21:30 11.12.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алег Волчак: Прэзідэнцкая кампанія – складаны час і для праваабаронцаў

Праваабаронца Алег Волчак кажа, што за гэты год сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася.

Алег Волчак:У гэтым годзе хапала адвольных затрыманняў актывістаў, былі арышты па крымінальных справах… Няма ніякіх зрухаў па рэгістрацыі арганізацый, незалежныя праваабарончыя інстытуты не падключаюць да работы па мадэрнізацыі судова-прававой сістэмы. Трэба сказаць, што ў 2014 годзе ў Камітэце па правах чалавека ААН прайшло шмат станоўчых працэсаў, якія датычыліся грамадзян і арганізацый Беларусі, а наша арганізацыя ў сваю чаргу адзначыла, што ў краіне расце карупцыя сярод суддзяў і пракурораў. Асабліва вялікая карумпаванасць у рэгіёнах, і гэта толькі перашкаджае законнасці.

РР: Вы займаліся справай сям’і зніклага Юрыя Захаранкі. Што чуваць зараз?

Алег Волчак:Мы прасілі спыніць следства за даўнінай часу, і сям’я павінна была пасля гэтага атрымаць на рукі дакументы, з якіх было б бачна, як вялося ўвесь гэты час следства. Аднак, відаць, спыняць справу і не збіраюцца, каб дакументы не сталі вядомымі грамадскасці. Да таго ж, калі Захаранку не прызнаюць памерлым, то сям’я не можа вырашыць і лёс нерухомасці, якая належыла Юрыю Захаранку.

РР: Тэма палітзняволеных па-ранейшаму на павестцы дня?

Алег Волчак:Яна будзе гучаць, пакуль за кратамі будзе заставацца хоць адзін палітвязень. Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі кажуць, што Еўразвяз у гэтым накірунку мала што робіць, але я з такой пазіцыяй нязгодны. Бо бачу, што еўрачыноўнікі пры кожнай магчымасці падымаюць гэтае пытанне. Усім зразумела, што Беларусь хоча супрацоўнічаць з Еўразвязам без аніякіх абмежаванняў, але для гэтага застаецца бар’ер – палітзняволеныя. І датэрміновае вызваленне Алеся Бяляцкага яшчэ раз паказвае, што беларускія ўлады і хацелі б пазбавіцца ад ганебнага кляйма з палітвязнямі, і ў той жа час баяцца паказаць сваю слабасць. У такіх выпадках кажуць: і хочацца, і не можацца. Але так ці інакш, а праз нейкі час на волю выйдуць усе. Іншая справа, ці не насаджае ў турмы палітвязняў улада і падчас чарговай прэзідэнцкай кампаніі?

РР: Які ваш прагноз на будучы год? Можа ў Беларусі зменіцца сітуацыя з правамі чалавека?

Алег Волчак:Як ужо казаў, прэзідэнцкая кампанія – складаны час і для праваабаронцаў, і для ўлады, таму што апошняя можа пачаць (а, хутчэй за ўсё, так яно і будзе) закручваць гайкі. Таму зменаў сітуацыі не прадбачу, усё будзе дастаткова ў жорсткіх межах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме