15:22 12.03.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

НАВОШТА БЕЛАРУСКІМ ДЭПУТАТАМ НЕДАТЫКАЛЬНАСЦЬ

Не так даўно Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі абнародаваў вынікі апытання, якое сведчыць: большасць рэспандэнтаў згодны з меркаваннем, што спрашчэнне парадку прыцягнення дэпутатаў да адказнасці (у тым ліку і крымінальнай) будзе спрыяць больш эфектыўнай барацьбе з карупцыяй. Паводле слоў прадстаўніка Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, “з найбольшым энтузіязмам у падтрымку такой меры выказваліся бізнесмены і прадпрымальнікі”.

Некалькі гадоў таму прэм’ер-міністр Украіны Віктар Януковіч прапаноўваў “адмяніць крымінальную недатыкальнасць дэпутатаў, але захаваць палітычную”.

А што будзе, калі беларускіх народных абраннікаў зрабіць “датыкальнымі”?

Карэспандэнт “Тут і цяпер” пацікавіўся, што думаюць на гэты конт цяперашнія і былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Здановіч: “Калі ласка, надзявайце кайданы…”

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч заявіў нашаму выданню, што асабіста яму недатыкальнасць непатрэбна.
— Асабіста я не аддзяляю сябе ад тых звычайных людзей, якія абралі мяне ў парламент, — гаворыць Уладзімір Мацвеевіч. — І я лічу пустымі размовы пра тое, што дэпутат — гэта нейкі паднябёсны жыхар. У першую чаргу выбраннік павінен адчуваць сябе прадстаўніком народа. А нейкая недатыкальнасць у плане таго, каб не несці адказнасць за свае ўчынкі і дзеянні, якія ажыццяўляеш на пасадзе, — пра гэта не можа быць і размовы!
Шчыра кажучы, мне недатыкальнасць не патрэбна. І калі раптам (крый Божа!) учыню нейкае правапарушэнне — калі ласка, надзявайце кайданы. А калі мяне пазбавяць недатыкальнасці, я гэтага нават і не заўважу.

— Існуе думка, што беларускім дэпутатам недатыкальнасць непатрэбная, бо яны, мякка кажучы, не зусім самастойныя, ім няма чаго баяцца — яны заўсёды на баку ўлады.

— Ёсць такая беларуская прымаўка: няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны. Калі чалавек лічыць, што яго погляды правільныя, ён павінен іх выказваць, пераконваць іншых людзей. І не важна, на якой пасадзе ён знаходзіцца. Пры гэтым варта адзначыць, што недатыкальнасць не з’яўляецца каўпаком, які дазваляе крычаць з трыбуны ўсё што хочаш і не несці за гэта ніякай адказнасці.

— Уладзімір Мацвеевіч, а беларускім дэпутатам хабар прапаноўваюць?

— У маёй практыцы такога не было. Напэўна, спрабуюць падкупіць таго чалавека, каго магчыма падкупіць. Са мной гэты нумар не пройдзе.

Уладзімір Парфяновіч: “У цяперашніх дэпутатаў няпыльная праца і салодкае жыццё…”

Трохразовы алімпійскі чэмпіён, дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Уладзімір Парфяновіч таксама лічыць, што дэпутатаў варта пазбавіць недатыкальнасці.

— Мая пазіцыя вельмі простая: усіх пазбавіць недатыкальнасці, — выказвае сваё меркаванне Парфяновіч. — У цяперашніх прызначаных дэпутатаў і так салодкае жыццё: няпыльная праца, прыстойны заробак, будучая вялікая пенсія. Навошта ім яшчэ і недатыкальнасць? Хаця, быць сапраўдным дэпутатам — вельмі цяжкая праца. Але ў нас сапраўдных дэпутатаў, на маю думку, няма. І калі дэпутат бярэ хабар, то павінен несці за гэта адказнасць.
Дарэчы, я да нядаўняга часу нават не ведаў, хто працуе намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў. Упэўнены, што большасць людзей не ведае прозвішча свайго дэпутата. І я таксама не ў курсе, хто з цяперашніх так званых дэпутатаў па якім-небудзь важным законе прагаласаваў не “за”, а “супраць”. Асабліва цікава будзе, калі на разгляд ППНС прадставяць законапраект аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі...

На мой погляд, дэпутатам у першую чаргу неабходна перапісаць закон аб карупцыі. Трэба, каб адказнасць за карупцыю нёс і прэзідэнт. Мне няма розніцы, хто сёння альбо заўтра кіруе краінай — Лукашэнка, Іваноў альбо Сідараў. Перад законам усе павінны быць роўныя. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі прэзідэнтаў арыштоўваюць — гэта паказчык таго, што закон працуе. А ў нас прэзідэнт можа памілаваць, без дазволу прэзідэнта ніхто не затрымае прэм’ер-міністра ці міністра. І гэта няправільна.

АСАБЛІВАЕ МЕРКАВАННЕ

Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што недатыкальнасць дэпутатам патрэбна.
— Узгадваючы свой дэпутацкі вопыт (я да сярэдзіны 90-х гадоў быў дэпутатам Мінскага гарсавета), мяркую, што недатыкальнасць патрэбна дзеля таго, каб дэпутаты былі больш незалежнымі ад выканаўчай улады.
Што тычыцца сённяшняй сітуацыі, то я нават не ведаю… У нас жа сёння сапраўдных дэпутатаў няма, таму няма пра што і казаць!

ШТО НАПІСАНА Ў ЗАКОНЕ?

У законе аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі напісана: “Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх думак і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Недатыкальнасць дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі распаўсюджваецца таксама на іх жылыя і службовыя памяшканні, асабістыя і службовыя транспартныя сродкі, перапіску, сродкі сувязі і прадметы, якія імі выкарыстоўваюцца і ім належаць.

…На працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць быць арыштаваны, іншым спосабам пазбаўлены асабістай свабоды толькі з папярэдняй згоды дзеючай Палаты прадстаўнікоў за выключэннем выпадкаў здзяйснення дзяржаўнай здрады альбо іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства”.

ТУРЭМНЫЯ УНІВЕРСІТЭТЫ

У 2005 годзе да 7 гадоў пазбаўлення волі асуджаны былы дэпутат ППНС Мікалай Скутаў. Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Сваёй віны Скутаў не прызнаў.
У 2006 годзе за падбухторванне да дачы хабару ў памеры 75 тысяч долараў асуджаны на 5 гадоў былы дэпутат ППНС Генадзь Дылеўскі.
Турэмны вопыт таксама маюць былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, экс-дэпутаты Вярхоўнага савета Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, Валерый Шчукін.

Ігар АНДРЭЕЎ, спецыяльна для svabodaby.net
2009-03-11

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме