15:45 19.05.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Берніковіч: 100 000 подпісаў Караткевіч не сабрала. І ніхто не зьбярэ (дап)

Грамадзкі актывіст з Глыбокага напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»: «Вы пытаецеся, ці сабраў «праект Караткевіч» 100 тысяч подпісаў? Ня будзьце наіўнымі! Было сабрана менш паловы ад неабходнай колькасьці...»

Радыё Свабода зьвязалася са спадаром Берніковічам, каб удакладніць сэнс ягонай заявы.

— Вы сьцьвярджаеце, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата на прэзыдэнта, каманда Тацяны Караткевіч не сабрала?

— Сьцьвярджаю. Прычым не сабрала нават пры дапамозе сябраў партыяў БНФ і БСДП. Толькі хачу падкрэсьліць: я кажу пра сапраўдныя подпісы, а не пра іх агульную колькасьць у падпісных аркушах, якія зарэгістраваў ЦВК. Я магу дакладна гэта сьцьвярджаць, бо каардынаваў збор подпісаў у Менску. І таму кажу: у Менску было сабрана сапраўдных 14 тысяч 603 подпісы. У асноўным гэта подпісы, што зьбіраліся падчас пікетаў, зьбіраліся цяжка, у любое надвор’е...

— А як жа тэхналёгія «ад дзьвярэй да дзьвярэй», калі зьбіральнікі подпісаў ходзяць па кватэрах?

— А па кватэрах у Менску подпісы амаль не зьбіраліся. І выкарыстоўвалася зусім іншыя мэтодыка: зьбіральнікаў мэтанакіравана пасылалі па тых адрасах, дзе жывуць журналісты або палітычныя дзеячы... Магу яшчэ дадаць, што і хадзіць асабліва не было каму: вялікая частка пасьведчаньняў чальцоў ініцыятыўнай групы так і праляжала ў офісе ўсю выбарчую кампанію. Або туды пазапісвалі людзей выпадковых і абыякавых, і яны ня бралі ўдзелу ў працы, або ў ініцыятыўную групу запісвалі фіктыўна — тут нічога сказаць не магу.

— Тым ня менш неабходная колькасьць подпісаў была здадзена ў выбарчыя камісіі. Як жа так атрымалася, калі вы цьвердзіце, што подпісы не сабралі?

— На гэтае пытаньне ведае адказ хіба што Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу. Я ведаю, што да якасьці подпісаў былі прэтэнзіі. Камісіі заўважалі, дзе подпісы былі несапраўднымі. Але Тацяну Караткевіч зарэгістравалі кандыдатам.

— Яраслаў, тое, што вы кажаце, — гэта вельмі сьмелыя заявы. Чаму вы робіце іх толькі цяпер, калі пасьля выбараў прайшло так шмат часу?

— Па-першае, падчас выбарчай кампаніі я працаваў у штабе Караткевіч у якасьці найманага работніка. Гэта накладала пэўныя абавязкі і пэўную адказнасьць. Але я ўсё аналізаваў, а потым шмат над гэтым разважаў... Цяпер я бачу, што ў наступную выбарчую кампанію наша дэмакратычная апазыцыя ідзе разьяднанай. Гэта другая акалічнасьць, чаму я больш ня стаў маўчаць. Сёньня ніводная апазыцыйная палітычная структура ня можа дзейнічаць у адзіночку, без падтрымкі аднадумцаў зь іншых партыяў і рухаў. Ніхто не сабраў бы цяпер 100 тысяч подпісаў за кандыдата на прэзыдэнта, працуючы аўтаномна. І ніхто ня зможа аўтаномна працаваць на карысьць сваіх кандыдатаў на будучых выбарах. Трэба аб’ядноўвацца і складаць адзіны сьпіс. Тады будзе карысьць, і толькі тады можна будзе пазьбегнуць фальсыфікацыяў — бо гэта ўжо будзе праца, а не імітацыя!

Яраслаў Берніковіч падчас мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі працаваў у штабе Тацяны Караткевіч, жыў у Менску. Больш як паўгода таму ён вярнуўся са сталіцы і зноў жыве ў вёсцы Верхняе Глыбоцкага раёну.

* * *

Мінскі каардынатар Таццяны Караткевіч вінаваціць Дзмітрыева ў фальсіфікацыі 40 тысяч подпісаў на прэзідэнцкіх выбарах


Былы актывіст «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку агучыў лічбы: за кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч у Мінску было сабрана ўсяго 14 тысяч подпісаў.

У ЦВК ж было нібыта здадзена 55 тысяч подпісаў, якія былі прызнаныя сапраўднымі. Мы патэлефанавалі ў Глыбокае Яраславу Берніковічу, які ў 2015 каардынаваў збор подпісаў за Караткевіч у Мінску.

«Наша Ніва»: Чаму вы сёння агучылі гэтыя лічбы?

Яраслаў Берніковіч: Некалі было патрэбна, каб гэтыя лічбы нехта агучыў. Чым гэты дзень горшы за ўчарашні ці месячнай даўніны? На мяне паўздзейнічала, што ў апазіцыі па-ранейшаму няма ніякага аб’яднання і нават жадання яднацца. Я разумею, што падчас парламенцкіх выбараў будзе 300 кандыдатаў, па 5 кандыдатаў на акругу. Хтосьці з іх збярэ патрэбныя подпісы, хтосьці не збярэ, кагосьці не зарэгіструюць з сабранымі, кагосьці зарэгіструюць без сабраных подпісаў… Няма сэнсу ў зборы подпісаў, калі такое будзе працягвацца далей.

Я хачу, каб болей такога не адбылося. 2010 год прайшоў і ўсе замаўчалі, бо ва ўсіх былі пысы ў пушку. Можа, хіба ў Някляева былі сабраныя ў сапраўднасці. Ды цяпер усё роўна, ці ты сабраў, ці не сабраў подпісы. Улада выбірае сабе апанента і з гэтым трэба пакончыць, з такой заганнай практыкай.

«НН»: Дык колькі тады ў рэальнасці сабралі за Таццяну Караткевіч?

ЯБ: Я магу сказаць дакладную лічбу па Мінску. Сабрана 14 603 подпісы, здадзена ж прыкладна 55 тысяч (54 812 — «НН»).

«НН»: Хто прымаў рашэнне здаваць менавіта 55 тысяч?

ЯБ: Прымалася рашэнне кіраўніком штаба.

«НН»: Андрэем Дзмітрыевым?

ЯБ: Так.

«НН»: Подпісы збіраць было цяжка?

ЯБ: Вельмі. Па-першае, было мала людзей. Нібыта была вялікая ініцыятыўная група, але ў ёй багата «мёртвых душаў», гэта значыць чыесьці знаёмыя, знаёмыя знаёмых… Семсот чалавек былі запісаных у ініцыятыўную групу з тых, хто даваў свае подпісы за «Народны рэферэндум». Натуральна, што з іх ніхто не збіраў подпісаў.

Валанцёры збіралі подпісы ў вельмі кепскіх умовах, калі тэмпература за +30. Яны рабілі тое, што маглі зрабіць. Збіралі па-сапраўднаму.

«НН»: Як рэагавалі ў штабе Таццяны Караткевіч на прапанову праверыць сапраўднасць подпісаў?

ЯБ: Я выконваў дастаткова абмежаваныя функцыі, таму не ўсё ведаю. Магу сказаць, што праверыць жа было што. З сабраных 14 тысяч можна было нешта даць. Бярыце – правярайце. Іх правяралі, але не лічылі. Я памятаю, што была дзяўчынка з «Белсата», якая тэлефанавала па нумарах з аркушоў. Ёй пацвярджалі, што так, давалі подпісы за Караткевіч.

«НН»: Таксама вы кажаце, што абавязковым было хадзіць па адрасах, дзе жывуць журналісты і палітычныя дзеячы? Была такая ўстаноўка?

ЯБ: Так, была ўстаноўка. Пажадана было сабраць подпіс кожнага журналіста, а таксама іх суседзяў. Калі персанальна ў вас не было ўлёткі Караткевіч, то гэта недапрацоўка штабу.

«НН»: Ці праўда, што вы сышлі з «Гавары праўду»?

ЯБ: Сышоў.

«НН»: З чым гэта звязана?

ЯБ: З рознагалоссямі з кіраўніком… з Дзмітрыевым. Па самых розных пытаннях.

«НН»: Цяперашнія гэтыя заявы – гэта не спроба помсты?

ЯБ: Я разумею, што многія будуць крычаць гвалт, абвінавачваць мяне. На здароўе, няхай так думаюць. Зроблена і зроблена.

Гутарыў Зміцер Панкавец

* * *

«Гэта звычайныя брудныя закулісныя гульні апазыцыі» — Караткевіч пра тое, што нібыта не сабрала 100 тысяч подпісаў


Кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 лічыць, што такія заявы толькі разьядноўваюць апазыцыю, а актывіст Берніковіч сышоў з «Гавары праўду» з крыўдай.

Тацяна КараткевічАктывіст з Глыбокага напісаў у «Фэйсбуку»: «Вы пытаецеся, ці сабраў «праект Караткевіч» 100 тысяч подпісаў? Ня будзьце наіўнымі! Было сабрана менш паловы ад неабходнай колькасьці...»

Грамадзкі актывіст з Глыбокага Яраслаў Берніковіч19 траўня, што каманда кандыдаткі ў прэзыдэнты на выбарах-2015, чальцом якой ён быў, не сабрала 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдаткі. Паводле яго словаў, было сабрана менш за палову ад гэтай колькасьці — і ніхто не сабраў бы цяпер 100 тысяч подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты, працуючы аўтаномна.

Сама Тацяна Караткевіч кажа Свабодзе, што такія заявы толькі ўносяць раскол у апазыцыю, а не спрыяюць яе аб’яднаньню:

«Я лічу, што такая інфармацыя, такія ўчынкі ўносяць больш раскол у апазыцыю. І гэта сумна, — кажа Караткевіч карэспандэнту Свабоды. — Тым больш, Яраслаў ад пачатку году не зьяўляецца сябрам кампаніі „Гавары праўду“ і сышоў, напэўна, з крыўдай. Я так разумею, ён быў удзельнікам . Ня буду камэнтаваць, я думаю, Яраслаў сам павінен адказваць за свае словы.

Думаю, гэта ўсё ж звычайныя брудныя закулісныя гульні апазыцыі, якія камэнтаваць ня бачу сэнсу. Я сама была чальцом каманды Някляева, сама ўдзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, прэзыдэнцкай кампаніі... Я лічу, нам і сёньня трэба глядзець наперад. А такія заявы толькі ўносяць раскол. Такім чынам мы губляем давер людзей, якія цікавяцца палітыкай. У нас наперадзе парлямэнцкая кампанія, і даваць ацэнкі сёньняшнім палітычным сілам... Я ведаю, што нас мала, што трэба працаваць. І ведаю на сваім прыкладзе, што калі ставіш мэту і ідзеш да яе, заўсёды ёсьць шанцы яе дасягнуць».

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме