05:46 29.03.2023 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Не жалезнай заслоне паміж грамадзянамі Беларусі і ЕС!

Заява дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі

28 сакавіка 2023 г.

Мы, ніжэйпадпісаўшыяся прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і арганізацый Беларусі,

звяртаемся да лідэраў Еўрапейскага Саюза, а таксама да ўрадаў краін-чальцоў ЕС з заклікам не дапусціць ізаляцыі беларускага грамадства ад дэмакратычнага свету;


заклікаем не прымаць абмежавальных мер у дачыненні да грамадзян Беларусі разам з прыняццем падобных мер у дачыненні да грамадзян Расіі. Беларускае грамадства, у адрозненні ад расійскага, выступае супраць увядзення беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Беларускае грамадства змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, а таксама спрабуе супрацьстаяць фактычнай акупацыі Беларусі пуцінскім рэжымам, які імкнецца атаясаміць беларусаў з расіянамі, што спрыяе ажыццяўленню планаў Пуціна па канчатковай акупацыі нашай краіны;

акцэнтуем ўвагу на тым, што закон “Аб абмежавальных мерах у дачыненні да ваеннай агрэсіі ва Украіне”, які разглядаецца Соймам Літвы, абмяжоўвае беларусаў у праве на перамяшчэнне, магчымасці атрымання віз і легалізацыі ў Літве. Прыняцце гэтага закону будзе яшчэ адным крокам да ўсталявання жалезнай заслоны паміж беларускім грамадствам і дэмакратычным светам;

звяртаем увагу на тое, што падаўляючая большасць беларусаў, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020 г., застаецца ў Беларусі. Дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў былі вымушаны пакінулі краіну і зараз арганізуюць падтрымку дэмакратычнага руха з-за мяжы і выступаюць супраць расійскай ваеннай агрэсіі. Беларускі рэжым не спыняе рэпрэсіі. Кожны дзень ён кідае дзесяткі беларусаў за краты, звальняе з працы, адлічвае з універсітэтаў па палітычных прычынах. Сем'і тысяч палітзняволеных у Беларусі працягваюць існаваць ў цяжкіх матэрыяльных умовах;

перакананыя, што магчымасць свабоднага перамяшчэння, навучання, працы і вядзення бізнеса беларусамі ў краінах ЕС з’яўляецца адзіным эфектыўным сродкам падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі Еўропай;

лічым, што прыняцце Літоўскім Сеймам вышэйназванага закону, а таксама абмежаванні ў выдачы віз з боку Чэхіі, Польшчы і іншых краін стане трагічнай перашкодай у выратаванні беларусаў ад рэпрэсій і будзе ўспрынята беларускім грамадствам як абясцэньванне дэмакратычных памкненняў і антываеннай пазіцыі беларусаў. Такія меры пакінуць беларускую дэмакратычную супольнасць сам насам са сваімі праблемамі, што знізіць патэнцыял барацьбы за дэмакратычныя перамены ў Беларусі;

верым, што салідарнасць з беларускім народам у яго барацьбе за незалежнасць і дэмакратыю з'яўляецца нязменным прынцыпам еўрапейскай палітыкі;

выказваем сваю ўдзячнасць Еўрапейскім краінам і ў тым ліку Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку беларускага дэмакратычнага руху, а таксама дапамогу беларускім палітычным эмігрантам.

Дэмакратычныя палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі падзяляюць заклапочанасць нашых літоўскіх і еўрапейскіх калег, а таксамаі партнёраў праблемай бяспекі і гатовыя да абмеркавання існуючых праблем і выпрацоўкі сумесных рашэнняў.

Віталь Рымашэўскі, Беларускія хрысціянскія дэмакраты

Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

Уладзімір Шанцаў, выконваючы абавязкі старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі

Яўген Вiльскi, выконваючы абавязкi старшынi партыi Народная Грамада

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху “За Свабоду”

Вадзім Саранчукоў, намеснік Старшыні Партыі БНФ

Алег Мяцеліца, Прадстаўнік у Літве "Нашай партыі"

Дзмітрый Кучук, Старшыня Беларускай партыі “Зялёныя”

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме