21:15 20.11.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Канфэрэнцыя ў сядзібе Партыі БНФ: Палітыка — жаночая справа!









15 лістапада адбылася канфэрэнцыя “Жанчына ў палітычным жыцьці Беларусі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Жаночая сетка “Мара” і Жаночая камісія Партыі БНФ.

Зь вітальнымі словамі да яе ўдзельніц і ўдзельнікаў, якія зьехаліся ў Менск з усёй Беларусі, зьвярнуліся намесьніца старшыні Партыі БНФ, старшыня Жаночай камісіі партыі Вольга Лагвіновіч і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Распачаў канфэрэнцыю (і надалей яе мадэраваў) намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, які падкрэсьліў, што сёньняшняе становішча Беларусі можна ахарактарызаваць як тупіковае, прычым у гэтым тупіку апынуліся як улада, так і апазыцыя. І да гэтага стану краіна дайшла пад кіраўніцтвам палітыкаў, якія культывуюць ня проста “мужчынскі”, а нават “мачысцкі” стыль у палітычнай дзейнасьці. Таму, магчыма, зараз — самы час зьмяніць парадыгму палітычнага жыцьця Беларусі, і выратаваньнем тут можа стаць акурат акцэнт на жаночае лідэрства і на масавы ўдзел жанчынаў у прыняцьці палітычных рашэньняў, у тым ліку на самым высокім узроўні.

Вольга Абрамава,дэпутатка Вярхоўнага Савета і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падзялілася асабістым досьведам працы ў парлямэнце ў 1996 – 2008 гадох. Яна акрэсьліла тыя якасьці, якія вызначаюць пасьпяховасьць жанчыны-палітыка: воля, вера ў перамогу, кураж, аналітычныя і арганізацыйныя здольнасьці.

Асноўнай прычынай для ўцягненьня ў палітыку жанчын, на думку выступоўцы, зьяўляюцца канкрэтныя праблемы, якія жанчыны ня могуць вырашыць іншымі мэтадамі. Таму варта заахвочваць і падтрымліваць любыя дробныя плыні актывізму для далейшага іх аб’яднаньня.

Вольга Абрамава адзначыла таксама станоўчыя (пэрфэкцыянізм, здольнасьць да каманднай працы, патрэба раіцца зь іншымі і нясхільнасьць да гвалтоўных дзеяньняў) і адмоўныя (канфармізм) якасьці жанчынаў, якія фармуюць іх стыль у палітычнай дзейнасьці.

Кіраўніца “Беларускай жаночай лігі” Ніна Стужынская ў сваім выступе сканцэнтравалася на гісторыі жаночай палітычнай актыўнасьці ў Беларусі, абазначыла ролю жанчыны ў пераломных гістарычных падзеях. Асноўная частка ейнага выступу прысьвячалася постаці Палуты Бадуновай, зь якой, паводле Стужынскай, няма каго параўнаць з сучасных жанчын-палітыкаў.

Закранаючы тэму Слуцкага паўстаньня, Ніна Стужынская адзначыла, што больш за 40 жанчынаў прымалі ў ім удзел і былі арыштаваныя, але гісторыкі не надаюць гэтаму ўвагі, аддаючы перавагу змагарам і ахвярам мужчынам. Дакладчыца выказалася таксама наконт выключнай ролі ў палітычных падзеях, у беларусизацыі і беларускім адраджэньні жанчын-вучыцеляк і жанчын-атаманаў.

Кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч у выступе “Прэзыдэнцкія выбары: мой досьвед удзелу” засяродзілася на аналізе кампаніі, якую ацаніла як пасьпяховую.

Паводле Караткевіч, ейныя каманда і прыхільнікі здолелі стварыць мабілізацыйнае ядро і ўвесьці новыя стандарты палітыка ў Беларусі, які блізкія і зрузумелыя грамадзтву. Былая кандыдатка на прэзідэнта падкрэсьліла, што пераканалася на асабістым досьведзе: жаночая салідарнасьць існуе. Перадумовы посьпеху, на думку выступоўцы, у тым, што розныя партыі дзеля агульнай справы “прыспусьцілі свае сьцягі”. Напачатку кампаніі ў грамадзтве было шмат скептысу адносна жанчыны-кандыдаткі, адчуваньня непадрыхтаванасьці да жанчыны-лідэркі. Але ў выніку кампаніі настроі зьмяніліся. Прэзыдэнцкія выбары 2015 году “разгайдалі” гендэрныя стэрэатыпы, нягледзячы на правакацыйныя выказваньні прадстаўнікоў улады.

Старшыня Беларускай партыі жанчын “Надзея” Алена Яськова выступіла з дакладам: “Беларуская партыя жанчын “Надзея”: гісторыя станаўленьня і сучасны стан”. Выступоўца распавяла пра этапы стварэньня партыі, а таксама пра тое, што партыйную структуру ўдалося захаваць, нават нягледзячы на яе ліквідацыю ў 2007 годзе.

Цяпер Партыя абапіраецца на свабодныя прафсаюзы, асабліва важным партнэрам для яе зьяўляецца жаночая сетка прафсаюзу “Беларуськалія”, якая налічвае да 3 тысячаў сябровак. У супрацоўніцтве з АГП і партыяй “Справядлівы сьвет” партыя “Надзея” удзельнічала ў распрацоўцы закону “Аб роўных правах і роўных магчымасьцях”.

Валянціна Болбат, каардынатарка віцебскай абласной групы “Жанчыны БСДП”, распавяла пра сваю працу ў мясцовых саветах. Выступоўца на асабістым досьведзе пераканалася, што чым болей жанчынаў задзейнічана ў прыняцьці кіраўнічых рашэньняў, тым больш эфэктыўна і ўсеабдымна вырашаюцца сацыяльныя пытаньні ў рэгіёне.

index

Каардынатарка Жаночай сеткі “Мара” Натальля Мотуз заклікала жанчын не ўхіляцца ад актыўнага палітычнага ўдзелу і сьцьвердзіла, што выбарчая кампанія 2015 году, удзел у ёй Тацяны Караткевіч, падрыхтавала глебу для тых жанчын, якія будуць балятавацца ў Палату прадстаўнікоў. Выступоўца распавяла пра пляны “Мары”: падрыхтаваць “жаночую” праграму кандыдаткі, узяўшы за аснову якую, на выбары 2016 году змагла б пайсьці жанчына зь любой палітычнай партыі, грамадзкай арганізацыі.

Пасьля асноўных выступаў адбылася гарачая дыскусія, у якой узялі ўдзел большасьць прысутных. У прыватнасьці, вядомая гендэрная дасьледчыца Ірына Саламаціна вітала актывізацыю палітычных жаночых ініцыятываў у Беларусі і назвала паўстаньне Жаночай сеткі “Мара” найбольш пэрспэктыўным прыкладам такой актыўнасьці. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч палічыў адной з галоўных падставаў для пасьпяховасьці жаночай палітычнай дзейнасьці адмаўленьне ад тэзы наканаванасьці супрацьстаяць мужчынам у гэтай дзейнасьці, ён падкрэсьліў, што да ўзаемнага посьпеху можа весьці толькі партнэрскае стаўленьне паміж жанчынамі і мужчынамі, а ніяк не “барацьба палоў”. Зь цікавым спавешчаньнем пра пачаткі беларускага руху і вялікай ролі, якую згуляла ў іх канкрэтная жанчына, — Юльяна Мэнке, — выступіў кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч. Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Вазьняк заклікаў жанчын-сябровак дэмакратычных партыяў і арганізацыяў больш актыўна ўплываць на сваё кіраўніцтва, каб спыніць, нарэшце, раздрай у беларускім дэмакратычным лягеры.

У якасьці агульнага падсумаваньня прысутныя адзінадушна падтрымалі думку, што Жаночая сетка “Мара” павінна ўзмацняцца і пашырацца, а максымальна актыўны ўдзел жанчын у будучай парлямэнцкай кампаніі 2016 году будзе адпавядаць інтарэсам усяго беларускага грамадзтва.

index.jpg2

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме