16:30 23.10.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Пра вылучэньне Міколы Статкевіча

Прапанова Ўладзімера Някляева вылучыць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на выбары 2015 году Міколу Статкевіча — добры спосаб ухіліцца ад вырашэньня праблемаў, якія цяпер падаюцца невырашальнымі.

Часта гаворыцца, што выбараў у Беларусі няма. Ня буду нават працягваць даўнюю спрэчку пра гістарычы досьвед «нявыбараў», якія шмат дзе і калі рабіліся выбарамі і нават пераможнымі. Але калі сытуацыя ў краіне праз год будзе прыкладна такой самай, як цяпер, апазыцыя можа толькі парадавацца таму, што выбараў няма. Перавага Аляксандра Лукашэнкі цяпер настолькі пераканаўчая, ідэйны крызіс апазыцыі настолькі глыбокі, што дзейны кіраўнік дзяржавы, калі б выбары адбыліся заўтра, атрымаў бы на іх пераканаўчую перамогу без усялякіх фальсыфікацый.

Вылучэньне Міколы Статкевіча карыснае яшчэ і тым, што вырашае праблему адзінага. Дзе лепш сустрэцца людзям, якія згубілі адзін аднаго ў велізарным унівэрмагу? Ва ўнікальным месцы, скажам, каля службы інфармацыі, калі яна адна на ўсю краму. І тут мае большае значэньне менавіта ўнікальнасьць месца. Так і ў выбарах адзінага: рэйтынгі, папулярнасьць — матэрыі няпэўныя і неадназначныя. Між тым толькі Статкевіч з усіх магчымых кандыдатаў цяпер застаецца за кратамі. Толькі ён. Паўтаруся, справа ня ў тым, што гэтае яго ўвязьненьне азначае большую папулярнасьць, аўтарытэт і іншыя якасьці, якія спрыяюць электаральнаму посьпеху. Проста Статкевіч — палітвязень, а ўсе астатнія — не.

Вылучэньне менавіта такога кандыдата менавіта на такой падставе робіць праблему палітвязьняў тэмай выбарчай кампаніі. Тэма для ўлады ня надта зручная. Гэтым перавагі такога выбару бадай што і вычэрпваюцца.

Вылучэньне кандыдатам Міколы Статкевіча фактычна ператварае ўдзел у выбарах у байкот, ці ў віртуальную кампанію, кшталту «выбараў», наладжаных Віктарам Ганчаром у 1999 годзе. Быў і ёсьць прывідны шанец, што Лукашэнка павядзецца на спартовы азарт, на «слабо». Ён гаварыў, што Статкевіч яму ніякі не канкурэнт. Ну а даказаць?

Аднак шанец насамрэч прывідны. Становішча дзейнага кіраўніка дзяржавы не настолькі кепскае, каб нешта некаму даказваць «пацанскімі» паводзінамі. Лідзія Ярмошына ў інтэрвію Свабодзе ўжо абазначыла лінію, якой хутчэй за ўсё будзе прытрымлівацца ўлада — стаяць у гэтым пытаньні на гранітным падмурку закону. Паводле статусу Статкевіч ня мае права вылучацца, ня будзе зарэгістраваная нават ініцыятыўная група па зборы подпісаў у яго падтрымку. Кропка.

І хто, які ціск можа зьмяніць гэтае рашэньне? Захад? Захад цяпер думае над тым, каб памірыцца з Лукашэнкам. Патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў застаецца, але патрабаваньне вызваліць канкрэтна Статкевіча пад выбары для ўдзелу ў іх — такое цяжка было сабе ўявіць нават у значна больш спакойнай міжнароднай сытуацыі.

Грамадзтва? Ну калі б грамадзтва было здольнае прымусіць уладу пайсьці на парушэньне фармальнай літары закону, гэта было б іншае грамадзтва і іншая краіна. Пры ўсёй павазе да Міколы Статкевіча ўсё ж варта сказаць, што ён — ня Нэльсан Мандэла. Мандэла быў для чорнага насельніцтва ПАР прызнаным адзіным лідэрам не таму, што доўга сядзеў у турме, і не таму, што нейкія апазыцыйныя паліттэхнолягі прапанавалі зрабіць яго такім. Быў — таму што быў. Чаму людзі бываюць лідэрамі?

Дык вось Статкевіч такім не зьяўляецца, на жаль. Паводле сацыялягічных апытаньняў ягоны прэзыдэнцкі рэйтынг ніжэйшы, чым рэйтынг Уладзімера Някляева, хаця і ў апошняга ён у межах 5-7%. І гэта мае цалкам практычны вынік. Людзі яшчэ, можа быць, неяк паварушыліся б, калі б размова ішла пра вылучэньне асобы, чыё лідэрства бясспрэчнае. Пад людзьмі ў дадзеным выпадку разумеюцца дзясяткі, а можа і сотні тысяч беларусаў. Людзі ня будуць варушыцца дзеля прыгожай схемы, дзеля чалавека, ім у прынцыпе сымпатычнага, але якога яны зусім не разглядаюць як «свайго» прэзыдэнта.

Дык вось — улада не рэгіструе ініцыятыўную групу Статкевіча. І што далей? Насуперак нерэгістрацыі ладзіцца збор подпісаў у падтрымку ягонай кандыдатуры? Ну, у Беларусі ёсьць вялікі досьвед такіх нефармальных, «нелегітымных» паводле Ярмошынай, кампаній. «Народны рэфэрэндум» за некалькі месяцаў сабраў 50 тысяч, і гэта вялікае дасягненьне. Пры гэтым мэту «Народнага рэфэрэндуму» можна хоць неяк уцямна сфармуляваць для звычайнага чалавека. Як сфармуляваць натхняльную мэту збору подпісаў за кандыдата, які гарантавана ня будзе зарэгістраваны?

Не, я разумею, што калі за месяц, выдзелены на збор подпісаў падчас выбараў, за Статкевіча ў нефармальным парадку будзе сабраны мільён подпісаў, гэта стане моцным фактарам палітычнага працэсу незалежна ад ягонай рэгістрацыі. Толькі ня будзе гэтага. Хаця б з прычыны таго, што не для многіх Статкевіч — «наш прэзыдэнт». Ну і досьвед, досьвед. Нават за рэфэрэндум аб роспуску Вярхоўнага Савету ў 1992 годзе сабралі (з санкцыі Цэнтарвыбаркаму, дарэчы) 450 тысячаў. Дык гэта яшчэ той, легендарны адзіны БНФ, у той сытуацыі грамадзкага пад’ёму. А лічба, скажам, на 100 тысяч асаблівым фактарам ня стане.

Праўда, гэта можа мець значэньне ў сваёй, так бы мовіць, «лізе», калі збор подпісаў стане не вызначэньнем кандыдата ў прэзыдэнты, а вызначэньнем лідэра апазыцыі, спробай усё ж зрабіць з палітвязьня Нэльсана Мандэлу. Ня раз даводзілася пісаць, што гэта — хіба не адзіная разумная і дасягальная мэта ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў сучасных беларускіх умовах.

Але тут ужо пытаньне як да апазыцыі, гэтак і для грамадзтва. Прапанаваць кандыдатуру Статкевіча ў якасьці адзінага на выбары 2015 году — прыгожая ідэя, асабліва калі фактычна яна азначае пісьменна аформлены байкот. Вырашыць, адно на падставе ўвязьненьня Статкевіча, што ён — адзіны лідэр апазыцыі і на выбары, і пасьля іх, мне так здаецца, што мала хто з апазыцыянэраў на гэта пагодзіцца. А што да грамадзтва, то варта прыгадаць, што ва Ўкраіне падчас Эўрамайдану вызваленьне Цімашэнкі зусім не было ні галоўным матывам пратэстаў, ні галоўным патрабаваньнем пратэстоўцаў. Дый пасьля перамогі і вызваленьня яна ня стала галоўным кумірам украінцаў.

Ну і ўлада, зразумела, ня будзе спаць у шапку. І ня толькі ў тым сэнсе, што яна будзе перашкаджаць «нелегітымнаму» збору подпісаў за палітвязьня. Але і будзе тлумачыць публіцы, грамадзтву, што вылучэньне Статкевіча апазыцыяй — проста спроба «ўцячы з рынгу», ухіліцца ад спаборніцтва праектаў будучыні Беларусі. Бо сказаць няма чаго — будзе даводзіць афіцыйная прапаганда. І па шчырасьці ў гэтым выпадку яна ня будзе пазбаўленая пэўнай рацыі.

Да таго ж ад пачатку віртуальны характар кампаніі Статкевіча вельмі ўзмоцніць спакусу ў многіх апазыцыйных палітыкаў паўдзельнічаць у кампаніі рэальнай, хай і з мізэрнымі шанцамі на перамогу. Кампанія Статкевіча — гэта кампанія байкоту. Гэтую ідэю ў Беларусі падтрымлівалі і падтрымліваюць далёка ня ўсе ў беларускай апазыцыі. Таму «адзінасьць» Статкевіча проста не ўтрымаецца, маладыя амбітныя палітыкі, якія не губляюць нічога, а атрымаць могуць прынамсі агульнанацыянальную вядомасьць, проста не пагодзяцца гуляць у гэтую гульню.

Ну, наконт «не губляюць нічога», можа і перабор — 2010 год паказаў, што могуць згубіць удзельнікі кампаніі. Але гэта ў беларускіх умовах — прафэсійная рызыка палітыкаў. Ну і прэзыдэнтамі кандыдаты з другога шэрагу апазыцыі напэўна ня стануць. Але ў першы шэраг дзякуючы выбарам могуць і высунуцца. Чым ня мэта? Прынамсі, сувымерная з маральнай перамогай ад таго, што мы вылучылі Статкевіча, але рэчаіснасьць аказалася занадта недасканалай для такіх дасканалых нас.

Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме