14:15 18.04.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алена Анісім: Іду на выбары ад трэцяй сілы

Першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» (ТБМ) Алена Анісім ідзе на прэзідэнцкія выбары.

Рашэнне не толькі прынятае, але ўжо распрацаваная перадвыбарчая праграма кандыдата, якая называецца “7 крокаў да заможнага жыцця”.

Прэтэндэнтка абяцае ўсю прэзідэнцкую кампанію правесці выключна на адной дзяржаўнай мове – беларускай.

Галоўная задача Алена Анісім – згуртаваць людзей на базе захавання Беларусі і яе цывілізацыйнага развіцця. Калі ўдасца рэалізаваць першасныя мэты, то гэта і стане яе перамогай.

Госця Алена Анісім.

-Ці не астудзіў вашы прэзідэнцкія амбіцыі датэрміновы сыход з дыстанцыі Вольгі Карач, руха “За свабоду” і Уладзіміра Някляева?

-Я казала, што гатовая ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі задоўга да іхняга зыходу. І маё рашэнне было цалкам узважанае і ўсвядомленае па той простай прычыне, што вельмі важна абазначыць у нашым грамадстве сілу, дакладней – нацыянальна-патрыятычныя сілы, якія ў вельмі няпростых геапалітычных абставінах павінныя заявіць: мы хочам і будзем адстойваць незалежнасць сваёй краіны. Мы хочам жыць у сваёй краіне, самі вырашаць свой лёс і заставацца незалежнай дяржавай.

-Але прыкладна такую ж пазіцыю дэкларуе Партыя БНФ, іншыя грамадска-палітычныя структуры. У чым розніца паміж сіламі, якія будзеце прадстаўляць вы, і тытульнай апазіцыяй?

-Розніца палягае ў тым, што, акрамя заяў, мы яшчэ праводзілі і Кангрэс за незалежнасць. Мы запрашалі апазіцыю на Кангрэс, але яна зрабіла выгляд нібыта ўсё добра, ды да Кангрэса так і не дайшла, вядома, і не паставіла свае подпісы пад Маніфестам за незалежнасць.

Не ведаю, што гэта было – магчыма, рэўнасць, што з’явіўся новы ігрок на “іхнім” полі. Але напрыканцы 2014 года, пакуль не ўступіла ў сілу дамова пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза, вельмі важна было абазначыць, што ў Беларусі ёсць сілы, для якіх незалежнасць Беларусі – найвышэйшая каштоўнасць.

-Гэта і ёсць тая трэцяя сіла, пра якую столькі гаварылася?

-Фактычна так мысліць кожны сярэднестатыстычны беларус. Кожны сярэднестатыстычны беларус хоча жыць у сваёй краіне, і жыць годна і заможна, у згодзе, у ладзе са сваімі суседзямі, спавядаць сваю гісторыю, культуру. Адным словам – гэта нармальны цывілізаваны падыход.

-Але кожны сярэднестатыстычны беларус апалітычны. Як пераадолець апалітычнасць і прыцягнуць сярэднестатыстычнага беларуса на свой бок?

-У тым уся і справа. Калі я буду гаварыць пра тое, чым даражу, у часе палітычнай кампаніі, гэта можа знайсці водгук у людзей, і яны падтрымаюць, прагаласаваўшы пад час палітычнай кампаніі: актыўныя – падпішуць Маніфест, больш актыўныя – уступяць у ініцыятыўную групу, будуць збіраць подпісы, – гэтыя людзі займеюць магчымасць абазначыць свае каштоўнасці і палітычныя погляды.

-Для правядзення дастойнай палітычнай кампаніі патрэбныя рэсурсы – людскія і фінансавыя. На каго вы збіраецеся абаперціся пад час прэзідэнцкай кампаніі?

-Зараз вядуцца перамовы з рознымі людзьмі, вядомымі людзьмі – як толькі будзе дасягнутая дамоўленасць і людзі дадуць згоду, каб стаць даверанымі асобамі кандыдата ў прэзідэнты, мы адразу ж скажам. А зараз мы толькі вядзем перамовы.

Абапірацца мы будзем на актыўных людзей, з кім ужо працавалі, кантактавалі па розных напрамках і рэгіёнах.

Што да фінансавага рэсурса, то ТБМ выжывала і выжывае толькі за кошт падтрымкі нашых людзей, за кошт іх ахвяранняў. Таму пытанне на сённяшні дзень можа стаяць толькі так.

Калі зыходзіць з усіх крытэраў, то незалежнасць сваёй краіны заўсёды бароніць сам народ, а не нехта звонку. Звонку могуць толькі прэтэндаваць на нешта, але ніякім чынам не падтрымліваць незалежнасць.

-А з тытульнай апазіцыяй вы ніякіх стасункаў не маеце?

-У нас нармальныя добрыя стасункі з лідэрамі апазіцыі. Зусім нядаўна я прымала ўдзел у запісу перадачы на АГП-ТВ, дзе мы спакойна размаўлялі і з Анатолем Лябедзькам, і з Віктарам Карніенкам. Справа ў тым, што паміж намі няшмат разыходжанняў адносна незалежнасці Беларусі.

Чаму я вырашыла балатавацца ў прэзідэнты? З аднаго боку – існуе ўлада, некаторыя чыноўнікі зямлі пад сабой не адчуваюць: яны гатовыя вяршыць лёсы, не азіраючыся. З іншага боку, ва ўладзе ёсць людзі, якія не менш нас з вамі дбаюць пра незалежнасць краіны, напэўна, яны думаюць і пра лёс сваіх дзяцей з унукамі.

А ёсць апазіцыя, якой многае ставіцца ў віну. Больш за тое, людзі сёння баяцца ісці ў апазіцыю, зважаючы на нашыя ўрокі і на ўрокі суседніх краін. Трэба каб нехта, не будучы ў апазіцыі, не з’яўляючыся антаганістам гэтых людзей і здаровых іх поглядаў, выказаў іхнюю лінію. Таму я і спрабую вытрымаць нейтральную лінію. Мая мэта і маіх аднадумцаў – згуртаваць людзей на базе захавання нашай краіны і яе цывілізацыйнага развіцця.

-Наколькі вялікія пагрозы для Беларусі страціць сваю незалежнасць? Не толькі з-за таго, што з 1 студзеня ўступіла ў сілу дамова пра ЕАЭС, але і ў сувязі з беларуска-расійскімі дачыненнямі.

- Сітуацыя ўвесь час вагаецца. З аднаго боку, існуюць сілы, зацікаўленыя ў інкарпарацыі, аншлюсе Беларусі – часам яны дзейнічаюць правакацыйна, робячы захады ў расійскай прапагандзе. Такія наступы “русского мира» знаходзяць водгук у пэўнай катэгорыі грамадзян і ў Беларусі, якія безадносна да нацыянальнасці па нейкіх асабістых матывах схільныя прыняць моцную, яшчэ больш моцную руку. Але 16 красавіка Пуцін ужо публічна заявіў, што не збіраецца адраджаць Расійскую імперыю. Беларусь сёння знаходзіцца ў падвешаным стане, які не дае заспакоіцца. Мне падаецца, што якраз пад час прэзідэнцкай палітычнай кампаніі нам вельмі важна прадэманстраваць менавіта еднасць грамадства ў імкненні да незалежнасці. З’яднанае грамадства можа па-рознаму глядзець на неабходнасць рэформ, на хуткасць іх правядзення, на першачарговасць, але ў пытанні захавання краіны мы адзіныя.

-Апазіцыя, не здолеўшы абраць адзінага кандыдата, скіравала сваю рыторыку ў іншае рэчышча – на жаночы фактар. Вы вылучаецеся ў прэзідэнты, “Гавары праўду” вылучае сваю кандыдатку, БСДП (Грамада), магчыма, вылучыць сваю прэтэндэнтку. Ці мае жаночы фактар нейкае значэнне ў беларускіх “выбарах”?

-Безумоўна, жаночы фактар мае значэнне, і даволі значнае. Упершыню прэзідэнцкая кампанія пачынаецца з удзелу нават не адной, а некалькі жанчын. На першы погляд, ідзе непрыняцце жанчыны ў палітыцы. Але калі сітуацыя развіваецца далей, грамадства пачынае прызвычайвацца і глядзіць на гэта крыху інакш – больш крытычна, паблажліва.

З іншага боку, нам трэба расці. Не так важна, хто іменна ўзначальвае краіну; трэба мець каманду, вызначыць курс развіцця і вызначанае грамадства. А хто будзе ўзначальваць краіну – гэта пытанне тэхнічнае.

Праўда, сам факт удзелу жанчын у выбарчай кампаніі – станоўчы фактар. Ён паказвае, што ў Беларусі дастаткова жанчын, падрыхтаваных займаць пасады на розных узроўнях улады. З другога боку, жанчына побач зніжае агрэсіўнасць мужчын, яны пачынаюць больш абачліва разважаць, думаць. Калі жанчыны не ўвязваюцца ў гульні, дзе дамінуюць абразы і знявагі, то гэта таксама надае палітычнай кампнаіі еўрапейскі цывілізаваны дух.

-Думаеце, Лукашэнка адмовіцца ад жорсткіх метадаў барацьбы і стане джэнтльменам?

-Я не стаўлю задачу, каб нехта нешта зрабіў – гэта выбар чалавека. Я стаўлю тыя задачы, які я бачу перад сабой: праводзіць гэтую кампанію як у еўрапейскай цывілізаванай краіне, дзе няма месца абразам, знявагам, хлусні. Я за дыялог, за размову, дыскусію, абмен аргументамі.

-Многія эксперты лічаць, што прэзідэнцкая кампанія ўжо прайграная для дэмакратычнай Беларусі. Гучаць галасы, што лепш аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Масквы, чым стаць “Северо-Западным краем” Расіі. Вы падзяляеце такі падыход?

-Я не падтрымліваю пазіцыю аб’яднанне "супраць", я выступаю за аб’яднанне “за”. Калі мы аб’ядноўваемся для ўмацавання краіны знутры, каб яе не расхіствалі правакацыйнымі лозунгамі, я не бачу прычыны, каб аб’ядноўвацца толькі вакол аднаго лідэра. Мы павінны абмяркоўваць, як мы рухаемся, куды і навошта.

-Вы ідзяце на выбары, каб…

-Я сваю кампанію буду праводзіць толькі на дзяржаўнай беларускай мове. Каб яшчэ раз сцвердзіць, што ў Беларусі здаровыя нацыянальныя патрыятычныя сілы, якія здольныя вырашаць пытанні ўнутры краіны – палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, культурныя. І здольныя адказваць на выклікі.

-Вы ідзяце на кампанію ці на перамогу?

-Перамога можа быць рознага ўзроўню. Калі ўдасца рэалізаваць мае першасныя мэты, гэта ў значнай ступені ўжо перамога. А як далей будзе развівацца сітуацыя – час пакажа.

-Вашае вылучэнне кандыдатам мусіць быць фармалізаванае праз Кангрэс за незалежнасць?

-Не. Закон дазваляе вылучаць кандыдата ў прэзідэнты шляхам збору подпісаў. Думаю, я буду вылучацца менавіта такім чынам.

-Дарэчы, час ужо рыхтаваць другі Кангрэс за незалежнасць, які арганізатары абяцалі праводзіць кожныя паўгода.

-14 сакавіка прайшла эканамічная сесія Кангрэса за незалежнасць, дзе выступалі Леанід Злотнікаў, Станіслаў Багданкевіч, Барыс Жаліба.

Зараз будзем рыхтаваць палітычную сесію Кангрэса; магчыма, яна не стане шматлюдным мерапрыемствам, галоўнае – абмеркаваць палітычныя моманты, якія маюць значэнне для развіцця краіны. Гэта і стан нашага апалітычнага грамадства, што з гэтым рабіць, пытанні працэдур, магчымасць пераменаў.

Магчыма, мы абмяркуем свае далейшыя крокі пасля прэзідэнцкай кампаніі. Вельмі важна не забыць, што ў аснове будаўніцтва нашай дзяржавы ляжыць Канстытуцыя 1994 года. Праз якія механізмы можна вярнуцца да вытокаў – думаю, таксама будзем абмяркоўваць.

-А як успрынялі вашае рашэнне балатавацца ў прэзідэнты на АНТ?

-Я не працавала на АНТ, а прымала ўдзел у падрыхтоўцы перадач пра гісторыю беларускіх слоў і выразаў як навуковы супрацоўнік. У ранішнім эфіры разам з Андрусём Такіндангам на працягу пяці гадоў штоаўторак і шточацвер (нейкі час па серадах і пятніцах) мы распавядалі каротка на беларускай мове пра некаторыя цікавыя словы. Але час ішоў, праграма павінна была трансфармавацца, бо пяць гадоў – значны час. Да таго ж рэдактары змяняліся. Так супала, што перадача перастала выходзіць у эфір пасля таго, як я абвесціла пра гатоўнасць вылучыць сваю кандыдатуру падчас сёлетняй палітычнай кампаніі.

-Сям’я гатовая змірыцца з тым, каб дзяліць маці і жонку з цэлай краінай? Сямейным колам абмяркоўвалі вашы прэзідэнцкія амбіцыі?

-У нашай сям’і актыўна цікаўлюся палітыкай толькі я. Напэўна, гэта ўплыў майго бацькі, вясковага настаўніка, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай у свой час. Менавіта ён вучыў мяне думаць крытычна і схіляў да таго, каб я працавала з людзьмі. А ў нашай сям’і досыць дэмакратычныя адносіны, кожны бярэ на сябе тую частку абавязкаў, якую можа. Галоўнае – мы ведаем, што любім адзін аднаго і заўсёды падтрымаем у любой сітуацыі.

Фота: Наша ніва

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме