23:16 02.04.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Аляксандр Класкоўскі: Трэба ствараць шырокі плацдарм незалежнасці Беларусі ва ўсіх сферах

2 красавіка кампанія "Гавары праўду" правяла круглы стол "Што гарантуе беларускую незалежнасць" з удзелам грамадскіх актывістаў і экспертаў.

"Сёння трэба думаць пра тое, каб ствараць шырокі плацдарм незалежнасці ва ўсіх сферах, — лічыць палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. — Па-першае, рэфармаваць і діверсіфікаваць эканоміку. У палітыцы, па ідэі, ўлада мусіць абапірацца на свядомых грамадзян, але ж гэтых свядомых грамадзян б'юць дручком па галаве — сапраўдны патрыятызм, не паказны, не казённы, уладзе не патрэбен, яна баіцца — гэта небяспека менавіта для аўтарытарнага рэжыму. І вось карэнная праблема для Беларусі — у рэфармаванні ўсіх сфер, бо толькі моцная сучасная эканоміка, плюралістычнае грамадства, палітычная канкурэнцыя могуць ствараць заслон пагрозе паглынання Беларусі".
Паводле слоў Класкоўскага, пагроза незалежнасці мусіць ацверазіць і ўладу, і апазіцыю, якая "загулялася ў міжсабойчыкі", што сёння ёсць звышкаштоўнасць, якую трэба абараніць — гэта незалежнасць Беларусі.

"Калі казаць пра пагрозы, якія ўплываюць на ўстойлівасць беларускай дзяржавы, — сказаў у інтэрв'ю БелаПАН палітолаг Юрый Чавусаў, — адной са стратэгічных мне бачыцца эканамічная пагроза. Беларусь залежная ў эканамічным плане ад ўсходняга суседа, прычым гэта залежнасць дваістая — з аднаго боку, наша вельмі энергетычна стратная прамысловасць залежная ад танных энерганосьбітаў, з іншага боку, беларуская індустрыя залежная ад расійскіх рынкаў збыту. І ў доўгатэрміновай перспектыве, калі не адбудзецца мадэрнізацыя прамысловасці, мы страцім расійскія рынкі збыту, а гэта, у сваю чаргу, дэстабілізуе сітуацыю ўнутры краіны".

На думку Чавусава, ёсць таксама неабходнасць прыцягваць у Беларусь інтарэсы іншых буйных суб'ектаў, якія былі б зацікаўленыя ў размяшчэнні тут прамысловасці. Бо зараз, па вялікім рахунку, адзіны суб'ект, які зацікаўлены ў Беларусі — гэта Расія, у меншай ступені — Еўрасаюз. А гэта недастакова для таго, каб трымаць баланс на тэрыторыі краіны і мець гарантыі яе незалежнасці".Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме