00:45 24.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Караткевіч расказала ў Вашынгтоне пра свае планы (дап)













Караткевіч у Вашынгтоне расказала пра свае планы, беларускі дыпламат яе хваліў, а Дзмітрыеў з яго пакепліваў

У Вілсанаўскім цэнтры ў Вашынгтоне былая кандыдатка ў прэзыдэнты Таццяна Караткевіч паўдзельнічала ў сустрэчы з амэрыканскімі экспэртамі. У сустрэчы таксама браў удзел начальнік яе выбарчага штабу Андрэй Дзьмітрыеў і былы пасол ЗША ў Беларусі Кенэт Ялавіц.

На сустрэчы Таццяна Караткевіч расказала пра тое, што яе каманда зьбіраецца рабіць далей:

«Самае галоўнае сёньня для нас — захаваць падтрымку ў грамадзтве нашых ідэяў, якія ёсьць на сёньня, і зрабіць так, каб да 2020 году яна захавалася і мы ўжо не стартавалі з нуля, як у папярэднія кампаніі, а ўжо мелі падтрымку як лідэраў, так і праграмаў.

Першае, што мы будзем працягваць — дыялёг аб тым, якія менавіта перамены нам патрэбныя, бо сёньня ўжо ўлада ваўсю трубіць пра тое, што трэба паважаць, людзей, патрэбныя перамены, патрэбныя рэформы ў эканоміцы. І самае важнае нам тут — узяць у гэтым актыўны ўдзел, даваць зваротную сувязь.

Менавіта таму нашая ідэя на бліжэйшы год — праводзіць агульнанацыянальны форум «За мірныя перамены», дзе мы будзем абмяркоўваць усе гэтыя рэальныя крокі, якія патрэбныя сёньня ў эканоміцы, культуры, адукацыі, мэдыцыне, сацыяльнай падтрымцы, і даводзіць гэта да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў.

І другі крок, які для нас вельмі важны ў найбліжэйшай пэрспэктыве — парлямэнцкая кампанія. Мы бачым, што гэты форум можа дапамагчы стварыць аснову для праграмы нашых прэтэндэнтаў, а таксама будзе разьвіваць наш парадак дня пераменаў. Мы таксама сёньня разумеем, што трэба зрабіць крокі, якія б зрабілі падлік галасоў у парлямэнцкай кампаніі празрыстым».

Былая кандыдатка зазначыла, што, магчыма, тым, хто назірае за Беларусьсю, здаецца, што там нічога не адбываецца. Яна запярэчыла:

«Мы якраз прыехалі сюды расказаць, што нешта адбываецца.

Першае, што я б хацела адзначыць — зьявіўся новы, дастаткова вялікі пласт людзей, які сёньня зацікаўлены ў тым, каб удзельнічаць у палітыцы, зацікаўлены ў тым, каб адбыліся перамены, і менавіта гэтыя людзі натхняюць нас на нашу дзейнасьць.

За гэтую кампанію нам удалося сфармаваць у людзей патрэбу цікавіцца палітыкай, удзельнічаць у прыняцьці рашэньняў».

На сустрэчы прысутнічаў павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у ЗША Павел Шыдлоўскі. Ён узяў слова і пахваліў Тацяну Караткевіч, за тое, што яна правяла сваю кампанію «годна».

«Я вельмі рады, што Таццяна Караткевіч сёння тут з намі, — былы супрацоўнік МЗС Беларусі Валер Кавалеўскі. — На маю думку, яна правяла сваю кампанію з тактам і годнасцю. Яна дадала прыстойнасці і годнасці прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі».

Прафесійны дыпламат з больш чым 20-гадовым стажам, Шыдлоўскі прызнаўся, што ў яго не так добра атрымліваюцца публічныя выступы як у Таццяны Караткевіч і працягнуў свой выступ, чытаючы падрыхтаваны тэкст: «Кандыдаты мелі магчымасць выкарыстоўваць свае ўласныя рэсурсы і ахвяраванні для правядзеньня кампаніі. Свабодны доступ да дзяржаўных СМІ быў прадстаўлены на роўнай аснове без прымянення цэнзуры, што ўдзельнікі выбараў віталі. Самае галоўнае, заключылі назіральнікі, што кампанія і дзень галасавання прайшлі мірна».

«Я думаю, што пасля выбараў пачалася новая эра ў суверэнным развіцці нашай краіны. Я ганаруся адзначыць, што мы на самай справе разарвалі заганнае кола і, у адрозненне ад папярэдніх выбараў, не адбылося калапсу ў адносінах з Захадам пасля выбараў. Магу сказаць з усёй шчырасцю, што будучыня адносін з ЗША ўсяляе надзею. Перад намі адкрываецца шырокае поле магчымасцяў, і мы можам самі фарміраваць будучыню».

«Урад Беларусі і я асабіста будзем рабіць усё ў нашых сілах, каб сталі праўдай словы Таццяны Караткевіч аб аднаўленні паўнавартасных дыпламатычных адносін і амбасады аднавілі працу ў поўным складзе».

Андрэй Дзмітрыеў у адказ на выступ Шыдлоўскага пажартаваў: «Вам варта ўдзельнічаць у выбарах з такой прамовай!» (You should run with this speech)


* * *

«Нам камфортна жыць у свеце «б» — Андрэй Дзмітрыеў адказвае Віталю Цыганкову

З вядомых людзей кандыдата Таццяну Караткевіч падтрымалі хіба што эканаміст Сяргей Чалы і аўтар Стась Карпаў. Журналіст Віталь Цыганкоў , чаму актыўная частка грамадства ўспрыняла кампанію Караткевіч крытычна. Перадусім, людзі не бачылі прыкмет рэальнай барацьбы. Кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў даслаў у «Нашу Ніву» адказ Віталю Цыганкову.

Першае, сацыялістычная праграма — Таццяна кажа пра развіццё прыватнага сектара, пра роўную канкурэнцыю ўсіх формаў уласнасці, пра тое, што трэба спыніць дзяржаўныя датацыі прадпрыемствам. Калі ж вам падаюцца «сацыялістычнымі» базавыя сацыяльныя гарантыі грамадзянам, то запрашаю ў Еўропу, дзе ужо апошнія гадоў трыццаць як мінімум правыя партыі ўключаюць гэта ў свае праграмы як аснову. Таму тут вы не маеце рацыі.

Праграму Таццяны на сучасным ідэалагічным слэнгу можна назваць цэнтрысцкай, сбалансаванай.

Другое, быццам Таццяна не рабіла нічога для вас як для выбаршчыка, а толькі думала пра «пераходны электарат». Спадзяюся, нягледзячы на тое, што вы журналіст незалежнага СМІ, вам таксама важныя пытанні якасці адукацыі, эканамічных рэформаў, павагі дзяржавы да грамадзяніна, выбары мэраў і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў двума.

Але ж было і іншае, Таццяна паўсюль была з бел-чырвона-белым сцягам, хаця шмат раілі прыбраць яго, бо «пужае людзей». Яна казала пра неабходнасць адкрыцця беларускамоўнага ўніверсітэта ў Мінску, а таксама пра тое, што ў Беларусі не патрэбная расейская вайсковая база.

Гэта ўжо дакладна пункты, якія турбуюць вас, як выбаршчыка. Дык чым яна паказала, што вы яе не цікавіце, толькі канкрэтна. Што звярнулася падчас другой прамовы да Сяргея, а не да Віталя?

Што тычыцца «зруйнавання ўлады» ці пасады ва ўладзе. Таццяна ніколі не казала, што прыме. Я вось пакуль вынікам 20 гадоў «руйнавання» бачу толькі, што мы самі ў руінах. І адна з прычынаў для мяне відавочная, нам вельмі часта больш камфортна жыць у свеце «б», а не ў рэчаіснасці.

«А вось калі б прапанавалі?», «А вось калі б павіншавала», «А вось, калі б не падала скаргу», «А вось, калі б абралі адзінага і ім б быў прадстаўнік улады», «А вось, калі б прапусцілі ў парламент», «А вось, калі б…» і так бясконца. Але рашэнні мы прымаем сыходзячы з гэтага «б» тут, на месцы. Дзе ўлада нікому і нічога не прапаноўвае і не збіраецца, дзе прадстаўнкі ўлады едуць працаваць у Маскву і дзе вы, Віталь, не выказалі ніводнага аргумента, які базуецца на фактах. Прымальна для фэйсбук-фрэнда, дзіўна для журналіста. Таму,

калі вы супраць байкоту, але не пайшлі галасаваць, бо трымалі свае пункты ў галаве, то вы памыліліся. Ці змагаемся мы за выінікі? Так. Тым, што працягваем працаваць.

Андрэй Дзмітрыеў

* * *

Чаму беларускі дыплямат пахваліў Тацяну Караткевіч

23.10.2015 19:46

Станоўчая ацэнка выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч кіраўніком беларускай дыпляматычнай місіі ў Вашынгтоне выклікала рэакцыю як у актывістаў апазыцыі, так і ў грамадзкіх арганізацыяў.

У чацьвер ва Ўілсанаўскім цэнтры ў Вашынгтоне былая кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч паўдзельнічала ў сустрэчы з амэрыканскімі экспэртамі і распавяла пра свае далейшыя пляны.

Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у ЗША Павал Шыдлоўскі на сустрэчы :

«Я вельмі рады, што Тацяна Караткевіч сёньня тут з намі. На маю думку, яна правяла сваю кампанію з тактам і годнасьцю. Яна дадала прыстойнасьці і годнасьці прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі».

Некаторыя ўжо пасьпелі заўважыць, што гэта — першая за многія гады (а магчыма, і за больш як два дзесяцігодзьдзі кіраваньня Лукашэнкі) станоўчая ацэнка з вуснаў беларускага дыплямата на адрас палітыка, які залічае сябе да апазыцыі.

Чым патлумачыць такую ацэнку? Ці маюць рацыю тыя, хто казаў пра Тацяну Караткевіч як «праект улады» з мэтай легітымізацыі выбараў, ці гэта — праява імкненьня афіцыйнага Менску палепшыць стасункі са Злучанымі Штатамі і аднавіць у поўным аб’ёме працу беларускай амбасады ў Вашынгтоне? Як можа ўспрыняць такія словы амэрыканскі бок?

Лябедзька: Пахвалу пачуем яшчэ ня раз, а пасьля зьявяцца беларускія Зюганаў і Жырыноўскі

Анатоль ЛябедзькаАнатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька бачыць прычыну спагадлівых словаў з боку беларускага дыплямата на адрас Тацяны Караткевіч у тым, што ўлады імкнуцца падкрэсьліць — зьявілася апазыцыя, якая хоча не мяняць сыстэму, а ўбудоўвацца ў яе:

«У ацэнках такога кшталту я іду не ад прыватнага і дробнага, а ад агульнага аналізу выбарчай кампаніі. Яе адметнасьць у тым, што зафіксаваны падзел сярод прыхільнікаў пераменаў. Большасьць палітычных структураў Беларусі заяўляе, што сыстэму, якая існуе, трэба мяняць. І чым хутчэй гэта адбудзецца, тым здаравейшая будзе краіна. Упершыню зьяўляецца невялікая група апазыцыі, якая лічыць, што ў наяўную сыстэму можна ўбудавацца і, убудаваўшыся, нешта мяняць усярэдзіне. Усё, што цяпер адбываецца, у тым ліку і хвалебныя словы беларускага дыплямата, ідзе з гэтага падзелу. Трэба зафіксаваць яе факт: у апазыцыі розныя стратэгіі. І хоць Тацяна Караткевіч прадстаўляе невялікую частку апазыцыі, гэтая частка мае нейкую крэдытную апазыцыйную гісторыю, якая будзе толькі павялічвацца. Таму такую пахвалу мы пачуем яшчэ ня раз. Ці мае права на існаваньне стратэгія актывістаў Тацяны Караткевіч? Відаць, мае. І на яе таксама ёсьць попыт. Але калі яна будзе разьвівацца і станавіцца трэндам, то падчас наступнай парлямэнцкай кампаніі мы атрымаем тое, што сёньня ёсьць у Расейскай Фэдэрацыі, — беларускага Зюганава і беларускага Жырыноўскага».

Янукевіч: «Улады ня бачаць для сябе ніякай пагрозы ў асобе Тацяны Караткевіч»

Аляксей ЯнукевічАляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч ня думае, што пахвала на адрас Тацяны Караткевіч з боку прадстаўніка афіцыйнага Менску зробіць вялікае ўражаньне на прадстаўнікоў ЗША. Але адзначае, што гэты выпадак будзе падаграваць ілюзіі амэрыканскіх урадоўцаў і аналітыкаў што да магчымасьцяў апазыцыі падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі:

«Такія выказваньні прадстаўніка беларускай дзяржавы ў Вашынгтоне сьведчаць пра тое, што цяперашнія ўлады ня бачаць для сябе ніякай пагрозы ў асобе Тацяны Караткевіч і ў тым, што яна рабіла падчас прэзыдэнцкай кампаніі і што плянуе рабіць у будучыні. Яны ня бачаць ніякага выкліку ці пагрозы, таму візыт Караткевіч у Вашынгтон для іх — зручная і карысная нагода, каб станоўча выказацца пра яе кампанію. Для таго каб адэкватна выглядаць у вачах цывілізаванага сьвету. Я ня думаю, што такія выказваньні, якія прагучалі з вуснаў спадара Шыдлоўскага, зробяць вялікае ўражаньне на прадстаўнікоў як урадавых, так і аналітычных колаў ЗША. Невядома, ці была гэта дамоўленасьць, ці гэта атрымалася стыхійна, але Тацяна Караткевіч і прадстаўнік афіцыйнага Менску падыгралі адно аднаму ў пытаньні захаваньня ілюзіяў у прадстаўнікоў ЗША адносна магчымасьці пазытыўнага выніку на наступных парлямэнцкіх выбарах. Я думаю, што такія ўзаемныя рэвэрансы могуць даваць падставы спадзявацца, што парлямэнцкія выбары адкрыюць нейкае новае акно магчымасьцяў».

Фёдараў: Так беларускія ўлады дамагаюцца прызнаньня сваёй легітымнасьці

Андрэй ФёдараўАндрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае жаданьне беларускіх уладаў атрымаць прызнаньне сваёй легітымнасьці. Такім чынам, на іх думку, пахвала на адрас прадстаўніцы апазыцыі павінна падкрэсьліць, што кампанія па выбарах прэзыдэнта прайшла прыстойна:

«Хутчэй за ўсё, тут можна казаць пра імкненьне афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з ЗША, прадэманстраваўшы добрае стаўленьне да апазыцыянэркі. Беларускім уладам патрэбна прызнаньне легітымнасьці з боку Захаду. Афіцыйна яно не патрэбнае, але вельмі патрэбнае ў маральным пляне. Калі б уладам удалося даказаць, што кампанія вялася дэмакратычна, апанэнты паводзілі сябе прыстойна, гэта магло б паспрыяць прызнаньню легітымнасьці. Вядома, гэта не адзіная ўмова, каб гэта адбылося. Існуе шэраг іншых, у тым ліку высновы БДІПЧ».

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме