13:45 15.10.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ці аб’яднаецца апазіцыя пасля выбараў?

«Знакам таго, што апазіцыя шчыра хоча пераменаў да лепшага, будзе сыход яе лідараў з першых роляў», — лічыць старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

Уладзімір Колас: Апазіцыі варта пачынаць нейкую працу ужо цяпер, адразу пасля выбараў. Па вялікім рахунку, яе даўно ўжо трэба было пачынаць. Але, як я ўжо казаў раней, у мяне даволі песімістычнае стаўленне да тых, хто гэтым займаецца. Бо работу трэба ацэньваць па выніках. Зрэшты, гэтыя выбары паказалі тое, што было відавочным яшчэ на пазамінулых – няздольнасць людзей, якія называюць сябе апазіцыяй, да выніковай працы. А іхнія паводзіны і дзеянні падчас гэтай кампаніі толькі ўзмацнілі гэтыя ўражанні.

РР: Няўжо вы не бачыце наперадзе ніякай надзеі?

— Натуральна, заўсёды ёсць надзея і вера ў лепшае, што да гэтых людзей нарэшце дойдзе тое, што было відавочным даўно, і яны зменяцца. Але я думаю, што усе цудоўна усё разумелі і раней. Таму, шчыра кажучы, спадзяванняў на змены ў мяне няма. Таму што неабходна толькі ратацыя. І знакам таго, што яны шчыра жадаюць пераменаў да лепшага, будзе сыход лідараў апазіцыі з першых роляў і дапамога тым, хто прыйдзе на іх месца. А новыя людзі павінны пачынаць справу па-сапраўднаму. У іншым выпадку гэта будзе працяг той імітацыі, якая доўжыцца столькі, колькі існуе гэтая ўлада.

РР: Ці лічыце вы Таццяну Караткевіч новым лідарам у беларускай апазіцыі?

— Пакуль такіх прыкметаў мы не бачым. Стаўка на нейкі піяр, чысты папулізм – гэта заведама пройгрышная справа, таму што тут мы маем у якасці саперніка проста генія папулізму. Спрачацца на гэтым полі з ім бесперспектыўна. А для таго, каб быць сапраўдным лідарам, неабходна мець пэўны падмурак, пэўныя дасягненні, досвед, цікавыя ідэі. Нічога гэтага мы, на жаль, у асобе Таццяны Караткевіч не ўбачылі. Ёсць прывабны твар і завучаныя прапісныя ісціны, якія прамаўляліся падчас кампаніі. Нічога іншага асабіста я не заўважыў.

РР: Адным словам, перспектывы ў беларускай апазіцыі – не вельмі…

— Мяркуючы па тым становішчы, у якім яна знаходзіцца цяпер, трэба чакаць уздыму. І ведаеце чаму? Бо ніжэй падаць ужо няма куды.

Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме