22:45 15.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ: СУПРАЦЬ УСІХ

Працую ў Нацыянальнай бібліятэцы. У гэтыя дні ў ёй даволі людна: у студэнтаў залікі, наперадзе сесія, у людзей з дыпломамі свае клопаты.

Я засеў у 1930-х гадах. Мае калегі і знаёмцы таксама пераважна вывучаюць мінуўшчыну, але калі распроставаюць спіны, устаюць з-за сталоў, каб трохі размяцца, усе вяртаюцца да сучаснасці. І задаюць пытанне: за каго вы будзеце галасаваць?

Я паціскаю плячыма.

Сапраўды, за каго мне галасаваць?

Логіка падказвае: там, у спісе кандыдатаў, лічыцца Мікалай Статкевіч, які падкрэслівае сваю сацыял-дэмакратычнасць. Але я не ведаю, што за каманда ў Статкевіча, каго ён у разе (гіпатэтычнай) перамогі прапануе на пасады галавы ўраду, міністраў і г. д. Я не чуў, каб перад выбарчай кампаніяй Статкевіч звяртаўся па дапамогу да БСДП, і ведаю, што ў яго камандзе цяпер працуюць толькі некалькі сябраў партыі. Нарэшце, я ведаю, што Статкевіч не сабраў 100 тысяч подпісаў.

Зрэшты, не адзін Статкевіч не сабраў 100 тысяч подпісаў.

Здаючы у Цэнтральную камісію сабраныя подпісы, Статкевіч і яшчэ як мінімум пяць прэтэндэнтаў разлічылі дакладна. Калі ўлада іх не зарэгіструе, можна будзе падняць галас і лямантаваць пра антынародны рэжым. Але ўсе гэтыя шэсць хлопцаў былі ўпэўненыя, што ўлада іх зарэгіструе. Было відавочна: улада, якая даўно ператварыла выбары ў фарс, на гэты раз звядзе іх да абсурду, г. зн. зарэгіструе ўсіх ці амаль усіх, хто здасць у Цэнтральную камісію хоць бы і пяць-сем тысяч подпісаў.

Пра намер улады здагадваліся ці ведалі не толькі прэтэнтэнды. 31 кастрычніка дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання Павел Знавец прапаноўваў прыняць ад імя БСДП заяву пра тое, што рэальна больш за 100 тысяч подпісаў сабралі толькі тры альтэрнатыўныя прэтэндэнты. Але заява не была прынята, бо было відавочна, што ўлада зарэгіструе калі не ўсіх, дык амаль усіх. Бо ёй, уладзе, гэта выгадна.

Такім чынам, я не магу галасаваць за сем кандыдатаў. Прозвішча першага сярод іх добра вядомае і за межамі краіны. Ён спрабуе трымаць за дурняў не толькі суграмадзян, але і Еўропу з Расеяй і Штатамі. Прозвішчы шасці вядомыя пераважна палітычна актыўным грамадзянам Беларусі. Гэтыя шэсць спрабуюць трымаць за дурняў суграмадзян і сваіх дабрадзеяў за мяжою. Праўда, шмат яны не дасягнулі. І не дасягнуць.

Застаюцца тры альтэрнатыўныя кандыдаты. Але тут зноў узнікае сітуацыя з катом у мяшку. Як і ў выпадку з Мікалаем Статкевічам, я не ведаю, хто з вядомых палітыкаў уваходзіць ў каманды кожнага з іх, каго кожны з іх прапануе на пасаду прэм’ер-міністра і г. д.

Мае калегі па працы ў Нацыянальнай бібліятэцы, пытаючы, за каго я буду галасаваць,  схіляюцца да думкі, што трэба галасаваць супраць усіх. Маючы на ўвазе альтэрнатыўных кандыдатаў, мае калегі кажуць: калі яны не здолелі дамовіцца пра адзінага, ім трэба было зняцца. Калі яны не захацелі прыслухоўвацца да голасу сваіх патэнцыйных выбаршчыкаў, выбаршчыкі павінны прагаласаваць і супраць іх, і супраць Лукашэнкі.

На жаль, кандыдаты на пасаду Прэзідэнта і ўсе, хто лічаць сябе вялікімі палітыкамі, у Нацыянальную бібліятэку не ходзяць. А там, у бібліятэцы, сядзяць, як я здагадваюся, разумныя людзі. І іхнімі вуснамі прамаўляюць іх калегі, якія працуюць ва ўніверсітэтах, інстытутах. Карацей, значная частка дэмакратычна настроенай інтэлігенцыі, якую некаторыя прэтэндэнты вырашылі трымаць за дурняў.

Анатоль Сідарэвіч

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме