00:30 27.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Сідарэвіч: Новы ўрад будзе адстойваць і абараняць правы польскай меншасьці ў Беларусі

Парлямэнцкія выбары ў суседняй для Беларусі Польшчы скончыліся пераканаўчай перамогай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» экс-прэм’ера Яраслава Качыньскага. Кіроўная дагэтуль лібэральная партыя «Грамадзянская плятформа» перадасьць уладу кансэрватарам. Як зьмена ўлады ў Польшчы можа адбіцца на беларуска-польскіх дачыненьнях?

«Прэзыдэнт Дуда і новы ўрад добра падумаюць над тым, як выбудаваць сваю палітыку адносна Беларусі», — упэўнены гісторык Анатоль Сідарэвіч:

«Само сабой зразумела, што гэты ўрад запатрабуе ад Масквы ўсёй поўнай інфармацыі наконт авіякатастрофы пад Смаленскам. Гэта ня можа не прывесьці да пагаршэньня польска-расейскіх дачыненьняў. Зразумела, што яшчэ ня зьнікла і рэха Катыні. Ёсьць і многія іншыя балючыя праблемы паміж Варшавай і Масквой.

І ў гэтай сытуацыі ёсьць урад Беларусі, ёсьць афіцыйны Менск, які прысмактаўся да расейскай цыцкі. Прабачце мне такі выраз, але ён вельмі дакладны. Палякам трэба зрабіць так, каб не пагоршыць адносіны зь Беларусьсю. І пры гэтым не пайсьці на вялікія саступкі ўраду Беларусі ў тым, што тычыцца правоў і свабод чалавека.

І яшчэ — гэты ўрад будзе адстойваць і абараняць правы польскай меншасьці ў Беларусі, пра што я дакладна ведаю. Калі польскія ўлады пры Туску і Камароўскім неяк зьнівэлявалі гэтае пытаньне, то кансэрватары гэтае пытаньне зноў актуалізуюць. І тут усё будзе залежаць ад пазыцыі афіцыйнага Менску — ці будзе ён паважаць правы польскай меншасьці? Зразумела, я маю на ўвазе перасьлед неафіцыйнага Саюзу палякаў».

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме