22:36 15.09.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Нататкi пра «дагiстарычны» фашызм

21:24, 15 Сентября | Андрэй Расінскі,

Частка І

Прагаварыўся!

Адстаўны сілавік Юры Сівакаў прапанаваў беларускім афіцэрам кодэкс гонару, складзены Адольфам Гітлерам.

Мы, вядома, падазравалі, што да чаго, але каб настолькі…

Рэжым Лукашэнкі ўжо неаднойчы абвінавачвалі ў фашызьме. «Самі фашысты!» – агрызаўся рэжым, а ягоны правадыр навязьліва ачольваў калёны вэтэранаў.

Патыхае скандалам, каб у краіне, якая пацярпела ад нацызму, атабарылася фашыстоўская дыктатура – але, то сам галоўны герой прызнаецца ў любові да Адольфа Гітлера, то рэжымны ідэёлаг заявіць пра «карпаратыўную дзяржаву» – афіцыйную дактрыну Бэніта Мусаліні – то вытыркнецца чарговая гнюсная недарэчнасьць.

Насамрэч, мясцовая дыктатура – гэта не нацысцкі рэжым з канцэнтрацыйнымі лягерамі, газавымі камэрамі і шыхтамі забойцаў. Але ёсьць шчэ італьянскі фашызм, хаатычны і недакладны.

«Фашыстоўская догма заключаецца ў тым, што яе няма», – заяўляў Мусаліні.

Аўтары шматлікіх падручнікаў па дзяржаўнай ідэалёгіі могуць тое ж самае сказаць пра свой прадмет. Ніхто цямна ня ведае, чым ёсьць лукашызм – ані ягоныя платныя абаронцы, ані імпэтныя апанэнты – і такая ж «паразмыванасьць» адбывалася зь першасным, італьянскім, фашызмам.

Умбэрта Эка ў артыкуле «Вечны фашызм» (ур-фашызм) даў абагульненае апісаньне брунатнай чумы і вылучыў 14 яе прыкметаў [1].

Сьціплая тутэйшая дыктатура мае ўсе пазнакі «вечнага фашызму» – з улікам сучаснасьці й каляніяльных беларускіх рэалій.

1. «Культ традыцыі» [2].

Здаецца, гэтая прыкмета зусім не пасуе мясцоваму фашызму. У лукашэнкаўскай дыктатуры няма сынкрэтычных акультных крыніцаў з Граалем, алхіміяй, Юліясам Эволам і «Пратаколамі Сіёнскіх мудрацоў» (хаця Эдуард Скобелеў і Юры Азаронак у гэтым накірунку працуюць). Няма старажытных герояў, Нібэлунгаў, Крымгільдаў і Цэзараў. Няма мяшанкі з Маркса, Габіна і статутаў рыцарскіх ордэнаў.

Панурае балота – гэта не камора старызьніка, паназабіваная адкінутым ламаччом. Але на нішчымным балоце ганарова ўвышаюцца статуі Сталіна й Дзяржынскага.

Гэтыя таварышы прадстаўленыя не як героі савецкай улады (нат праўладная КПБ вядзе каматознае існаваньне) – але як пашаноўныя каты, тыраны – узоры для дыктатарскіх перайманьняў.

Калі б «трашчанкоўская» адукацыя дазваляла, то знайшліся б падобныя фігуры і ў далёкім мінулым. Так Лукашэнка прысутнічаў на спэктаклі «Вітаўт» – і нат на тэму княжацкай улады выказаўся.

У казачнай «Анастасіі Слуцкай» адмоўныя героі – здраднікі, незадаволеныя зацісканьнем дэмакратыі (!), адпаведна, аўтарытарны князь і княгіня – пэрсанажы станоўчыя.

І ўсё ж такі, мясцовы фашызм бедны на культ традыцыі. Але ў лукашызьме, акрамя тыранскіх савецкіх стодаў – ёсьць культ дагісторыі, паганскіх звычак і рытуалаў.

Тутэйшы фашызм – «дагістарычны», аграрны, узгадаваны на пастаральных пэйзажах і архаічных сымбалях.

Настырныя Дажынкі, камбайнэры-героі, калгасны герб, які зьмяніў хрысьціянскага коньніка, – і сьцяг з пахавальным арнамэнтам. У свой час Гімлер таксама захапляўся паганскімі «вяночкамі», арыйскімі аграрнымі абрадамі й арнамэнтам-рунамі, а «бітва за хлеб» была ўдарнай тэмай мусалініеўскага мастацтва.

Традыцыі лукашызму – гэта «цуд некранутай прыроды», Белавеская пушча, бабры й совы ў рэклямных паўзах. Гэта гісторыя з чыстага аркуша, «само жыцьцё», на якое ўвесь час рэжым спасылаецца – жыцьцё натурнае й беспамятнае.

Некалі прыродныя замалёўкі амэрыканца Флаэрці вельмі упадабаліся Гебельсу. Ён патрабаваў ад дакумэнталістаў менавіта такіх кадраў – вітальных, чыстых, энэргічных.

Кадры беларускае тэлевізіі з бусламі, рарытэтнымі кветкамі й чысьцюткімі блакітнымі азёрамі – пазбаўленыя людзкой гісторыі, гэта радыкальны запаведнік-ізалят, месца, дзе час і не пачынаўся.

І над гэтым месцам, як дух над водамі, лунае Бацька на гелікоптэры.

2. «Традыцыяналізм непазьбежна вядзе да непрыманьня мадэрнізму…. Час Рацыяналізму бачыцца як пачатак сучаснай разбэшчанасьці. Таму ур-фашызм можа быць вызначаны, як ірацыяналізм» [3].

Лукашызм – ірацыянальны. Да кампутараў, мабільных тэлефонаў і сеціва ён ставіцца з падазронасьцю, хаця й заводзіць дзеля прэстыжу гутарку пра Сыліконавую нізіну.

У лукашызьме «адмаўленьне сучаснага сьвету адбывалася пад шыльдай адмаўленьня ад капіталістычнай сучаснасьці» [4].

Аграгарадкі, «чарка ды скварка», праклёны заходнім дэмакратыям ёсьць агрэсіўнымі ўцёкамі ад рэалій.

3. «Ірацыяналізм моцна зьвязаны з культам дзеяньня дзеля дзеяньня… Падазронасьць да інтэлектуальнага сьвету заўжды сыгналізуе прысутнасьць ур-фашызму» [5].

У гэтым пункце лукашэнкаўскі фашызм па-за канкурэнцыяй. Лыжныя забегі, непатрэбныя хакейныя матчы, абавязковы псэўдаспартовы ідыятызм.

Калі калгасьніца абураецца, што «яны там мітынгуюць, а трэба працаваць у полі» – яна фашыстка. Калі тэлевізія зьдзекуецца з «балбатуноў-дэмакратаў», бо толькі «кіраўнік дзяржавы і займаецца справамі» – гэта фашызм.

Самая ганаровая прафэсія ў Беларусі (пасьля прэзыдэнта) – амапавец-гопнік, які зьбівае інтэлігентаў і кідае іх турмы.

А такога гвалтаваньня Акадэміі навук, як у Беларусі, не дазваляў сабе ні Гітлер, ні Мусаліні. З часоў Сярэднявечча навуковая супольнасьць была аўтаномнай, што гарантавала ў тым ліку й эфэктыўнасьць навукі.

Напляваць!

Важней кантроль за гэтымі яйкагаловымі – і на пасаду Прэзыдэнта АН прызначаецца (!!) – насуперак усім акадэмічным працэдурам – правераны чыноўнік.

4. «У вачох ур-фашызму нязгода ёсьць здрадаю» [6].

І гэтае правіла ў Беларусі выконваецца. Апанэнты рэжыму адразу пераходзяць у рэгістар здраднікаў, якія «прадаліся за 20 даляраў», «купленыя Захадам і расейскімі алігархамі».

«Канструктыўная апазыцыя», пра якую заяўляе Лукашэнка, мусіць пагаджацца з усімі рэжымнымі пастановамі – і таму гэтую няісную мару цяжка назваць апазыцыяй, а толькі дыктатарскім пажаданьнем.

5. «Нязгода – гэта яшчэ і знак іншасьці… Першасныя лёзунгі фашызоіднага… руху скіраваныя супраць іншародцаў. Ур-фашызм… па вызначэньні заснаваны на расізьме» [7].

У нас гэтая прыкмета стоеная й няяўная. Мае сэнс гаварыць пра «пазычаны расізм», калі ганьбуюцца правы тытульнай нацыі.

«Беларусы – тыя ж рускія, толькі са знакам якасьці», – гэтая фраза Лукашэнкі зьяўляецца існасьцю «пазычанага расізму», заснаванага на фобіях «заходнерусізму» і панславізму.

«Знак якасьці» ўвасабляецца зь першых дзён рэжыму – без аніякіх хібаў і з абсалютнаю пасьлядоўнасьцю. Пасьля рэфэрэндуму 95 году навучаньне на беларускай мове скарачаецца штагод – і няма аніякіх намёкаў, што гэта спыніцца. Адмененыя іспыты па беларускай літаратуры, зьнішчаны Беларускі гуманітарны ліцэй, вышвырнуты на вуліцу Саюз Беларускіх пісьменьнікаў, а на ягоным месцы зьявілася фікцыя пад кіраўніцтвам Чаргінца.

Лютая атака на мову не зьяўляецца выпадковасьцю. Сам Лукашэнка мовай не валодае – і яе ня любіць. Мова – непадкантрольная кіраўніку, што разглядаецца, як падрыў і пагроза адзінаасобнай улады [8].

Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік. З падачы Францішка Багушэвіча мова сталася стрыжнявым нацыявызначальным момантам. У краі, падзеленым канфэсійна й сацыяльна, гэта здавалася слушным. Але адроджаная нацыя кепска ўпісваецца ў іржавы фармат бюракратычнага апарату [9] – калі, адпаведна з фашыстоўскаю практыкай, усё мусіць атаясамлівацца зь дзяржавай, а дзяржава – з адным чалавекам.

У зьнішчэньні беларушчыны можна бачыць і канкурэнцыю з БНФ, які вылучаў альтэрнатыўны праект (дарэчы, як узгадвае Навумчык, Лукашэнка неяк прасіўся пад дах фронту). Але лепей назваць мясцовую завядзёнку «каляніяльным фашызмам», фашызмам на ўтрыманьні – тутэйшым варыянтам «пазычанага расізму».

Акупацыйны фашызм Вішы, атрады СС-аўцаў, набраныя з тубыльцаў – ёсьць гістарычнымі правобразамі «пазычанага расізму», роўна як і «залежныя» фашызмы Лацінскай Амэрыкі [10]. Беспакаранасьць Рускага нацыянальнага адзінства, які шле пагрозы дэмакратычным актывістам і нахвальвае Лукашэнку – толькі вяршыня айсбэргу «пазычанага расізму».

Падмурак – ксэнафобія да свайго, аўтанянавісьць, каляніяльнасьць.

___________________________________________

[1] Умберто Эко. Вечный фашизм. У кн.: Умберто Эко. Пять эссе на темы этики. СПб: «Симпозиум», 1998, с. 29-46.

[2] Тамсама, с.39.

[3] Тамсама, с.40-41.

[4] Тамсама, с.41.

[5] Тамсама, с.41

[6] Тамсама, с.41.

[7] Тамсама, с.41.

[8] Нядаўна абвешчаная пасьпешлівая і патаемная рэформа мовы – гэта спроба ўзяць яе пад кантроль.

[9] А ўся нашая бюракратыя выйшла з савецкіх казармаў і прызвычаеная да савецкае практыкі.

[10] Рэжымы Стрэснэра ў Парагваі, Піначэта ў Чылі былі «наведзеныя» Злучанымі Штатамі. Гэта «залежныя» фашызмы, якія на словах ад дэмактратыі не адмаўляліся. У іх нават праводзіліся «выбары».

Частка ІI

Умбэрта Эка ў артыкуле «Вечны фашызм» (ур-фашызм) даў абагульненае апісаньне брунатнай чумы і вылучыў 14 яе прыкметаў. У папярэдняй частцы я разгледзеў, як 5 фашыстоўскіх прыкметаў праяўляюцца ў сёньняшняй Беларусі. Засталося праверыць шчэ 9 рысаў.

6. «Ур-фашызм нараджаецца з індывідуальнай альбо сацыяльнай фрустрацыі… Усе гістарычныя фашызмы абапіраліся на фрустраваную сярэднюю клясу» [1].

У пасьлясавецкіх умовах гаварыць пра сярэднюю клясу цяжка, але, што да фрустрацыі, то яе на пачатку 90-ых было ўволю. Цікава, што лукашэнкаўскі рэжым мусіць падтрымліваць гэтую фрустрацыю фальшывымі ці яўнымі ўзгадкамі, калі «ўсе былі жабракі» і «рускія на чамаданах сядзелі».

7. «У аснове фашыстоўскай псыхалёгіі закладзеная апантанасьць ідэяй змовы, па магчымасьці міжнароднай. Месьцічы павінны адчуваць сябе ў асадзе.» [2]

Дастаткова ўключыць беларускую тэлевізію, каб убачыць – і гэтую асаду, і татальную змову. «Ворагі, ворагі, вакол ворагі», «злобная Амэрыка», Эўропа, што падпарадкоўваецца «заморскім гаспадарам», і нават «у Крамлі акапаліся ворагі».

Трапна пазьдзекваліся з гэтага «Навінкі»: у адным зь першых сваіх нумароў яны далі мапу Беларусі з далучанай да яе Расеяй, а вакол – «ворагі, ворагі, ворагі».

Параноя на змовах ёсьць сталаю прыкметаю лукашызму.

8. «Месьцічы мусяць адчуваць сябе пакрыўджанымі праз тое, што ворагі выстаўляюць напаказ сваё багацьце, выхваляюцца сілай… Ворагі малююцца адначасова і як занадта моцныя, і занадта слабыя. Таму фашызмам наканавана заўжды праігрываць войны: яны ня здольныя аб’ектыўна ацаніць баяздольнасьць суперніка.» [3]

Беларуская апазыцыя заўжды малюецца і як магутная, і як лядашчая, дэмакратыі – як моцныя, і нікчэмныя.

Мясцовы фашызм і сабе хлусіць – і непазьбежна пацерпіць паразу.

9. «Пацыфізм тоесны братаньню з ворагам. Пацыфізм заганны, таму што жыцьцё ёсьць вечная барацьба.» [4]

Карціны Андрэя Кудзіненкі на вайсковыя тэмы выклікалі азлабленьне рэжыму, бо грунтавалаліся на хрысьціянскай маралі, рэжысэр адмаўляўся глядзець на людзей праз аптычны прыцэл. Фільм «Акупацыя. Містэрыі» забаронены на тэрыторыі Беларусі, а паэтычную дакумэнтальную стужку «Плянэта ХХ» абвінавацілі ў прапагандзе «пацыфізму… і фашызму».

Мілітарнасьць – у вайсковых парадах і маршальскім мундзіры, у сутаргах «Беларусьфільму» («Вам заданьне», «Глыбокая плынь») – але культ вечнае барацьбы вялы. Рэжым агрызаецца, а не атакуе, «апошняя вайна» хутчэй была, а не набліжаецца. Хай сабе «Духоўная вайна» і сьцьвярджае вайну пэрманэнтную.

10. «Пагарда да слабага.

Ур-фашызм прапаведуе папулісцкі элітарызм… У такіх грамадзтвах, арганізаваных іерархічна (па мілітарнай мадэлі), кожны асобны правадыр пагарджае, з аднаго боку, вышэйшымі, а зь іншага – падпарадкаванымі. Такім чынам узмацняецца масавы элітарызм.» [5]

Садамазахісцкая адбудова беларускае вэртыкалі даўно не зьяўляецца сакрэтам ня толькі для самой вэртыкалі, але й для шырокае публікі. Масавая лупцоўка чыноўнікаў на сэлектарных нарадах – гэта знакамітая народная забава, што рэгулярна трансьлюецца ў жывым этэры на ўсю краіну.

11. «У ідэалёгіі ур-фашызму гераізм – гэта норма. Культ гераізму непасрэдна злучаны з культам сьмерці… Герою ур-фашызму карціць памерці.» [6]

Паколькі «вечная барацьба» і «апошняя бойка» для «пастаральнае» дыктатуры хутчэй рытарычныя, то і культ сьмерці нейкі пазаціраны. Ён прысутнічае на палітзанятках у карнікаў [7] – але ў шырокай аўдыторыі выглядае, як анэкдот. Так гадоў зь пяць таму Сева Янчэўскі, тагачасны лідар БРСМ, прызнаўся, што гатовы памерці за Лукашэнку.

Карціць паглядзець на выкананьне гэтага абяцаньня.

12. «Паколькі, як пэрманэнтная вайна, так і гераізм – даволі складаныя гульні, ур-фашызм пераносіць сваю прагу да ўлады на полавую сфэру. На гэтым заснаваны культ мужнасьці (гэта значыць пагарда да жанчыны і бязьлітасны перасьлед любых неканфарміскіх сэксуальных звычак: ад цнатлівасьці да гомасэксуалізму). Паколькі й пол – гэта даволі складаная гульня, герой ур-фашызму граецца зь пісталетам, гэта значыць эрзацам фаласу.» [8]

Дрэнныя дыпляматы, якія «разводзяць галубізну», «апазіцыянэры-пэдэрасты» – лебядзіныя песьні прапагандовай вайны. А калі ворагаў няма – іх прыдумляюць. Тым болей, што галоўны клапатун – зусім не ўзор для сямейнага перайманьня.

Упартая вайна ў жаўнерыкі, вайсковыя парады… Ва ўмовах татальнай «амапізацыі» пісталет заменены гумавымі дручкамі.

Нярэдка зьяўляецца й клюшка…

13. «Ур-фашызм грунтуецца на якасным… папулізме… У вачох ур-фашызму індывідум ня мае правоў асобы, а Народ выступае, як якасьць, маналітнае адзінства з сукупнай воляй. Паколькі ніякая колькасьць чалавечых істотаў насамрэч ня можа мець сукупную волю, Правадыр прэтэндуе на тое, каб прадстаўніцтваваць ад усіх… Народ… існуе як фэномэн выключна тэатральны.

…Ур-фашызм накідваецца на «прагнілыя парлямэнцкія дэмакратыі». Першае, што заявіў Мусаліні у сваёй прамове ў італьянскім парлямэнце, было: «Хацелася бы мне пераўтварыць гэтую глухую, шэрую залю ў спартовы пляц для маіх хлопцаў…

Кожны раз, калі палітык ставіць пад сумнеў легітымнасьць парлямэнту, таму што той быццам бы ўжо не адлюстроўвае «настроя народу» яўна адчуваецца смурод Вечнага фашызму.» [9]

Гэты гаваркі пункт можна пакінуць без камэнтароў.

14. «Ур-фашызм размаўляе на Навамоўі…» [10]

Мова лукашызму – гэта не ўзоры оруэлаўскага Ангсоцу, але на базарнае новамоўе пацягне. Нішчымны савецка-расейскі канцылярыт, разбаўлены кананізаванымі «адмарозкамі», «прынятымі з дакладам», «бітвамі за ўраджай», «дзерьмакратамі» – і другімі няхітрымі словамі лаянкі.

І гэта тройчы бедная мова: як савецкі вылюдак, як чужастэрыльная расейская лексіка – і як афіцыёзныя брыдкаслоўі.

Выказвацца на гэтай мове немагчыма – можна толькі аблайвайць.

Няхай нікога не засмучае, што далёка ня ўсе пункты ур-фашызму ў Беларусі прысутныя, а ключавыя ягоныя рысы – традыцыяналізм і расізм – праявіліся адмыслова.

Як папярэджвае Ўмбэрта Эка, «дастаткова прысутнасьці хаця бы адной з [характарыстык], каб пачала кандэнсавацца фашыстоўская туманнасьць» [11].

Вынаходнік фашызму Бэніта Мусаліні быў пакараны сьмерцю 28 красавіка 1945 году. Ягоны труп, разам зь целам палюбоўніцы, быў падвешаны за нагі.

Канец «букалічнага» фашызму – што ўзгадаваўся ў Беларусі на мяжы ХХІ стагодзьдзя – будзе хутчэй камічным.

______________________________________

[1] Умберто Эко. Вечный фашизм. У кн.: Умберто Эко. Пять эссе на темы этики. СПб: «Симпозиум», 1998, с.41-42.

[2] Тамсама, с. 42.

[3] Тамсама, с. 42.

[4] Тамсама, с. 42-43.

[5] Тамсама, с. 43

[6] Тамсама, с. 43-44.

[7] У Лацінскай Амэрыцы фашызм актыўна насаджаўся ў сілавых органах: арміі, паліцыі, адмысловых службах (найузорнейшы прыклад Чылі). Сілавы апарат пераўтвараўся ў падабенства фашыстоўскай партыі – без самой партыі. Пры такім раскладзе асобная партыя ўжо непатрэбная.

[8] Тамсама, с. 44.

[9] Тамсама, с. 44-45.

[10] Тамсама, с. 45.

[11] Тамсама, с. 39.

Ссылки по теме:

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме