12:45 01.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

БЕЛАРУСЬ І ПЕРШАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА

Тэзісы Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

1. Вялікая еўрапейская вайна, якую пазней назвалі Першаю сусветнаю, мела бясспрэчна імперыялістычны характар. Беларускі народ, усе жыхары Беларусі чарговы раз былі асуджаныя на пакуты, вымушаныя былі несці страты з прычыны канфлікту паміж так званымі вялікімі дзяржавамі.

2. Вялікія былі людскія страты Беларусі ў час Першай сусветнай вайны. Сотні тысяч сыноў нашай Бацькаўшчыны (кожны другі мужчына) былі прызваныя на службу ў расійскае войска. Яны гінулі ў баях, паміралі ад ранаў і хвароб. Тысячы нашых суайчыннікаў сталі інвалідамі. Многія, трапіўшы у палон, так і не вярнуліся на Радзіму.

Беларусь панесла таксама вялікія матэрыяльныя страты. Асабліва трэба адзначыць духоўныя страты: царскія ўлады вывезлі з нашай краіны незлічоную колькасць старажытных рукапісаў, кніг і твораў мастацтва, якія дагэтуль знаходзяцца ў расійскіх бібліятэках, архівах і музеях.

3. Практыкуючы так званы азіяцкі спосаб вядзення вайны, царскі ўрад і расійскае ваеннае камандаванне ў час адступлення расійскай арміі хацелі пакінуць праціўніку абязлюджаную краіну. Запалохваючы просты люд зверствамі, якія нібыта будуць учыняць немцы, расійскія чыннікі падбівалі яго пакідаць сваю радзіму, свае гаспадаркі ды ісці на ўсход. Акрамя ўцекачоў (бежанцаў), немалую частку тых, хто падаўся на ўсход, складалі выгнанцы – людзі, якіх царскія салдаты і казакі сілком выганялі з іх вёсак і мястэчак. Пры гэтым царскія слугі не спыняліся перад фізічнымі расправамі з тымі тымі, хто не жадаў падпарадкавацца іх загадам. Нішчыліся гаспадаркі сялян і местачкоўцаў. Звычайнай справай сталі падпалы.

4. Ведучы вайну так званым азіяцкім спосабам, царскія ўлады ўсё ж не мелі магчымасці пакінуць немцам цалкам абязлюджаную тэрыторыю. Але фактам з’яўляецца тое, што нашы суайчыннікі, якія засталіся на сваёй зямлі, былі пакінутыя без настаўнікаў і медыкаў, якія амаль пагалоўна былі прызваныя ў царскае войска, і без духоўнай апекі: на ўсёй паднямецкай тэрыторыі Беларусі ў 1915 – лютым 1918 г. засталося не больш як 10 праваслаўных святароў.

З другога боку, Рыма-Каталіцкая Царква імкнулася, каб як мага большая частка духавенства засталася ў Беларусі і каб як мага меншая частка людзей рыма-каталіцкага вызнання пакінула край. У час Першай сусветнай вайны Рыма-Каталіцкая Царква вяла сваю дзейнасць у духу адраджэння польскай дзяржаўнасці, займалася празелітызмам сярод праваслаўных, выступала за далучэнне беларускіх земляў да будучай польскай дзяржавы.

5. Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ), адзіная партыя, якая выказвала інтарэсы беларускага народа і дзейнічала ў падполлі, ужо на пачатку 1915 г. выпрацавала план дзеянняў на выпадак нямецкай акупацыі часткі Беларусі. Дзеячы БСГ былі ініцыятарамі стварэння Беларускага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны (БТДПВ), якое афіцыйна прызналі расійскія, а потым і нямецкія ўлады. Ведучы дабрачынную дзейнасць, БТДПВ стала адначасна прыкрыццём беларускай палітычнай дзейнасці, якая была забаронена як на падрасійскай, так і на паднямецкай тэрыторыях нашай краіны.

6. На паднямецкай тэрыторыі пад прыкрыццём БТДПВ, а потым і Беларускага клуба дзейнічаў нелегальны Беларускі народны камітэт. Паступова палітычная актыўнасць беларусаў узрастала, і ў студзені 1918 г. была – насуперак волі акупантаў – створана Беларуская Рада ў Вільні.

7. Карыстаючы з ваеннага становішча, царскі ўрад спыняў усякія праявы беларускай культурніцкай дзейнасці. Газеты “Дзянніца” і “Светач”, выпуск якіх у канцы 1916 г. наладзілі беларускія сацыялісты ў Пецярбургу, выходзілі толькі два месяцы. Па-ранейшаму было забаронена беларускае школьніцтва. Адсутнічаў беларускі тэатр. Не выходзілі беларускія кнігі.

8. На паднямецкай тэрыторыі Беларусі ў канцы 1915 г. беларуская мова – нароўні з ідышам, літоўскай і польскай мовамі – атрымала афіцыйны статус. Было легалізавана беларускае школьніцтва. На тэрыторыі, якую немцы занялі ў 1915 г., былі арганізаваны 153 беларускія пачатковыя школы. Для падрыхтоўкі педагогаў у Вільні, а потым на базе Свіслацкай настаўніцкай семінарыі дзейнічалі настаўніцкія курсы. Да канца 1918 г. было практычна вырашана пытанне аб адкрыцці беларускай гімназіі ў Вільні.

У лютым 1916 г. у Вільні быў наладжаны выпуск газеты “Гоман”, якая выходзіла два разы на тыдзень спачатку лацінкаю, а потым і кірыліцай. Аднавілася беларуская кнігавыдавецкая справа. Важным этапам у гісторыі беларускага тэатра стала дзейнасць трупы Францішка Аляхновіча. У навуковы ўжытак было ўведзена само паняцце “беларускае мастацтва”. Былі арганізаваныя першыя выстаўкі беларускага выяўленчага і ўжытковага мастацтва.

9. Як у выніку развязанай царызмам вайны з Японіяй выбухнула рэвалюцыя 1905–1907 гг., так і Першая сусветная вайна не магла не прывесці Расію да рэвалюцыі. Ліквідацыя манархіі ў Расіі – вельмі важная гістарычная падзея. Вялікая рэвалюцыя, якая здзейснілася ў сакавіку 1917 г., адкрыла беларускаму руху новыя магчымасці. На падрасійскай тэрыторыі з’явіліся новыя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, можна было легальна праводзіць з’езды і канферэнцыі, аднавіліся беларускі друк і тэатр, з’явіліся першыя беларускія школы, у пачатку 1918-га пачала працаваць першая беларуская гімназія ў Будславе. Аднак нацыянальная палітыка Часовага ўраду, які стаяў на перашкодзе стварэнню Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, у якой Беларусь мела б статус аўтаномнай адзінкі, усё больш змушала БСГ, як галоўную сілу беларускага руху, звярнуцца да лозунгу незалежнай Беларусі, які быў сфармуляваны ў першай праграме партыі 1903 г. Асабліва актуальным рабіла гэты лозунг палітыка бальшавікоў, якія ў лістападзе 1917-га захапілі дзяржаўную ўладу ў Расіі.

10. Да снежня 1917 г. у беларускім грамадстве адбывалася ідэалагічная, ідэйная рэвалюцыя. Яе асноўным зместам была выпрацоўка ў свядомасці людзей ідэі аб самабытнасці Беларусі, аб яе апрычонасці ад Вялікаросіі, аб неабходнасці аўтаноміі (ці то незалежнасці) гэтай зямлі. У час Першай сусветнай вайны тысячы дачок і сыноў нашага народа, змушаныя пакінуць родную зямлю, адчулі сябе не толькі этнічнымі, але і палітычнымі беларусамі. Голас беларускага народа асабліва моцна прагучаў на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 г. Разгон гэтага форуму бальшавікамі быў першым актам беларускай палітычнай рэвалюцыі. Нягледзячы на бальшавіцкі тэрор, дэлегаты Усебеларускага з’езду надалі Радзе Усебеларускага з’езду функцыі краёвай улады. Прыняўшы такія функцыі, Рада вылучыла са свайго складу Выканаўчы Камітэт, які, нягледзячы на пераследы, годна выконваў свае абавязкі.

11. 20 лютага 1918 г. (назаўтра пасля ўцёкаў бальшавікоў з Менску) Выканаўчы Камітэт стварыў Народны Сакратарыят – першы ўрад Беларусі. Гэты ўрад ствараўся на беларускай тэрыторыі, ствараўся самімі беларусамі без удзелу вонкавых сілаў. Нягледзячы на непрыязнае стаўленне да іх з боку нямецкіх акупантаў, Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага з’езду і Народны Сакратарыят працягвалі сваю дзейнасць. 9 сакавіка 1918 г. – пасля таго, як кайзераўскі і бальшавіцкі ўрады заключылі ў Берасці мір і падзялілі Беларусь на часткі, – Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага з’езду абвясціў аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі як дэмакратычнай парламенцкай прававой дзяржавы, а 19 сакавіка Рада Усебеларускага з’езду стала Радаю БНР. У Радзе ўжо даволі моцна гучалі галасы за тое, каб разарваць дзяржаўныя сувязі з Расіяй, каб Беларусь выйшла са складу гэтае дзяржавы.

12. Думку пра тое, што Вялікая вайна вядзе Беларусь да самавызначэння, што Беларусь не будзе складоваю часткаю Расіі, упершыню выказаў публічна ўвесну 1916 г. Антон Луцкевіч у газеце “Гоман”. Беларуская дзяржаўніцкая думка на паднямецкай тэрыторыі ў 1916–1918 гг. прайшла складаную эвалюцыю. Этапным дакументам была рэзалюцыя Беларускай Рады ў Вільні ад 16 лютага 1918 г. аб разрыве дзяржаўных адносін з Расіяй. Аналізуючы стан рэчаў, дзеячы БСГ у Вільні прыйшлі да высновы, што бальшавікі, якія дамовіліся наконт падзелу Беларусі з немцамі, могуць гэтак жа лёгка дамовіцца аб падзеле нашай краіны і з будучай Польскай дзяржавай. Абараніць інтарэсы Беларусі маглі толькі самі беларусы. А дзеля гэтага патрабавалася, каб БНР абвясціла ўсяму свету пра сваю незалежнасць, каб наша краіна стала суб’ектам міжнароднага права.

13. Прыезд у Менск на пачатку 20-х чыслаў сакавіка 1918 г. дэлегацыі Беларускай Рады ў Вільні ўмацаваў пазіцыі незалежнікаў у Радзе БНР. У фракцыі БСГ, якая мела большасць у Радзе, 23 сакавіка ўсталявалася аднадушша наконт абвяшчэння незалежнасці нашай краіны. Акт 25 Сакавіка быў прыняты насуперак сілам, якія выступалі за тое, каб Беларусь заставалася складоваю часткаю Расіі. Ідэя Беларусі як аўтаномнай часткі Расіі да таго часу ўжо аджыла сваё.

14. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці – галоўная падзея перыяду Першай сусветнай вайны ў нашай айчыннай гісторыі. З моманту абвяшчэння незалежнасці БНР галоўным прадметам спрэчак стала не так пытанне аб беларускай дзяржаўнасці, як пытанне аб тым, якою будзе гэтая дзяржаўнасць – дэмакратычнаю ці савецкаю. Бясспрэчным і зафіксаваным у бальшавіцкіх дакументах з’яўляецца факт: Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ) была створана адразу пасля Першай сусветнай вайны таму, што існавала Рада БНР, і таму, што Масква хацела мець квазідзяржаву, якая служыла б буферам паміж бальшавіцкай Расіяй і Захадам. Падыход бальшавікоў да беларускай дзяржаўнасці быў, такім чынам, інструментальны. Таму ССРБ узору 1919-га праіснавала няпоўныя два месяцы. Далейшае развіццё беларускага руху змусіла бальшавікоў спыніць эксперыменты з беларускай савецкай дзяржаўнасцю, вярнуць у склад ССРБ значную частку нашых усходніх земляў, забраных Расіяй у 1919 г.

15. Вайна спыняецца тады, калі заключаецца мір паміж пераможцамі і пераможанымі. Сур’ёзным палітычным мысліцелям было відавочна, што мірныя дагаворы, падпісаныя ў 1919–1920 гг. (так званая Версальская сістэма), нясуць у сабе пагрозу Другой сусветнай вайны. І прычынай гэтай вайны сталі ўчыненыя дзяржавамі-пераможцамі несправядлівасці да цэлых і краін і народаў. Як і Германія, дэмакратычныя дзяржавы Захаду (галоўным чынам Францыя і Вялікабрытанія) аказаліся няздольнымі вырашыць нацыянальнае пытанне ў Еўропе. У прыватнасці, яны не падтрымалі незалежніцкія імкненні беларускіх элітаў. Фактам ёсць, што гэтыя краіны былі ў саюзе з былой Расійскай імперыяй, што яны падтрымлівалі праімперскі і манархічны белы рух. Тое, што Беларусь не была вернута ў склад Расіі ды стала суб’ектам СССР і міжнароднага права, трэба цалкам запісаць у заслугу беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху і нацыянальна-вызвольным рухам іншых народаў былой Расійскай імперыі, якія асабліва ажывіліся падчас Першай сусветнай вайны і ў наступныя гады.

16. У час Першай сусветнай вайны, у эпоху рэвалюцый і распаду Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперыяў здзейсніўся першы пастулат беларускага руху – выхад Беларусі са складу Расіі. У 1991 г. здзейсніўся другі пастулат беларускага руху: Беларусь амаль адначасна з народамі Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Славеніі, Украіны і Харватыі стала незалежнаю дзяржаваю (пазней да гэтага кола далучацца Славакія і Чарнагорыя). Незалежнасць Беларусі стала магчымаю як вынік дэмакратычных рэвалюцыяў у Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе 1989–1991 гг. Распад СССР і з’яўленне на мапе Еўропы незалежнай беларускай дзяржавы былі для многіх на Захадзе нечаканасцю і нават недарэчнасцю і непатрэбшчынай, бо многія на Захадзе глядзелі на нашу краіну праз маскоўскую прызму або скрозь прызму сваіх інтарэсаў. Сацыял-дэмакраты ўпэўненыя, што раней ці пазней здзейсніцца і трэці пастулат беларускага руху – Беларусь стане дэмакратычнай прававой дзяржавай. Здзяйсненне гэтага пастулату залежыць ад таго, ці прыме беларускі народ дэмакратычныя каштоўнасці, ці знойдзе ў сабе рашучасць адстойваць іх у барацьбе з сіламі рэакцыі.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме