00:45 23.02.2022 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ЯК УДАСКАНАЛІЦЬ СІСТЭМУ РОДАДАПАМОГІ?

БСДП выступае за прыняцце Закона “Аб ахове рэпрадукцыйнага здароўя, планаванні сям’і і родадапамозе”. БСДП лічыць, што дадзены закон замацуе правы жанчын і мужчын на ахову здароўя, установіць прававыя асновы дзяржаўнай палітыкі ў гэтым пытанні, а таксама замацуе гарантыі правоў пры іх выкананні.

Прыняцце гэтага закона частка рэалізацыі мэт устойлівага развіцця (МУР), якія былі распрацаваны ААН. Непасрэдна гэта тычыцца мэты №3 (добрае здароўе і дабрабыт) і мэты №5 (гендарная роўнасць). Такія законы ёсць у многіх краінах былога СССР: Арменія (2002), Таджыкістан (2002), Малдова (2012), Узбекістан (2019).

Ці ёсць у Беларусі праблемы з рэалізацыяй правоў жанчын і мужчын у сферы рэпрадукцыйнага здароўя, якія патрабуюць прыняцця асобнага закона? Адказ у ніжэй прыведзеных фактах.

Паказчыкі смяротнасці немаўляці ў 2020 г. склалі 2,6 на 1 тыс. народжаных жывымі (у 2015 годзе - 3,0) з улікам народжаных з вельмі нізкай вагой цела, мацярынская смяротнасць - 1,1 на 100 тыс. народжаных жывымі. Гэтыя паказчыкі адпавядаюць сярэдняму ўзроўню краін Еўрасаюза. З лічбамі ўсё добра, але ці добрая якасць паслуг у сферы рэпрадуктыўнага здароўя?

Рэпрадукцыйны выбар у Беларусі і праблема абортаў

У Беларусі аборты легальны, але з 2014 г. з’явілася заканадаўчая норма, згодна з якой урач можа адмовіцца выконваць гэтую маніпуляцыю, проста напісаўшы заяву. Так у 2015 г. у Беларусі з’явіўся горад, дзе не робяць аборты. Гэта Лагойск. Калі жанчына з Лагойска, вырашыла зрабіць аборт, то ёй праводзяць абследванне ў Лагойску і адпраўляюць рабіць аборт у Мінск.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць, якая звязаная з абортам. Гэта неабходнасць праходзіць псіхалагічнае кансультаванне. Сама гэта з’ява ўзнікла пад націскам пралайферскіх і рэлігійных арганізацый, якія з’яўляюцца непасрэднымі арганізатарамі адукацыйных мерапрыемстваў для спецыялістаў, якія кансультуюць жанчын. Наглядны прыклад – гэта Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”. Такім чынам, жанчыны атрымліваюць кансультацыю ад спецыялістаў, якія выступаюць супраць абортаў. Падобнае кансультаванне можна разглядаць як абмежавальнае патрабаванне, што супярэчыць праву на даступанасць аборта.

Хачу адзначыць, што ў Беларусі працягваецца развіццё рэпрадукцыйна дапаможных тэхналогій: экстра-карпаральнага апладнення і сурагатнага мацярынства. 7 студзеня 2012 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях”.

Пастанова №171 “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”, якая набыла моц у студзені 2021 г., дае магчымасць многім сямейным парам зрабіць першае экстракарпаральнае апладненне безкаштоўна.

Скарыстацца такой магчымасцю могуць сямейныя пары, дзе муж і жонка з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і іх узрост не перавышае 40 гадоў. У Беларусі, як і ва ўсім свеце, патрыярхальныя і рэлігійныя арганізацыі выступаюць супраць выкарыстання рэпрадукцыйна дапаможных тэхналогій, як магчымасці кантраляваць магчымасць нараджаць. Так, пахрысціць дзяцей, народжаных праз ЭКА ці ад сурагатнай маці, можна толькі пасля працэдуры пакаяння бацькоў.

Ці ёсць праблемы з родадапамогай?

Парушэнне правоў чалавека пад час родадапамогі ў Беларусі прывяло да з’яўлення некалькіх ініцыятыў, якія вывучаюць гэтую праблему і дапамагаюць жанчынам абараніць свае правы. Так узнік праект “Радзіны”. На сайце праекта размешчаны артыкул: “Роды ў Беларусі: вынікі апытання жанчын “Ваш досьвед родаў у Беларусі 2017-2019 гг.” Па выніках апытання відаць, што, ёсць праблемы з якасцю аказання родадапамогі і ёсць парушэнні правоў чалавека.

Сярод масы гісторый можна вылучыць асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца парадзіхі ў Беларусі:

•не забяспечана права на прысутнасць партнёра пад час родаў (каля 16% партнёрскіх родаў у г. Мінске, адзінкі ў рэгіёнах). Такі нізкі адсотак можа тлумачыцца тым, што сістэма аховы здароўя не гатова да прысутнасці партнёра, гендарныя стэрэатыпы ў грамадстве, перашкоды ў выглядзе неабходнасці аплаціць індывідуальную палату, што не гарантуе магчымасць прысутнічаць на родах партнёра;

•не забяспечана права выбара ўрача і акушэра. Гэта магчымасць замацавана ў Законе Аб ахове здароўя, але практычна яе рэалізаваць амаль немагчыма, тэрытарыяльны прынцып аказання дапамогі, недахоп персаналу;

•не забяспечана поўнасцю права на інфармаваную згоду (толькі 24% жанчын адказалі, што ім хапіла інфармацыі ад медыкаў);

•не забяспечана права на дастатковае абязбольванне пад час родаў. Калі няма партнера, то медыцынскі персанал не дапамагае з немедыкаментознымі спосабамі абязбольвання;

•не забяспечана права на павагу і канфідэнцыяльнасць (агульныя дародавыя, радзільная зала разлічаны на некалькі чалавек, палаты на 4 і больш пацыенткі);

•не забяспечана права на свабоду выбару паставы і на свабоду рухаў падчас родаў.

Трэба дадаць, што няма сістэмы зваротнай сувязі з медыцынскай установай і персаналам. Сістэма не ведае ці задаволена жанчына і яе партнер паслугамі ці не. Праз гэта сістэма не можа ўдасканальвацца.

Што гаворыць заканадаўства і чаго ў ім не хапае?

Закон “Аб ахове здароўя” мае 4 частку, якая прысвечана рэпрадукцыйнаму здароўю грамадзян, асаблівасцям аказання медыцынскай дапамогі непаўнагадовым, жанчынам пад час цяжарнасці, родаў і пасляродавы перыяд. Гэтая частка мае артыкулы, якія прысвечаны прафілактыцы спадчынных захворванняў у грамадзян Рэспублікі Беларусь, дапаможным рэпрадукцыйным тэхналогіям, дапамоге цяжарным жанчынам і жанчынам пад час родаў і ў пасляродавы перыяд, дапамозе непаўнагадовым ва ўмовах стацыянара, стэрылізацыі, абортам.

Пры існаванні заканадаўчай базы існуе многа праблем. Улічваючы, што рэпрадуктцыйныя правы маюць асаблівае сацыяльнае значэнне, становицца видавочным, што не хапае адмысловага закона. Асобны закон прысвечаны рэпрадукцыйнаму здароўю грамадзян і абароне правоў чалавека ў гэтай сферы будзе сведчыць пра тое, што гэтая частка жыцця знаходзицца ў фокусе дзяржавы. Асобны закон будзе сведчыць пра тое, што праблемы сферы рэпрадукцыйнага здароўя заўважаны, ёсць мэта іх вырашаць і што на гэта будуць выдаткаваны адпаведныя рэсурсы.

У эсэ Крысты Віхтэрых “Сэксуальныя і рэпрадукцыйныя правы” былі сфармуляваны 4 этычных прынцыпы, якія могуць выкарыстоўвацца як парадыгма рэпрадукцыйных правоў: фізічная недатыкальнасць, асабістая годнасць, роўнасць і разнастайнасць.

На якіх правах мог бы будавацца гэты закон:

1) права самастойна распараджацца сваім палавым і рэпрадукцыйным жыццём самастойна, калі гэта не пагражае здароўю іншых;

2) ствараць сямью, самастойна вызначаць колькасць сваіх дзяцей і час іх нараджэння. З гэтай мэтай мець магчымасць выкарыстоўваць тэхналогіі рэгулявання нараджальнасці;

3) быць абароненым ад усіх форм ціску, у тым ліку гвалту, сэксуальнай эксплуатацыі, прымусовай цяжарнасці, абортаў, стэрылізацыі ці іншых парушэнняў рэпрадукцыйных правоў;

4) атрымліваць дакладную інфармацыю па пытаннях рэпрадукцыйнага здароўя;

5) атрымліваць паслугі па пытаннях рэпрадукцыйнага здароўя ва ўмовах канфідэнцыяльнасці;

6) карыстацца высокаякаснымі медыцынскімі паслугамі і быць абароненымі ад выкарыстання метадаў, якія пагражаюць здароўю, у тым ліку быць абароненым ад неэтычных даследванняў;

7) прымаць асабістыя рашэнні пры медыцынскіх умяшальніцтвах, звязанных з рэпрадукцыйным здароўем;

8) карыстацца новымі рэпрадукцыйнымі тэхналогіямі.

Рэалізацыя рэпрадукцыйных правоў вельмі звязана з захаваннем іншых правоў чалавека.

Рэпрадукцыйнае здароўе - гэта сфера, дзе могуць парушацца іншыя правы чалавека: права на годнасць, права абароны ад гвалту, права на асабістае жыццё, права не падвяргацца дыскрымінацыі па прыкмеце полу і гендару.

Рэпрадукцыйнае здароўе ўразліва да гендарных стэрэатыпаў, да адсутнасці полавай асветы. Восенню ў Польшчы Канстытуцыйны суд вырашыў, што несумяшчальныя з жыццём захворванні плода не з’яўляюцца выключэннем для захавання цяжарнасці, аднак да гэтага 98% медыцынскіх абортаў рабілі менавіта па гэтай прычыне. Такім чынам аборты ў сучаснай Польшчы амаль забаронены. У мінулым годзе ў Польшчы прайшлі масавыя мітынгі, акцыі грамадзянскага непадпарадкавання з удзелам жанчын пад лозунгам “Маё цела належыць мне, а не дзяржаве”. Асноўны лозунг фемінізма актуальны і сёння.

Прыняцце Закона “Аб ахове рэпрадукцыйнага здароўя, планаванні сям’і і родадапамозе” будзе спрыць абароне рэпрадукцыйных правоў чалавека і тым самым спрыяць устойліваму развіццю дзяржавы.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме