подпіс: Павел СЦЯЦКО і Валянцін АСКІРКА.

Прафесара філалогіі Паўла Сцяцко ведаю завочна. Валянціна Аскірку ведаю асабіста і даўно. Разгледзеўшы фота, чытаю загаловак публікацыі: “Шматмоўная” фізіка””. І падзагаловак: “У Гродне падрыхтавалі да друку руска-беларуска-нямецка-англійскі фізічны слоўнік”.

Вось табе і на! Аскірка, як сапраўдны партызан-падпольшчык, ніколі не заікнуўся пра такі слоўнік.

З публікацыі даведваюся, што слоўнік падрыхтаваў творчы калектыў з васьмі навукоўцаў і што прафесар Сцяцко – кіраўнік гэтага калектыву, а Валянцін Аскірка – адзін з аўтараў слоўніка. З імі і гутарыць карэспандэнт “Звязды”.

Прыемна, што ні кажы, калі твой партыйны таварыш нешта робіць на ніве культуры. І вельмі прыемна, калі гэты даробак увасабляецца ў творы, у тэксты, у кнігі. Як тут не згадаць дзеячаў БСГ і старой БСДП, якія пісалі буквары, граматыкі, слоўнікі, падручнікі? І палітыкай займаліся, і інтэлектуаламі былі.

Дарэчы, пра палітыку. Пасля таго, як на выбарах 2000 і 2001 гг. была апрабавана новая методыка працы ўчастковых выбарчых камісій і падліку галасоў, у 2004 г. падчас выбараў у “палатку” праўладныя кандыдаты прайшлі усюды ўжо ў першым туры. І толькі ў Горадне і Наваполацку здарыўся збой.

Не ведаю, як тое было ў Наваполацку, а ў Горадне кандыдатам у дэпутаты быў Валянцін Аскірка, і менавіта ў ягонай акрузе здарыўся збой. І здарыўся ён таму, што працавала дружная каманда, а кансультаваў яе Аляксандр Прудзіла, наш партыйны таварыш, дацэнт, загадчык кафедры агульнай пісхалогіі у медыцынскім універсітэце Аляксандр Прудзіла. На методыку мадам Ярмошынай была выпрацавана свая методыка. І ўладзе давялося праводзіць дадатковыя выбары. І тая ж улада прадпісала, каб кандыдатам у акрузе стаў загадчык кафедры, на якой працуе Валянцін Аскірка.

Гэты загадчык кафедры – доктар фізіка-матыматычных навук Сяргей Маскевіч – нечакана для сябе зрабіў уражальную кар’еру: прабыўшы два тэрміны ў “палатцы”, стаў міністрам адукацыі.

Даўнія палітычныя падзеі і прафесара Маскевіча, які працуе цяпер дырэктарам у Міжнародным экалагічным інстытуце імя Сахарава, я згадваю таму, што гэты фізік стаў навуковым рэдактарам руска-беларуска-нямецка-англійскага фізічнага слоўніка, у складанні якога ўдзельнічаў міжнародны сакратар БСДП Валянцін Аскірка.

Анатоль Сідарэвіч
12 ліпеня 2016 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме