06:00 12.01.2022 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Энгельс і Маркс: гісторыя вялікага сяброўства

Жонак у яго было некалькі, але жаніўся ён з імі толькі перад іх сконам. А вось найлепшы сябар у яго быў адзін на ўсё жыццё. Кім быў Фрыдрых Энгельс для аўтара «Капіталу», сям’і і самога сябе, у часопісе «Наша гісторыя» піша Анатоль Сідарэвіч.


Выдатны хлопчык

Бармена — роднага горада Фрыдрыха Энгельса — цяпер на карце Нямеччыны няма. Ёсць раён у горадзе Вуперталі, які сам з’яўляецца раёнам у адміністрацыйнай акрузе Дзюсельдорф зямлі Паўночны Райн-Вестфалія. Рурскі вугальны басейн — гэтае вядомае вызначэнне акурат пра тыя мясціны.

Фрыдрых нарадзіўся 28 лістапада 1820 года ў сям’і патомных бюргераў-гараджан. Фрыдрых Энгельс-старэйшы быў мо не такі ўплывовы чалавек, як ягоны брат Аўгуст, сябар прускай Палаты паноў (Herrenhaus), але што ён быў чалавек паважаны — сумненняў няма. Царкоўным старастам і наглядчыкам царкоўнай школы абы-каго не ставяць.

Фрыдрых-старэйшы ажаніўся з Элізабэт ван Гар, якая паходзіла з сям’і філолагаў і сама была адукаванай жанчынай, знаўцай паэзіі. З мужам яе зблізіла, пэўна, любоў да музыкі, бо фабрыкант Энгельс іграў на фагоце і віяланчэлі, ладзіў вечары камернай музыкі. І ўсё ж галоўным клопатам фрау Элізабэт было выхаванне дзяцей, а іх у яе і Фрыдрыха нарадзілася дзевяць: пяцёра сыноў і чатыры дачкі.

Першынца Фрыдрыха спачатку аддалі ў пачатковую рэальную школу ў родным Бармене, а потым адправілі ў гімназію ў суседні Эльберфельд (цяпер таксама частка Вуперталя). Калі Нямеччына дала свету ўзор класічнай адукацыі, то Эльберфельдская гімназія была ўзорнай у Прускім каралеўстве. Вядома, што сталы Энгельс ведаў 12 моваў, а чытаў дык і на дваццаці. Дык вось, акрамя роднай нямецкай, чатыры мовы (старажытнагабрэйскую, старажытнагрэцкую, лацінскую і французскую) ён вывучыў у гімназіі. Рэлігію, гісторыю, матэматыку, фізіку, натуральную гісторыю (мінералогію, батаніку і заалогію) і ўводзіны ў філасофію ў гімназіі вывучалі таксама. А яшчэ вучыліся спяваць па нотах і маляваць.

Юны Фрыдрых быў не надта паслухмяным, на што скардзіўся ягоны бацька. Вучобу часам пакідаў убаку, асабліва калі ў рукі трапляў чарговы рыцарскі раман. Але ўсё ж бацька, нават наракаючы на сына, ганарыўся: «А наогул Фрыдрых — выдатны хлопчык».


Лёс першынца

Гімназіст Энгельс марыў паступіць ва ўніверсітэт і вывучаць палітычную эканомію, але ў бацькі былі свае планы. Яму патрабаваўся памочнік, якому можна цалкам давяраць, таму ён забраў 16-гадовага Фрыдрыха з гімназіі. Спачатку ён прызначыў сына канторшчыкам у сваёй гандлёвай фірме, а потым адправіў на стажыроўку ў Брэмен. Справа ў тым, што Энгельс-старэйшы пашыраў свой бізнэс і стаў саўладальнікам фабрыкі «Петэр Эрмен і Ко» у англійскім Манчэстэры. Былі планы адкрыць фабрыку з тымі ж партнёрамі і бліжэй да дому. Таму ад старэйшага сына патрабавалася веданне не палітычнай эканоміі, а канкрэтнай эканомікі. І сякі-такі досвед.

Калі Фрыдрыху споўнілася 19, ён, як і многія спадкаемцы заможных людзей таго часу, накіраваўся паглядзець, як жывуць людзі ў іншых краінах. Улетку 1840-га ён пабываў у Галандыі і Англіі. Праз год наведаў Швейцарыю і Ламбардыю. Гэтая паездка спатрэбілася, пэўна, і таму, што рамантычны юнак, аматар Зігфрыда і Вільгельма Тэля, увесну выклікаў свайго крыўдзіцеля на двубой (праціўнік атрымаў лёгкую драпіну).

Да 1840 года сыны багатых падданых прускай кароны маглі адкупіцца ад вайсковай службы, але пазней гэта стала немагчыма — яны мусілі адбыць прынамсі год вайсковых збораў. І ў верасні 1841-га, адразу пасля падарожжа, Фрыдрых падаецца ў вольнапісаныя, то-бок у вайскоўцы, якія пайшлі на службу добраахвотна і мелі пэўныя палёгкі ў параўнанні са звычайнымі жаўнерамі.

У войску Энгельс вывучаў не толькі мастацтва артылерыі. Служыў ён у Берліне, а там — універсітэт. І малады вайсковец хадзіў на лекцыі класіка нямецкай філасофіі Фрыдрыха Вільгельма Шэлінга, на семінары па гісторыі рэлігіі, вёў дзённік вольнага слухача, сябраваў з паслядоўнікамі Гегеля і чытаў апошняга прадстаўніка класічнай нямецкай філасофіі Людвіга Феербаха.

Праз год, аддаўшы належнае фатэрлянду, Фрыдрых вярнуўся ў Бармен, але доўга ў родным горадзе не затрымаўся: у другой палове лістапада мусіў выправіцца ў Англію вывучаць камерцыйную справу на фабрыцы «Эрмен і Энгельс» (так стала называцца фірма партнёраў у Манчэстэры).

Жанчыны і сябры

У Англіі высокі малады чалавек з тварам амаль па-хлапчукоўску юным і з бездакорнай англійскай мовай (так яго характарызаваў адзін з дзеячаў англійскага рабочага руху) пазнаёміўся з сапраўднай пралетаркай Мэры Бёрнс (1821—1863), якая да таго ж была дачкой прыгнечанага ірландскага народа. Сацыяльныя абставіны не пазбавілі яе прыроджанага добрага пачуцця гумару, і менавіта гэта, відаць, прыцягнула маладога фабрыканта. Лічаць, што дзякуючы Мэры ён зацікавіўся і жыццём пралетарыяту.

Яшчэ раней, едучы ў Англію, Энгельс зрабіў кола і заехаў у Кёльн, дзе выходзіла «Рэйнская газета» (Rheinische Zeitung). У ёй ён змяшчаў свае артыкулы, і яму хацелася пазнаёміцца з рэдактарам Карлам Марксам. І сапраўды, два дзеячы, імёны якіх пасля сталі многімі ўспрымацца выключна ў звязцы, тады пазнаёміліся, але не больш за тое — сустрэча прайшла холадна-афіцыйна.

Другая сустрэча з Марксам адбылася ў жніўні-верасні, калі Энгельс вяртаўся з Англіі на радзіму. Сустрэліся ў Парыжы, і на гэты раз размовы былі цёплыя, чаму спрыяла і віно таксама. З тых дзён і пачалося сяброўства Энгельса і Маркса.

А Мэры Бёрнс? Яна стала афіцыйнай Энгельсавай жонкай перад самай смерцю, бо тагачаснае грамадства асуджала мезальянс нават больш, чым вольныя адносіны. Жэні фон Вестфален (яна ж фрау Маркс) з асцярогай глядзела на мужавага сябра: ці не возьме раптам і ейны Карл прыклад з Фрэда? І такі не абышлося без здарэння.

Загадкавая гісторыя здарылася ў 1851 годзе. Служанка Ленхен, а дакладней Гэлена Дэмут, якую бацькі фрау Маркс накіравалі дапамагаць сваёй дачцэ, нарадзіла хлопчыка. Татам абвясціў сябе Энгельс. Але хлопчыку далі падазронае двайное імя: Генры Фрэдэрык. З Фрэдэрыкам ясна: гэта Фрыдрых. А вось Генры… Гэта ці не адно з імёнаў доктара Карла Генрыха Маркса? Хлопчыка аддалі ў добры прытулак, ён стаў прафсаюзным дзеячам і лейбарыстам, сябраваў з сям’ёю Марксавай дачкі Элеаноры.

Сам жа Энгельс пасля смерці Мэры Бёрнс не застаўся адзінокім мужчынам. Да яго перабралася жыць Лізі Бёрнс (1827—1878), сястра Мэры. З Лізі ён таксама абвянчаўся толькі перад самай яе смерцю. Калі памруць фрау Маркс (1881) і яе муж (1883), да адзінокага Энгельса перабярэцца і Ленхен Дэмут і будзе весці яго гаспадарку. Пахавалі яе ў адной магіле з Марксамі. Энгельс жа перад смерцю прызнаўся, што Генры Фрэдэрык Дэмут не ягоны сын.

Нешчаслівы паўстанец, вымушаны камерсант

У 1845 годзе Энгельс, ужо аўтар заўважных прац пра становішча рабочага класа ў Англіі і «Накідаў да крытыкі палітычнай эканоміі», заявіў бацьку, што не хоча займацца камерцыяй. Яго ўсё больш і больш уцягваў вір грамадскіх падзей. Асабліва пасля таго, як у кантынентальнай Еўропе, у тым ліку ў Нямеччыне, у 1848-м выбухнула рэвалюцыя.

Маркс і Энгельс змагаліся з нямецкай рэакцыяй зброяй крытыкі (першы рэдагаваў «Новую Рэйнскую газету» (Neue Rheinische Zeitung), а другі быў яго намеснікам). Калі ж настаў час, зброю крытыкі Энгельс памяняў на крытыку зброяй. Увесну 1849-га ён браў чынны ўдзел у паўстанні рабочых і дробнай буржуазіі ў горадзе Эльберфельд у Рэйнскай правінцыі, а пасля яго паразы перабраўся ў Пфальц і далучыўся да пфальц-бадэнскіх паўстанцаў.

Паўстанцы і тут пацярпелі паразу, і ў ліпені 1849-га Энгельс мусіў падацца ў выгнанне. Праз Швейцарыю, Італію, Гібралтар ён прыехаў на радзіму сямейнага бізнэсу — у Англію. Кароткі час пажыў у Лондане, а пасля мусіў капітуляваць і, нягледзячы на былое абяцанне бацьку не займацца больш камерцыяй, пераехаў у Манчэстэр. Там ён 13 год служыў ў фірме «Эрмен і Энгельс», а ў 1864 годзе стаў яе саўладальнікам. Фірма ягоная была бавоўнапрадзільнай фабрыкай, якая купляла сыравіну, ткала з яе ніткі і прадавала гатовую прадукцыю ткацкім прадпрыемствам.

Нягледзячы на нежаданне Энгельса займацца камерцыяй, прадпрымальнікам ён быў, калі мусіў гэтым заняцца праз неабходнасць, спраўным і паспяховым. Матэрыяльна ў яго было ўсё вельмі добра. Грошай хапала і на ўтрыманне дома (з кухаркай і ахмістрыняй), і на вопратку ды абутак, і на курорты, і на памочнікаў, і на дабрачыннасць. 20 гадоў адпрацаваўшы на фабрыцы, ён пайшоў на «заслужаны адпачынак», і пасля да канца жыцця «адпачываў» яшчэ 25 гадоў. Ды і пасля сябе пакінуў на рахунку ў банку кругленькую суму.

А частку сваіх асабістых даходаў ён аддаваў Марксу, які, будучы геніяльным мысляром, у побыце быў вельмі непрактычны. Як сапраўдны ўнук габрэйскага рабіна, Маркс быў чалавекам кніжным. Паводле свайго інтэлектуальнага патэнцыялу ён мог стаць адвакатам, выкладчыкам ва ўніверсітэце, але яго вабілі толькі кнігі, жаданне вывучыць механізм капіталістычнай гаспадаркі. Гэтаму ён ахвотна аддаваў амаль увесь свой час, але не меў магчымасці і ўмення прадаць гэта за грошы. Пры гэтым меў сям’ю, у якой за 11 гадоў (1844—1855) нарадзілася шасцёра дзяцей (праўда, трое, у тым ліку абодва сыны, памерлі малымі). Таму бескарыслівая дапамога з боку заможнага сябра-аднадумца была вельмі дарэчнай. Ленін пісаў, што Маркс без фінансавай падтрымкі з боку Энгельса «не толькі не мог бы скончыць «Капітал», але і немінуча загінуў бы пад ціскам беднасці».


У Лондане

Амаль праз 20 год Энгельс пераехаў у Лондан. У ягоным доме на Regent’s Park Road пабывалі дзясяткі дзеячаў еўрапейскага сацыялістычнага і рабочага руху, пра што сёння нагадвае мемарыяльны знак. У Лондане і на курортах быў напісаны вядомы твор «Анты-Дзюрынг», на аснове якога пасля паўстала праца «Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі» — Маркс назаве яе ўводзінамі ў навуковы сацыялізм.

З-пад пяра Энгельса ў той час выйшлі таксама «Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы», «Людвіг Феербах і канец класічнай нямецкай філасофіі», «Замежная палітыка рускага царызму», «Да крытыкі сацыял-дэмакратычнай праграмы 1891 года», «Сацыялізм у Нямеччыне», «Да гісторыі першапачатковага хрысціянства» ды іншыя працы. Для тых, хто вывучае тэорыю сацыялізму, не менш каштоўнымі з’яўляюцца і яго шматлікія лісты.

У 1883 годзе, пасля смерці Маркса, Энгельс узяў на сябе абавязак адрэдагаваць першы том «Капіталу» па-англійску (выйшаў у 1887-м), расчытаць і падрыхтаваць да друку наступныя тамы гэтай фундаментальнай сябравай працы. Яго памочнікамі сталі нямецкія сацыял-дэмакраты Эдуард Бернштайн і Карл Каўцкі. У 1885 годзе выйшаў другі том «Капіталу», а ў 1894-м — трэці. Чацвёрты том — «Тэорыі дадатковай вартасці» — рыхтаваў да друку ўжо адзін Каўцкі.

Энгельс разам з Бернштайнам прыклаў нямала намаганняў, каб у сотыя ўгодкі Вялікай французскай рэвалюцыі, у 1889 годзе, у Парыжы быў праведзены міжнародны сацыялістычны кангрэс. Так фактычна быў заснаваны Сацыялістычны (Другі) Інтэрнацыянал. Аднак самому Энгельсу ўдалося ўдзельнічаць толькі ў Цюрыхскім кангрэсе ў 1893 годзе, які быў ужо трэцім па ліку. Прысутнічаць на папярэдніх яму не дазволілі як бягучыя неадкладныя справы, якія не лічыў магчымым кінуць (перадусім праца над дапрацоўкай «Капіталу»), так і праблемы са здароўем.

Па мерках таго часу, калі жыццё сярэднестатыстычнага мужчыны доўжылася каля 50 гадоў, Энгельс быў ужо вельмі пажылым чалавекам. Яму было за 70, і сілы пакідалі яго. З’явілася пухліна шыйных залозаў. Спадзеючыся на добрае ўздзеянне марскога паветра, палову чэрвеня і амаль увесь ліпень 1895 года ён правёў у Істбарне на ўзбярэжжы праліва Ла-Манш, але 24 ліпеня ў суправаджэнні аўстрыйскага сацыял-дэмакрата і лекара Віктара Адлера вярнуўся ў Лондан. Неўзабаве ў яго прапаў голас, а есці ён мог толькі вадкую ежу. 3 жніўня Энгельс страціў прытомнасць, а 5-га адышоў у вечнасць.

Сваім распарадчыкам яшчэ 14 лістапада 1894 года ён наказаў, каб цела яго «было крэміравана, а прах… быў апушчаны ў мора пры першай магчымасці».

Ён любіў мора. Марское паветра бадзёрыла яго. У 67-гадовым узросце ён двойчы пераплыў на параходзе Атлантычны акіян і пісаў: «Я адчуваю сябе памаладзелым прынамсі гадоў на пяць». Ягоны прах апусцілі ў мора ў Істбарне за пяць міляў ад берага.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме