10:31 25.03.2020 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Значэнне Акту 25 Сакавіка ў тым, што беларускае пытанне з унутрырасійскага стала міжнародным

Калі чытаеш тэксты некаторых аўтараў, складваецца ўражанне, што ідэя незалежнасці Беларусі з'явілася ў 1918 годзе, напярэдадні 25 сакавіка. Але гэта не так. Ідэя незалежнай дэмакратычнай рэспублікі ў Беларусі нарадзілася ў 1903 годзе, калі Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, якая праз год стала называцца Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, прыняла сваю першую праграму.

Праўда, на пачатку 1906 года беларускія сацыялісты перагледзелі сваю праграму. Улічыўшы, што для незалежнасці патрабуюцца моцны пласт інтэлігенцыі, адміністратараў, суддзяў і г. д., яны запісалі ў праграме, што Беларусь павінна быць аўтаномнай часткай Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ідэя аўтаномнай Беларусі, якую прапагандавалі сацыялісты, авалодала шырокімі пластамі нашага народа. І калі ў снежні 1917 года сабраўся Усебеларускі З'езд, а гэта 1872 лэлегаты з усіх канцоў беларускай зямлі, то спрэчак наконт аўтаноміі не было. Але падкрэслю: дэлегаты Усебеларускага З'езду галасавалі за тое, каб Беларусь была аўтаномнай часткай Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Галоўнае слова тут -- "дэмакратычнай".

На чале Беларусі павінен быў стаць Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Але дзве асноўныя партыі, якія былі прадстаўлены на З'ездзе (беларускія сацыялісты і сацыялісты-рэвалюцыянеры), разумелі савецкую ўладу не так, як бальшавікі. Яны былі за ўладу працоўных, але лічылі, што сяляне, рабочыя і салдаты маюць права з беларускіх, польскіх, расійскіх і яўрэйскіх сацыялістаў таемным галасаваннем выбіраць у саветы таго, хто ім падабаецца: А дэпутаты, сабраўшыся ў Савеце, СОВЕТУЮТСЯ, як весці грамадскія і дзяржаўныя справы. Гэта і была б народная дэмакратыя. Бальшавікі ж, якія захапілі ўладу ў Расіі, жадалі ўстанавіць так званую дыктатуру пралетарыяту. Пры такой дыктатуры ўлада фактычна належала б адной партыі, а Саветы прымалі б тыя рашэнні, якія ім прапануе партыя. Каб у Саветы не трапілі непажаданыя людзі, выбары дэпутатаў на фабрыках, заводах і ў вёсках праводзіліся адкрытым галасаваннем.

Натуральна, што паміж бальшавікамі і іншымі сацыялістычнымі партыямі ўзніклі супярэчнасці. Маючы кантроль над Мінскім гарнізонам, бальшавікі ў ноч з 17 на 18 снежня разагналі Усебеларускі З'езд. Але 18 снежня мінскія чыгуначнікі далі дэлегатам прытулак у сваім дэпо. І дэлегаты, якія прадстаўлялі большасць нашага народа, перадалі ўладу Радзе (Савету) Усебеларускага З'езду. Пры гэтым Радзе было прадпісана папоўніць свой склад прадстаўнікамі сацыялістычных партый усіх нацыянальнасцяў, які жывуць у Беларусі: літоўцаў, палякаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў.

Рада і яе Выканаўчы Камітэт вымушаны былі працаваць у падполлі, але праз два месяцы, 18 лютага 1918 года, бальшавікі вымушаны былі ўцякаць на ўсход, у Смаленск, які лічыўся тады часткай Беларусі. Беларусь ад лініі Пінск-Баранавічы-Нарач-Паставы-Дзвінск да Дзвіны, Дняпра і Сожа немцы ўзялі ў заклад, а бальшавікі, абіраючы свой народ, плацілі ім кантрыбуцыю хлебам і сыравінай для прамысловасці.

Яшчэ да прыходу немцаў у Мінск быў сфарміраваны ўрад Беларусі -- Народны Сакратарыят, а пасля таго, як бальшавікі падпісалі ў Брэсце мір з немцамі, Беларусь была абвешчана Народнай Рэспублікай. Гэта быў смелы акт.

Тут трэба браць пад увагу міжнародныя абставіны. Сваю незалежнасць пракламавалі ў той час Літва і Украіна. У Польшчы таксама справа ішла да незалежнасці.

Літоўцы жадалі далучыць да сваёй дзяржавы ўсю Віленскую губерню з Лідай, Ашмянамі, Маладзечнам, Вілейкай, Паставамі, Глыбокім, а таксама значную частку Гродзенскай губерні. У літоўскіх планах па тэрыторыі Бельскага і Пружанскага паветаў і аж да Выганаўскага возера павінна была пралегчы літоўска-ўкранская мяжа. Адпаведна ўкраінскія ўлады лічылі сваімі "законнымі" тэрыторыямі паўднёвыя паветы Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў, у тым ліку Пінскі павет з Хатыніцкай і Лунінскай валасцямі, а гэта Задуб'е, Малкавічы, Ліпск, Люсіна... Палякі ж лічылі беларускія землі сваімі. Праўда, адны хацелі, каб у склад Польшчы трапілі усе нашы землі ў межах Рэчы Паспалітай 1772 года, а другія жадалі далучыць да Польшчы толькі заходнія землі нашай краіны. Пэўныя прэтэнзіі на беларускія землі мелі і латышы.

Немцы ахвотна пайшлі насустрач пажаданням літоўцаў і ўкраінцаў. Яны гатовыя былі аддаць Польшчы заходнюю частку Гродзенскай губерні дзеля захавання сваёй улады на заходніх польскіх землях. З другога боку, ужо на пачатку 1918 года палякі лічылі, што яны могуць дамовіцца аб падзеле Беларусі з бальшавікамі (праз тры гады ім гэта ўдалося).

Хто павінен быў абараніць наш народ, нашу краіну ад падзелу суседзямі? Вось адна з прычын абвяшчэння 25 сакавіка незалежнасці Беларусі.

Значэнне Акту 25 Сакавіка ў тым, што беларускае пытанне з унутрырасійскага стала міжнародным. Калі раней стаяла пытанне "даваць Беларусі аўтаномію ці не даваць?", то цяпер паўстала пытанне "прызнаваць Беларусь незалежнай дзяржавай ці не прызнаваць?".

Я не буду тут доўга распісваць тактычныя крокі бальшавікоў у дачыненні да Беларусі, але канстатую адзін факт: калі б не было Беларускай Народнай Рэспублікі, не было б і Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, не было б БССР, не было б і Рэспублікі Беларусь. Гэты ланцужок (БНР--ССРБ--БССР--Рэспубліка Беларусь) у 2018 годзе прызнала і афіцыйная гістарыяграфія на старонках дзяржаўнай газеты "Звязда".

Хоць пасля 25 сакавіка 1918 г. Беларусь не адзін раз кроілі Расія з Латвіяй, Літвой і Польшчай, трэба адзначыць, што сёння Рэспубліка Беларусь ахоплівае большую частку гістарычна беларускіх земляў. Можна сказаць, што палажэнне Устаўных грамат ад 9 і 25 сакавіка 1918 г. аб тым, што Беларусая Народная Рэспубліка ахоплівае тэрыторыі, на якіх колькасна пераважаюць беларусы, практычна здзейснілася.

Актам 25 Сакавіка Беларусь перастала быць часткай Расіі, абвяшчалася незалежнай і дэмакратычнай рэспублікай.

Тое, што Беларусь -- не частка Расіі, бальшавікі канчаткова прызналі ў ліпені 1920 года. Фармальна ССРБ была прызнана незалежнай. І як незалежная дзяржава яна ў 1922 годзе разам з Закаўказзем, Расіяй і Украінай падпісала дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычых Рэспублік і захавала за сабою права выхаду з гэтага саюза. Як краіна-падпісант саюзнага дагавору Беларусь разам з Расіяй і Украінай дэнансавала яго ў снежні 1991 г.

У снежні 1991 г. нарэшце быў здзейснены другі пункт Акту 25 Сакавіка: Беларусь стала незалежнай і фармальна, і фактычна. Аднак я паграшыў бы супроць праўды, калі б сказаў, што наша краіна цалкам незалежная. Пра тое, што яна залежыць ад Масквы, сведчыць хоць бы такі факт: кіраўнік нашай дзяржавы не можа запрасіць у Беларусь кіраўніка Ватыкана без згоды маскоўскага патрыярха.Нават у ісламскім Азербайджане пабываў Папа, а ў хрысціянскай Беларусі -- не.

І наўрад ці трэба даводзіць, што не рэалізаваны яшчэ адзін пункт Акту 25 Сакавіка: Беларусь яшчэ не стала дэмакратычнай рэспублікай. Адсюль яе многія праблемы, і галоўная з іх -- беднасць. Не сакрэт, што наша краіна адносіцца да ліку самых бедных краін Еўропы, але ў тых краінах, якія ідуць ў адной групе з Беларуссю (Сербіі, Босніі і Герцагавіне, Косаве, Малдове, Чарнагорыі, Украіне), былі або нават працягваюцца грамадзянскія і збройныя канфлікты, а ў нас нібыта стабільнасць. Не сакрэт і тое, што самымі багатымі краінамі з'яўляюцца дэмакратычныя, з развітай грамадзянскай супольнасцю, незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і прафсаюзамі. Не буду тут пералічваць багатыя краіны Еўропы. Задам пытанне: калі Тайвань і Паўднёвая Карэя сталі багатымі і развітымі? І адкажу: Тайвань і Карэя тады сталі багатымі, калі ў гэтых краінах усталявалася дэмакратыя.

Ствараецца ўражанне, што беларусы не хочуць быць заможнымі, багатымі, бо, як выглядае, дэмакратыя ім без патрэбы. Прасцей бфць парабкамі ў Расіі ці Польшчы, зарабляць нрошы там, як гэта робяць мае землякі, чым змагацца за годную аплату працы і годнае жыццё тут, у Ганцавіцкім раёне, у Беларусі.

24 сакавіка 2020 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме