22:45 17.05.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Галоўная небяспека – уплыў на самасвядомасць

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў тлумачыць, чым небяспечныя для беларусаў шматлікія прарасейскія ваенна-патрыятычныя клубы.

«Гавары праўду» звярнулася ў пракуратуру з просьбай правесці праверку ўдзелу беларускіх школьнікаў у ваенных зборах неанацыстаў на тэрыторыі Расеі.

Алег Трусаў: Ваенна-патрыятычныя арганізацыі, якія заснаваны ў Беларусі пры розных епархіях, уяўляюць самую сапраўдную небяспеку, і мы яе недаацэньваем. І самая страшная небяспека – уплыў на самасвядомасць людзей. Тое, што дзеці з аўтаматамі бегаюць – гэта яшчэ дробязь. Але самае галоўнае – яны перастаюць разумець сябе беларусамі. Рыхтуецца, як і ў Крыме, свядомая антыбеларуская пятая калона. Гэта прынцып, які запазычаны ў туркаў. Памятаеце, як янычараў рыхтавалі? Туркі захоплівалі маленькіх хлопчыкаў славянаў, прывозілі іх у Стамбул, аддавалі ў турэцкія сем’і. А затым тыя рэзалі славянаў. Паўтаруся, гэта вельмі вялікая небяспека, таму што вымываецца самасвядомасць. Гэтыя дзеці прызджаюць пасля збораў ужо ў пэўным сэнсе не беларусамі. Бо галоўнае – што ў галаве ў чалавека. А ў галаве ў іх ужо праз такія зборы сядзіць “истинно русский человек”.

Алег Трусаў

РР: А чаму, на ваш погляд, улады так спакойна ставяцца да такіх “ваенна-патрыятычных” арганізацый?

Алег Трусаў: Па-першае, частка ўладных чыноўнікаў маюць тое самае ў сваёй галаве. Як мінімум, палова людзей, якія пры ўладзе, думаюць тое самае, што і тыя, хто гэтыя курсы арганізоўвае. А астатнія баяцца сваё слова сказаць, каб не патрапіць пад “санкцыі”. Раптам ён не так зробіць, як трэба. І тыя, хто ва ўладзе супраць гэтага, баяцца тых, хто “за”. Таму ў лепшым выпадку – нейтралітэт. А ў горшым – падтрымка.

РР: Што ў такім выпадку трэба рабіць грамадскасці?

Алег Трусаў: Усё гэта трэба людзям паказваць. Даваць здымкі святароў, якія арганізоўваць зборы з неанацыстамі, усялякіх афіцэраў-патрыётаў, чые рукі ў крыві, праводзіць работу з бацькамі. Трэба тлумачыць, што перад тым, як аддаваць сваё дзіця ў рукі такіх “выхацеляў”, яны павінны падумаць, ці не апынецца той жа хлопец затым у Чачні ці ў Сірыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме