11:01 29.04.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Аўтаўладальнікі зноўку ўзбунтаваліся











Аўтаўладальнікі д.64 па пр-ту Дзімітрава зноўку ўзбунтаваліся

У двары магілёўскага дворыка катастрафічна не хапае парковачных месцаў.

Аўтаўладальнікі д.64 па пр-ту Дзімітрава самаарганізаваліся і патрабуюць ад мясцовых чыноўнікаў капітальны рамонт двара з будаўніцтвам дадатковых парковачных месцаў. План рэканструкцыі двара яны просяць вынесці на грамадскае абмеркаванне, якое просяць правесці ў будынку сярэдняй школы №39.



Учора, 28 красавіка, іх сабралася каля 20 чалавек, каб падпісацца пад калектыўным зваротам ў Магілёўскі гарвыканкам. Пару тыдняў назад на агульным зборы, які арганізавалі мясцовыя актывісты, прысутнічала каля 60 чалавек - усе сабраўшыяся жыва абмяркоўвалі сітуацыю з паркоўкамі.



Жыхары ўзгаданага дома ўжо пяты год вядуць барацьбу за дадатковыя парковачныя месцы для сваіх аўто. Людзі не раз складалі калектыўныя звароты на імя магілёўскіх чыноўнікаў і камунальнікаў. Чыноўнікі ўвесь час абяцалі вырашыць праблему, у тым ліку за кошт нявыкарыстанай тэрыторыі каля 1-4 пад’ездаў дома, аднак гэтае пытанне дагэтуль павісла ў паветры. Магчыма, гэтую тэрыторыю мясцовыя ўлады хочуць выкарыстаць для будаўніцтва чарговай крамы, як гэта было зроблена ў суседнім двары д.70.



Пры вызначэнні дакладнага месца пад новую паркоўку паміж суседзямі разгарэліся спрэчкі: дзе менавіта класці асфальт? Таму ў калектыўным звароце людзі просяць улады: арганізаваць грамадскія абмеркаванні агучанага пытання, каб усе зацікаўленыя бакі сярод якіх аўтаўладальнікі, маці з маленькімі дзецьмі і суседзі-сабакаводы маглі выказацца і разам знайсці кампраміснае рашэнне.


Людзі спадзяюцца, што на іх намаганні будзе адпаведная закону рэакцыя, бо пакуль што мясцовы ЖЭЎ толькі пагаршае і без таго складаную сітуацыю. Літаральна на днях пры дапамозе шын і металічных канструкцый была заблакавана тэрыторыя за дзіцячым садком, якая раней жыхарамі дома выкарыстоўвалася для паркоўкі. Там магло размясціцца каля 10 машын. Разам з тым усталяванне бар’ераў замінае і развароту. Цяпер, даехаўшы да канца васьмі пад’езднага дому, машыны не могуць развярнуцца на вузкай тэрыторыі і вымушаны здаваць задам. Адсюль новыя праблемы: пацёртыя бамперы і люстэркі на прыпаркаваных уздоўж дваравога праезду машынах.


Першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і былы жыхар д.64 па пр-ту Дзімітрава Ігар Барысаў некалькі год змагаўся за капітальны рамонт дваравой тэрыторыі, бо двор на дадзены момант ужо 36 год без рамонта:

- Была напісана ні адна скарга чыноўнікам. Цэнтралізаваны збор подпісаў праходзіў ні адзін раз. Пад зваротамі падпісвалася па 200 чалавек, аднак нам так і не атрымалася дабіцца рэканструкцыі дваравой тэрыторыі ў тым аб’ёме, як таго хацелі. Дробныя касметычныя з’явы накшталт ямачнага рамонту, пашырэння дарогі на ўездзе ў двор, усталявання дарожнага знака, з’яўлення дарожнай разметкі, рамонта лесвіц і пешаходных дарожак, рамонта лавак і дзіцячых пляцовак выконваліся, але пытанне з дадатковымі парковачнымі месцамі так і не было вырашана. Таму ініцыятыва жыхароў дома заканамерная, бо асноўнае пытанне - пытанне з паркоўкамі не вырашана дагэтуль.

Трэба адзначыць, што пасля мінулых калектыўных зваротаў адмысловая камісія хадзіла па кватэрах і прапаноўвала кожнаму падпісанту зварота заплаціць па 5 мільёнаў рублёў за парковачнае месца. Людзі пісьмова адмаўляліся. Такім чынам, чыноўнікі збівалі пратэстны імпэт, але агульнае рашэнне, якое б задавальнала ўсіх, так і не было знойдзена.



Людзі бачаць, як выкарысталі аналагічную зялёную зону перад суседнім домам - пабудавалі Еўраопт. Чарговы гандлёвы цэнтр на мікрараёне не патрэбны - іх і так дастаткова і таму, пакуль ёсць вольнае месца каля дома, людзі просяць прыстасаваць яго пад паркоўку.

Галерэя

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме