16:00 02.10.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ЯНЫ СТАЛІ “ПРЫКЛАДАМ ДЛЯ СВЕТУ”

“Мы сталі прыкладам для свету”, – заявіў прэм’ер-міністр Іспаніі, правадыр Народнай партыі Марыяно Рахой пасля ўчарашніх распраў Грамадзянскай гвардыі з мірнымі жыхарамі Каталоніі.

Паводзіны кіраўніка ўраду МЕНШАСЦІ, кіраўніка ўраду краіны, якая не можа пазбыцца масавага беспрацоўя і целяпаецца на мяжы дэфолту, можна зразумець. Страціць Каталонію – гэта значыць апусціць Іспанію ў яму. Гэта значыць – не мець адкуль высмоктваць сродкі дзеля падтрымкі дэпрэсіўных рэгіёнаў, якім эканамічны геній Рахоя не можа даць іншай рады, як падкорміваць іх коштам Каталоніі.

Рахоя можна зразумець, але нельга апраўдаць. Аслеплены вялікадзяржаўным шавінізмам, гэты кіраўнік, які прадстаўляе МЕНШАСЦЬ, не падумаў, што сказаў. Якім прыкладам стала Іспанія для свету? Што прыкладам пераманентнага крызісу – бясспрэчна. Цяпер жа на прыклад Іспаніі і ўраду “дэмакрата” Рахоя могуць спасылацца дзеячы тыпу Лукашэнкі, распраўляючыся з унутранай апазіцыяй. І калі паўторыцца Крывавая нядзеля, Лукашэнка можа сказаць дзеячам Еўрасаюза і розным там праваабаронцам, як некалі кароль Хуан Карлас сказаў Увэ Чавэсу: заткінецеся. І паглядзіце, што робіць Мадрыд. Вы асудзілі яго?

Уважліва сачу за СМІ. Маўчаць першыя асобы Еўрасаюза. Маўчаць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін, якія ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз.

Цяпер на прыклад Іспаніі, ураду Рахоя могуць спасылацца дзеячы ў Багдадзе, Пекіне, Парыжы і дзе там яшчэ. Ну, Багдад пакінем убаку – у яго мала сілаў, каб задушыць Курдыстан. Але разам з Тэгеранам і Анкарою ды пры падтрымцы Дамаска… І калі “гуманісты” з Бруселя, Лондана, Берліна залемантуюць, то Багдад, Тэгеран, Анкара і Дамаск могуць сказаць ім: заткніцеся, паглядзіце на Мадрыд. Чаму вы маўчалі? А ў нас да таго ж свая нацыянальна-гістарычная спецыфіка: мы без вялікай крыві не можам.

І быць не можа, каб Масква канчаткова прыдушыла татараў, башкіраў, чувашоў, народы Паўночнае Каўказа… І калі ў Расіі дойдзе да новых гвалтаў на этнічнай глебе, Масква можа сказаць еўрапейскім сталіцам: заткніцеся. І ў дадатак нагадаць, як з маўклікавай згоды тае самае Еўропы і Штатаў Расія руйнавала Грозны і прывяла да ўлады Кадыравых, якім цяпер сама плаціць даніну.

А яшчэ ж незалежнасці хочуць уйгуры ў Кітаі, карсіканцы ў Францыі, пра свае правы заяўляюць эльзасцы, брэтонцы і гасконцы (родныя браты баскаў), не сказала апошняе слова Шатландыя, не думаю, што вырашана ірландскае пытанне ў Злучаным Каралеўстве, дый фламандцы ў Бельгіі ўсё ж няўтульна пачуваюцца ў адным доме з франкафонамі…

Нацыяльнальнае пытаннне – гэта пытанне заўтрашняга дня. У тым ліку ў Еўропе. І колькі б Рахой ні сцвярджаў, што каталонцы – гэта нацыянальнасць, ён вымушаны ўсё ж будзе прызнаць, што каталонцы – гэта народ, нацыя, якая мае права на самавызначэнне.

Анатоль Сідарэвіч.

Дадам: вялікадзяржаўнай пазіцыі прытрымліваецца і Іспанская сацыялістычная рабочая партыя. Партыя, якая апошнім часам траціць адну пазіцыю за адной і адыходзць на маргінэс палітычнага жыцця краіны.

Вялікадзяржаўнасць іграе з сацыялістамі злыя жарты. Адна з прычынаў пройгрышу меншавікоў і сацыялістаў-рэвалюцыянэраў бальшавікам у тым, што яны выступалі за адзіную і непадзельную Расію. Бальшавікі былі ў гэтым сэнсе хітрэйшыя. У Іспаніі бальшавікоў няма, але сацыялсітаў з ІСРП на маргінэс адціскаюць левакі. І левыя нацыяльныя партыі, як у Каталоніі.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме