00:33 20.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

САЛЯНА — У МЕНСК, ЛУКАШЭНКА — У ПРАГУ?

Ці стане вынікам візыту Хавіера Саляны ў Менск запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт Эўразьвязу ў Прагу? Наколькі прывабнай для беларускага кіраўніцтва можа быць праграма “Ўсходняе партнэрства”, у чым яе плюсы і мінусы для афіцыйнага Менску?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць дырэктар праграмаў “Расея — Эўразія” Нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі і беларускі палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту .

Цыганкоў: “Падчас сустрэчы з Хавіерам Салянам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выступае за разьвіцьцё супрацоўніцтва з ЭЗ, аднак выказаў просьбу, каб «у нашых стасунках мы пастараліся выключыць усіх пасярэднікаў як унутры краіны, так і за яе межамі». Безумоўна, беларускі кіраўнік меў на ўвазе найперш беларускую апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць, якую Эўропа жадае бачыць уключанай у дыялёг. Наколькі сур’ёзны канфлікт паміж гэтымі падыходамі?”
“Калі Лукашэнку не запросяць у Прагу, дыялёг павісьне ў паветры”

Рар: “Я думаю, што дыялёг павінен весьціся з усімі, ня толькі са спадаром Лукашэнкам. Спадар Лукашэнка як прэзыдэнт Беларусі вядзе афіцыйныя перамовы, але ў той самы час, я мяркую, грамадзянская супольнасьць, няўрадавыя арганізацыі, эканамічныя зьвязы павінны весьці дыялёг на сваім узроўні з эўрапейскімі структурамі дзеля збліжэньня. Манаполію тут вышэйшая палітыка не павінна мець.

Іншая рэч — Лукашэнка недзе мае рацыю, бо на вышэйшым палітычным узроўні ён мусіць наўпрост гаварыць з Брусэлем альбо з Прагай. Лічу, што галоўным вынікам візыту Хавіера Саляны ў Менск будзе тое, ці запросяць Лукашэнку на саміт Эўразьвязу альбо не. Я зыходжу з таго, што Лукашэнка атрымае гэтае запрашэньне пасьля таго, як Саляна вернецца зь Беларусі і зразумее, што Беларусь шукае новыя шляхі прасоўваньня ў Эўропу. У адваротным выпадку такога запрашэньня ня будзе, і тады дыялёг паміж Менскам і Эўропай павісьне ў паветры“.

Цыганкоў: “Дзяніс, на вашу думку, як можа супадаць стратэгічна рознае бачаньне дыялёгу з боку Эўропы і беларускага кіраўніцтва? Афіцыйны Менск хоча гаварыць толькі пра „прагматычныя“ пытаньні, Эўропа хоча ўключаць у размову таксама апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць і хоча гаварыць пра каштоўнасьці…”
“Афіцыйная Беларусь і Эўразьвяз зацікаўленыя ў прагматычным дыялёгу”

Мельянцоў: “Насамрэч гэта ніяк ня можа супадаць. Таму будзе весьціся гаворка пра разумны кампраміс, пра збліжэньне пазыцыяў беларускага ўраду і эўрапейцаў.

Таксама я б адназначна не сьцьвярджаў, што эўрапейскі бок гатовы казаць толькі пра каштоўнасьці. Справа ў тым, што сама нармалізацыя стасункаў пачалася не з каштоўнасных рэчаў. Проста Эўразьвяз пабачыў, што тыя санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць Беларусі, ня мелі ніякага плёну. Да таго ж Брусэль сам быў зацікаўлены ў нармалізацыі стасункаў зь Менскам, у тым ліку ў прагматычных рэчах, такіх, як энэргетыка, эканоміка.

Калі прадстаўнікі ЭЗ кажуць пра тое, што беларускую апазыцыю таксама варта пасадзіць за стол перамоваў, што трэба ўлічваць і палітычныя правы — то гэта хутчэй спосаб ня страціць твару ў гэтых перамовах. Супольная пляцоўка ёсьць — і афіцыйная Беларусь, і Эўразьвяз зацікаўленыя ў прагматычным дыялёгу. Будуць, вядома, праводзіцца і каштоўнасныя рэчы — але я ня думаю, што ім будзе нададзеная галоўная роля“.

Цыганкоў: “Чаму пачасьціліся візыты высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў у Менск? Што мае Эўропа прапанаваць Беларусі і як на гэтыя прапановы можа адрэагаваць афіцыйны Менск?”
“Эўропа баіцца Расеі, таму ўзялася за Беларусь”

Рар: “Зараз Эўразьвяз вылучае сваю новую праграму «Ўсходняе партнэрства» з такімі краінамі як Украіна, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан. Туды, у гэтую праграму, нечакана для некаторых была ўключана Беларусь. Я мяркую, гэта зьвязана найперш з тым, што некаторыя краіны Эўразьвязу не на жарт спалохаліся, што Расея захоча аднавіць сваю імпэрыю. Маўляў, тое, што адбылося ў Грузіі, лёгка можа адбыцца і ў Крыме, альбо, скажам, у Беларусі. Пытаньне пра тое, што Расея зноў можа пагражаць Эўропе, стала на парадак дня шмат якіх аналітычных службаў.

Таму ўзяліся і за Беларусь. У Эўропе лічаць, што калі ўдасца ўгаварыць Беларусь наблізіцца да Эўропы і не аб’ядноўвацца з Расеяй у нейкую саюзную дзяржаву альбо ваенны зьвяз, то нейкім чынам можна будзе сытуацыю стабілізаваць і збалянсаваць.

Акрамя таго, Лукашэнка адкрыта заявіў, што хоча праводзіць прыватызацыю ў краіне — і ня толькі з расейскім, але і з заходнім капіталам. Гэта таксама заахвоціла ўплывовыя бізнэс-колы ў Эўропе накіраваць свае погляды на Беларусь — таму зьявіўся і вельмі канкрэтны эканамічны інтарэс“.

Цыганкоў: “Ці можна зразумець ваш камэнтар такім чынам, што дыялёг Беларусі з Эўразьвязам нясе нейкае антырасейскае адценьне? Але нават сам Лукашэнка заяўляе, што тут няма нічога небясьпечнага для Масквы…”
“Усходняе партнэрства” — антырасейскі праект?

Рар: “Я думаю, што на самой справе Беларусь павінна імкнуцца ў Эўропу. Проста Беларусь прыпазьнілася на гэтым шляху, і ў гэтым сэнсе тут усё ў парадку. Але калі вы ўважліва паглядзіце праграму «Ўсходняга партнэрства», якую распрацавалі швэды і палякі і якая цалкам падтрымліваецца цяпер чэскім старшынствам ЭЗ, то там вы ўбачыце пэўныя знакі. Ва ўсякім разе, так можна інтэрпрэтаваць гэтую праграму — як спробу выбудаваць стратэгічнае супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі з такімі краінамі, як Беларусь і Ўкраіна, неяк асьцерагаючыся расейскага імпэрыялізму. Там ёсьць ноткі асьцярожнага стаўленьня да Расеі.

Таму трэба паглядзець, як гэтая праграма будзе разьвівацца, і зрабіць аналіз пасьля таго, як яна будзе прадстаўлена на наступным саміце Эўразьвязу ў Празе ў траўні. Яшчэ шмат часу, і калі паміж ЗША і Расеяй адбудзецца стратэгічнае збліжэньне, то гэтая праграма ня будзе мець антырасейскіх нотак. У іншым выпадку яна можа стаць буфэрам супраць новага адраджэньня ўплыву Расеі ў Эўропе“.

Цыганкоў: “Дзяніс, ці сапраўдны ёсьць падставы назваць праграму «Ўсходняе партнэрства» антырасейскай? Наколькі прывабнай яна можа стаць для беларускага кіраўніцтва, у чым тут плюсы і мінусы для афіцыйнага Менску?”
Выглядае, што Беларусь будзе прынятая ва “Ўсходняе партнэрства”

Мельянцоў: “Калі казаць пра саму польска-швэдзкую ініцыятыву, з чаго ўсё пачыналася, дык там чырвонай ніткай праходзіла пэўная антырасейскасьць. Нават у самім дакумэнце было наўпрост сказана пра геапалітычную зацікаўленасьць у тым, каб адцягнуць краіны, для якіх уводзіцца гэтая праграма, ад Расеі. І паспрыяць іхняй бясьпецы.

Адначасова гэтая ініцыятыва дае шмат выгодаў для Беларусі — фінансавыя, розныя тэхнічныя праекты. Спрыяльна для Менску і тое, што падчас распрацоўкі гэтай праграмы былі кансультацыі і зь беларускім бокам.

Што да адмоўных момантаў для афіцыйнага Менску — дык гэта найперш тое, што ўлады павінны пайсьці на пэўныя палітычныя саступкі. Бо адна з умоваў далучэньня да «Ўсходняга партнэрства» — палітычная лібэралізацыя ўнутры краіны.

На сёньня выглядае, што Беларусь, найхутчэй, будзе прынятая ў гэтую праграму. А далей ужо ад Менску будзе залежаць, наколькі моцна ён будзе ўключаны ў праграму. Бо найбольш далёкія стратэгічныя часткі гэтай ініцыятывы — у наданьні статусу асацыяванага сябра ЭЗ. Але ўдзельнікі праграмы павінны будуць адаптаваць сваё заканадаўства да ЭЗ і прызнаць вяршэнства Эўрапейскага суду. На сёньня гэта вельмі далёкая пэрспэктыва і для цяперашніх уладаў Беларусі ня вельмі прывабная”.
19.02.2009 19:31  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме