10:30 08.04.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Пасля Крыма ў “патрыётаў” мову адняло









Сёння, калі імперская пагроза з усходу відавочна напалохала і беларускую кіроўную вярхоўку, дзяржаўныя медыі аказаліся практычна бескарыснымі ў справе стварэння незалежніцкага дыскурсу.

Шмат гадоў следам за афіцыйным лідарам яны спраўна дзяўблі пра натаўскую пагрозу, казённа заклікалі мацаваць патрыятызм.

Цяпер жа, калі захоп Крыма паказаў, што рэальна акупацыя ў любы момант можа прыйсці з іншага боку, пад маркай абароны рускамоўных, беларуская дзяржаўная прэса або маўчыць у анучку, або нават расійскай шавіністычнай прапагандзе. Рэдкія цвярозыя галасы патанаюць у гэтай мутнай плыні.

Дзе ж ваш патрыятызм, байцы ідэалагічнага фронту? Дзе вашы палымяныя артыкулы пра падступнага монстра, што падпаўзае да сінявокай Беларусі зусім з іншага боку?

Трапілі як шчупак у нерат

“Тое, што адбываецца ў межах Саюзнай дзяржавы, улады не разглядаюць як пагрозу суверэнітэту Беларусі. Прынамсі, гэта афіцыйная публічная пазіцыя. І дзяржаўныя медыі гэтай пазіцыі прытрымліваюцца”, — адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі.

Што ж у выніку? Дзяржаўныя СМІ сёння рэтранслююць заявы прэзідэнта, якія апошнім часам маюць пераважна характар, даюць публікацыі тых сваіх сталых аўтараў, якім відавочна не пад нос новая ўлада ў Кіеве, затое імпануе захоп Крыма.

Я не заклікаю затыкаць ім рот, але дзе ж іншы ракурс? Дзе адказная дзяржаўных СМІ, па ідэі закліканых мацаваць падмурак беларускага суверэнітэту? Ці маўчанне ў анучку ды падгульванне, вольнае ці міжвольнае, маскоўскай прапагандзе — гэта і ёсць іх рэдакцыйная палітыка ў сітуацыі, калі само кіраўніцтва дзяржавы трапіла са сваёй “братняй інтэграцыяй” як шчупак у нерат?

Без адмашкі — нельга

Недзяржаўныя медыі, наадварот, будуюць цяпер сваю палітыку на драматызацыі тэмы імперскай пагрозы з усходу.

Цэлую нізку артыкулаў пра сённяшні выклік беларускай незалежнасці далі за апошнія тыдні Naviny.by. Гэта ж тэма паводле азначэння ёсць ключавой для “Нашай нівы”. Пра адкрытым тэкстам піша “Наше мнение”. “БелГазета” зрабіла цвіком аднаго з апошніх нумароў падборку публікацый пад шапкай . На жаль, няма магчымасці пералічыць усё адметнае.

Аднак варта зазначыць, што гэта праца ў значнай ступені на сваю традыцыйную аўдыторыю, у якой і так даволі моцныя незалежніцкія настроі. Мільёны ж беларусаў чэрпаюць інфармацыю, меркаванні з расійскіх тэлеканалаў ды айчынных дзяржаўных СМІ. Першыя сеюць насенне вялікадзяржаўнай ідэалогіі, другія ж у пытаннях, якія крымскі крызіс сапраўды рубам паставіў перад Беларуссю, выглядаюць збольшага проста пасіўна, анемічна.

“Гэта традыцыйнае несупадзенне дыскурсаў дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы, — кажа Паўлюк Быкоўскі. — Вось калі б у нас быў цяпер канфлікт з Масквой — гандлёвая вайна ці нешта іншае, то дзяржаўныя СМІ гралі б іншую ролю. Бо яны тут не з’яўляюцца самастойнымі”.

Параліч прапаганды

Сапраўды, сама пастаноўка пытання ў духу, ці варта баяцца нам крымскага сцэнару, у дзяржаўным друку сёння відавочна табуяваная. Што б там ні думалі сабе высокія начальнікі (а халадок між іхных лапатак лёгка ўгадваецца), але раздражняць Крэмль публічным абмеркаваннем “непаліткарэктных”, з гледзішча стратэгічнага хаўрусніцтва, пытанняў Мінск не адважваецца.

Мяркую, пачуццё самазахавання ўсё ж прадыктуе ўладам шэраг захадаў дзеля ціхага адбудоўвання ад Масквы. І не выпадкова Лукашэнка пра неабходнасць узмацняць войска, мадэрнізаваць Су-27, наладзіць выпуск уласных самалётаў, верталётаў ды бронетэхнікі.

Але робіцца гэта пад ранейшую, і нават узмоцненую сервільную рыторыку ў духу: мы з рускімі адзін народ, мы без Масквы чыхнуць сабе не дазволім... Масіў дзяржаўных СМІ, увесь прапагандысцкі апарат аказаліся бяссільнымі, бездапаможнымі ў сітуацыі, калі трэба рэальна даваць адпор імперскаму духу.

Праўладныя тролі дапамогуць як хваробе кашаль

А чым жа жывуць дзяржаўныя ідэолагі? Днямі першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі з трыбуны маладзёвага інтэрнэт-форуму , што кіраваная ім арганізацыя ўзмацніла працу ў інтэрнэце. У прыватнасці, высілкі скіраваны на “фарміраванне ў віртуальнай прасторы пазітыўнага стаўлення да працэсаў, што адбываюцца ў галіне палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця краіны”.

Падыход фенаменальны. Вось ідзе, напрыклад, працэс катастрафічнага змяншэння золатавалютных рэзерваў, толькі за першы квартал амаль што мільярд долараў — цю-цю! І як вы сфармуеце да гэтага “пазітыўнае стаўленне”? Ці на ўсё тое, што не адпавядае прапагандысцкім міфам, ідэолагі прапануюць проста заплюшчыць вочы?

Далей: “…БРСМ узмацніў працу ў сацыяльных сетках, блогасферы, на форумах незалежных інтэрнэт-рэсурсаў… Створана сетка і працуе сістэма аператыўнага рэагавання моладзевых інфармацыйных груп, што аб’ядноўвае болей за 140 чалавек”.

Цікава, што пры гэтым новы сайт , якім хваліцца першы сакратар, — абсалютна мёртвы, без форумаў. То бок, не маючы пораху на стварэнне ўласнага папулярнага кантэнту, БРСМ кідае свой прапагандысцкі спецназ на тое, каб “памеціць” пляцоўкі незалежных рэсурсаў.

Пры гэтым праўладныя тролі (БРСМаўскія ці іншыя, сказаць цяжка) уражваюць не толькі прымітывізмам, але і, як правіла, саўковай прамаскоўскасцю. Сёння яны дэ-факта працуюць супраць беларускай незалежнасці, як і тыя відавочна ўсходнія віртуальныя госці, што таксама інтэнсіўна акучваюць форумы байнэта.

“У беларускага кіроўнага рэжыму няма сапраўднай дзяржаўнай ідэалогіі”, — адзначае Паўлюк Быкоўскі. Створанаму ж эклектычнаму канструкту, дадае эксперт, “у пэўнай ступені сугучная панславісцкая, прарасійская ідэалогія: адзіны рускі народ, падзелены межамі, і гэтак далей. У гэтай парадыгме значнай частцы людзей, што лаяльныя рэжыму, працаваць прасцей”.

Зрэшты, што да асвятлення , то, зазначае Быкоўскі, і для шэрагу недзяржаўных рэсурсаў характэрная аднабокасць: “Тыя факты, якія ідуць уразрэз са стэрэатыпамі аўдыторыі, ёй не паказваюць”.

Называць кошку кошкай, імперыю — імперыяй

У нашых недзяржаўных СМІ сапраўды багата хібаў, пра якія я не аднойчы пісаў на Mediakritika.by. Але пры ўсім пры тым тут, на фоне крымскага крызісу, мы бачым сістэмную перавагу недзяржаўнай прэсы над дзяржаўнай.

У сітуацыі, калі крымская тэма выклікала уладаў, здушаных пятлёй “братняй інтэграцыі”, толькі незалежныя медыі маюць раскошу называць кошку кошкай, а менавіта: шавінізм — шавінізмам, агрэсію — агрэсіяй, анэксію — анэксіяй, імперыю — імперыяй.

Як ні парадаксальна, але менавіта недзяржаўная прэса ў гэтай драматычнай сітуацыі заняла сапраўды дзяржаўніцкую пазіцыю, загаварыўшы на поўны голас пра пагрозу беларускай незалежнасці з боку ўсходняй суседкі.

Казённыя ж патрыёты маўчаць як мыла з’еўшы.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты .

Выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі , палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме