12:00 22.02.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

СТРЫМАЦЬ КАМУНІЗМ

75 год таму пачалася халодная вайна

22 лютага 1946 года дарадчык амерыканскага пасольства ў Савецкім Саюзе Джордж Фрост Кенан адбіў у Вашынгтон тэлеграму, якую назвалі . Але яна і мусіла быць доўгай, бо палітычнаму класу і абываталю на Захадзе, у тым ліку у Злучаных Штатах, іншы раз трэба тлумачыць элемантарныя рэчы наконт Расіі, Савецкага Саюза.


Цікавасць да Расіі і веданне Расіі аўтару тэлеграмы перадалася, пэўна, ад дзедавага брата, таксама Джорджа Кенана, які ў 1885–1886 гг. добрыя 14 месяцаў ездзіў па Сібіры і задоўга да Антона Чэхава з яго “Сахалінам” апісаў расійскую ссылку.


Джордж Ф. Кенан пісаў, што палітычны курс савецкага кіраўніцтва які быў да вайны, такі застаўся і па вайне. Гэты курс прадыктаваны ўнутранымі патрэбамі СССР, грунтуецца на кепскім веданні палітычнай сітуацыі за межамі дзяржавы, а адсюль вынікае, што аналіз стану рэчаў у “капіталістычным свеце” не аб’ектыўны.
Кіраўніцтва краіны “пераможнага сацыялізму” турбавала праблема “капіталістычнага акружэння”. (Тут я зраблю адну істотную заўвагу. На пачатку 1920-х гг. Ленін шчыра прызнаваўся, што эканамічны лад, створаны бальшавікамі, — дзяржаўны капіталізм. І характар гэтага ладу за 30 год не памяняўся. У 1948 г. брытанскі марксіст Тоні Кліф апублікаваў даследаванне “Дзяржаўны капіталізм у Расіі”. Савецкі Саюз як капіталістычную краіну пазней характарызаваў і амерыканскі марксіст Імануэль Валерстайн, які пісаў, што краіна, якую акружаюць капіталістычныя дзяржавы, не можа быць сацыялістычнай хоць бы таму, што весці міжнародны гандаль яна мусіць у адпаведнасці з правіламі капіталізму. Такім чынам, размова можа ісці пра змаганне паміж дзвюма формамі капіталізму (дзяржаўнай і рынкавай) і паміж дзвюма палітычнымі сістэмамі (таталітарнай і дэмакратычнай). Сучасныя Кітай і В’етнам выдатна дэманструюць, што манаполія камуністаў на ўладу не ёсць адмаўленне капіталізму.)


Заклапочанае праблемай капіталістычнага акружэння, бальшавіцкае кіраўніцтва ад кастрычніка 1917 г. рупілася аб пашырэнні абшару сваёй дамінацыі. Дзеля гэтага праводзілася палітыка калектывізацыі і — з тэхніка-тэхналагічнай і кадравай дапамогай Захаду — індустрыялізацыі, стварэння магутнага ваенна-прамысловага комлексу.


СССР настолькі ўмацаваўся, што можна было прыступіць да выканання агучанай на XVIII з’ездзе бальшавіцкай партыі (сакавік 1939) задачы павелічэння колькасці савецкіх рэспублік. У 1939–1940 гг. Савецкі Саюз прырос пяццю новымі рэспублікамі: Карэла-Фінскай, трымя балтыйскімі і Малдаўскай. Што тычыцца далучэння да СССР у верасні 1939 г. Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, то гэта быў рэванш за паразу 1920 года. На гэты раз Польшчы не дапамаглі ні Францыя, ні Штаты, а сама яна выстаяць не магла. Спраўдзілася прадбачанне Антона Луцкевіча (1920), што Польшча будзе расціснутая Расіяй і Нямеччынай. З другога боку, калі мы кіруемся беларускімі інтарэсамі, то мусім прызнаць, што гэта быў прагрэсіўны акт аб’яднання нашага народа (не забывайма тую ісціну, што рэакцыйныя сілы іншы раз, самі таго не жадаючы, робяць прагрэсіўныя справы).


У ліпені 1941 года меўся пачацца новы “вызваленчы паход” Чырвонай арміі — у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу, якую да таго часу пад сваю ўладу ўзяла Нямеччына, — але Гітлер 22 чэрвеня зблытаў усе карты. Бальшавіцкае кіраўніцтва, каб утрымаць у сваіх руках краіну, мусіла заключыць саюз з ненавіснымі заходнімі дэмакратыямі.


Выстаўяшы і нават атрымаўшы ў саюзе з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі перамогу, бальшавіцкая Масква ў 1945 годзе ўзяла пад свой кантроль Цэнтральную Еўропу і частку Балканаў. Але гэтым яе апетыты не задаволіліся. У 1945 годзе Масква ўзброіла камуністычнае войска ў Кітаі, прывезла ў Пхеньян капітана Чырвонай Арміі Кіма Сон Чжу (ён жа Кім Ір Сен) і паставіла яго на чале паўночнакарэйскіх камуністаў. А яшчэ Сталін жадаў ажыццявіць даўнюю мару цароў — авалодаць Канстанцінопалем і пралівамі ды зрабіць Маскву цэнтрам праваслаўя. Таму Масква ані не думала выводзіць сваё войска з Паўночнага Ірана. У 1945 годзе ў Паўднёвым (Іранскім) Азербайджане была створана марыянеткавая Дэмакратычная Рэспубліка Азербайджан, а на пачатку 1946-га — курдская Мехабадская Рэспубліка. Кантралюючы Балгарыю, Албанію і Югаславію (канфлікты з дзвюма апошнімі яшчэ наперадзе), Масква марыла мець у сферы свайго дамінавання таксама Эладу і ўсяк распальвала там камуністычную актыўнасць. У сферу маскоўскіх інтарэсаў уваходзіў і дацкі востраў Борнхальм, заняты на той час аддзеламі Чырвонай арміі.


Як паказаў у доўгай тэлеграме Джордж Ф. Кенан, савецкае кіраўніцтва свае мэты прыкрывала “тогай марксізму”. Гэта быў марксізм “у ленінскай інтэпрэтацыі”. Гэта быў, калі казаць дакладна, марксізм-ленінізм. Кенан паказаў, што бальшавіцкая палітыка сілкавалася багатай расійскай гістарычнай традыцыяй. Тут нельга не ўспомніць словы Фрыдрыха Энгельса пра тое, што царызм быў варожы не толькі пралетарыяту, але і буржуазіі заходніх краін. З аднаго боку, Расія, яе ідэолагі разглядалі вонкавы (чытай: заходні) свет як злосны, варожы і грозны і, дадамо, гэтае сваё бачанне прышчаплялі народу, але, з другога боку, расійскія ідэолагі (тут я пішу ад сябе), лічачы Расію цвярдыняй духоўнасці (Святая Русь!), якой наканаваны асаблівая місія, асобны шлях, бачылі ў заходнім свеце (тут я цытую Кенана) “расткі хваробы, якая паволі распаўсюджваецца” і лічылі яго асуджаным з прычыны ўнутраных катаклізмаў.


У гэтым супрацьпастаўленні Расіі заходняму свету, у выстаўленні сваёй духоўнасці і асаблівасці выяўляецца рускі нацыяналізм. І як тут не згадаць развагі Пуціна і яго прапагандыстаў пра духоўныя скрэпы, пра магутны генетычны код рускіх і пра загнілую, не здольную да самаахвяравання геданістычную гейропу? Але вернемся ў 1946 год. І па 2-й сусветнай вайне крамлёўскія мудрацы жылі догмамі ленінізму. Як і Ленін, яны лічылі, што імперыялізм — вышэйшая і апошняя стадыя капіталізму, загніваючы і паразітычны капіталізм, парэдадзень сацыялістычнай рэвалюцыі. Аднак парадокс гісторыі ў тым, што сацыяльна-палітычны пераварот, названы сацыялістычнай рэвалюцыяй, адбыўся ў краіне, у якой яшчэ захоўваліся рэшткі першабытнай, рабаўладальніцкай і феадальнай грамадска-эканамічных фармацый, у краіне, дзе блізу 75 адсоткаў насельніцтва не ўмела чытаць. Спадзяванне бальшавікоў на такія ж перавароты на Захадзе не спраўдзіліся.


І пасля 2-й сусветнай бальшавікі рабілі стаўку на супярэчнасці і канфлікты паміж капіталістычнымі дзяржавамі, на тое, што гэтыя канфлікты пры імперыялізме з непазбежнасцю прыводзяць да вайны, што імперыялістычная вайна ператворыцца ў грамадзянскую, “у рэвалюцыйнае паўстанне ўнутры цэлага шэрагу капіталістычных краін”. Натуральна, што рухаючымі сіламі гэтых рэвалюцый будуць “дэмакратычныя і прагрэсіўныя сілы”: камуністы, тыя, хто сімптызуе камуністам і Савецкаму Саюзу.


Тут я зноў адступлю ў бок. Пра непазбежнасць войнаў, пра перарастанне імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую пісаў Ленін. У Расіі яму сапраўды ўдалося развязаць грамадзянскую вайну, але 2-я сусветная вайна чамусьці не прывяла да рэвалюцыйных паўстанняў у Еўропе. А раз грамадзянскія войны не ўспыхвалі, нічога не заставалася іншага, як навязаць краінам Цэнтральнай Еўропы, куды прыйшла Чырвоная армія, сваё ўяўленне аб справядлівым сацыяльным ладзе.
І другое. Яшчэ да таго, як Ленін сфармуляваў, што такое імперыялізм, іншы марксіст, былы памочнік Энгельса Карл Каўцкі ў 1914 годзе, на самым пачатку 1-й сусветнай вайны, пісаў, што на месца імперыялізму прыйдзе ультраімперыялізм, калі капіталістычныя краіны здолеюць паміж сабою дамаўляцца. Ленін рашуча адпрэчыў гэты тэзіс. Цытую Леніна на мове арыгіналу: “Некоторые буржуазные писатели (к которым присоединился теперь и К. Каутский, совершенно изменивший своей марксистской позиции, например, 1909 года) выражали то мнение, что международные картели, будучи одним из наиболее рельефных выражений интернационализации капитала, дают возможность надеяться на мир между народами при капитализме. Это мнение теоретически совершенно вздорно, а практически есть софизм и способ нечестной защиты худшего оппортунизма”.


У сувязі з палемікай Леніна–Каўцкага нельга прапусціць і такое. Робячы стаўку на канфлікты паміж капіталістычнымі краінамі, на непазбежную вайну, Крэмль, як адзначае Кенан, заставаўся верны яшчэ адной устаноўцы Леніна: ён лічыў, што неабходна весці “бязлітасную вайну супраць замежных сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных лідэраў”. Гэтая лінія была ўзятая яшчэ 1928 годзе, калі VI кангрэс Камуністычнага Інтэрнацыяналу абвясціў сацыял-дэмакратыю сацыял-фашызмам. А між тым, як мы бачым, у гістарычнай спрэчцы паміж Каўцкім і Леніным, перамог Каўцкі. G7 — гэта не што іншае, як аб’яднанне асноўных удзельнікаў абедзвюх сусветных імперыялістычных войнаў, учарашніх праціўнікаў, якое шмат што вырашае ў сусветнай палітыцы і эканоміцы. Але каб заходнія краіны сталі на шлях супрацоўніцтва і аб’яднання, спатрэбілася, каб нехта змусіў палітычныя класы гэтых краін, перш за ўсё Злучаных Штатаў, цверазей зірнуць на ўчарашняга саюзніка ў антыгілераўскай кааліцыі. І такім чалавекам стаў Джордж Ф. Кенан.


Кенан звяртаў увагу на тое, што савецкая палітыка вядзецца на двух узроўнях: афіцыйным і сакрэтным. Унутраная палітыка Крамля прысвячаецца “усебаковаму росту патэнцыялу і прэстыжу Савецкай дзяржавы”. Гэта перш за ўсё “інтэнсіўная ваенная індустрыялізацыя; максімальнае развіццё ўзброеных сіл; дэманстрацыя высокіх дасягненняў перад пабочнымі назіральнікамі; нязменная сакрэтнасць у дачыненні ўнутраных спраў, закліканая схаваць слабыя бакі і трымаць апанентаў у няведанні”.


У замежнай палітыцы Крэмль прыкладае намаганні, каб пашырыць афіцыйныя межы савецкага ўплыву. Афіцыйна Крэмль прад’яўляе свае прэтэнзіі і патрабаванні пасля таго, як была праведзена адпаведная неафіцыйная падрыхтоўка. Кенан адзначаў, што міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ААН, Масква будзе выкарыстоўваць не толькі для ўзмацнення свайго ўплыву, але і для “падаўлення або аслаблення ўплыву іншых дзяржаў”. СССР, на думку Кенана, “не мае выключнай прыхільнасці да ідэалаў ААН”.


У сваёй барацьбе супраць “перадавых краін Захаду”, працягваў Кенан, СССР схільны выкарыстаць калоніі, адсталыя і залежныя народы, не ўпускаючы магчымасць насадзіць там савецкі камунізм (менавіта так: савецкі камунізм). Што мы і бачылі ў розных краінах Азіі ды Афрыкі і на што былі патрачаныя многія мільярды даляраў, не лішніх для шырокіх колаў савецкіх грамадзян, якія ніколі не жылі багата.


Акрамя каланіяльных тэрыторый, савецкае кіраўніцтва, пісаў Кенан, імкнецца ўмацаваць свой уплыў “у тых краінах, дзе існуе рэальная магчымасць супрацьстаяць заходнім краінам”. Гэта лацінаамерыканскія дзяржавы (Кенан назваў толькі адну Аргенціну) і краіны Блізкага Ўсходу. Пазнейшыя падзеі паказалі, што яго высновы былі слушныя.


Не выказвае Кенан аптымізму і калі піша і пра савецкае стаўленне да міжнароднага гаспадарчага і культурнага супрацоўніцтва.


Гэта што тычыцца, афіцыйнага ўзроўню савецкай палітыкі. На неафіцыйным узроўні СССР, а дакладней бальшавіцкая партыя, робіць стаўку на кіраўніцтва камуністычных партый, якое Кенан называе падпольным аператыўным кіраўніцтвам сусветнага камунізму. Што тычыцца шараговых камуністаў, то яны “не маюць дачынення да канспіратыўных сувязяў з замежнымі дзяржавамі”. У краінах, дзе дзейнічаюць вялікія кампартыі, камуністы інфільтруюцца ў прафсаюзы, маладзёжныя, жаночыя, рэлігійныя і культурніцкія арганізацыі, ліберальныя часопісы і выдавецтвы.


Праз нацыянальныя арганізацыі камуністы пралазяць у міжнародныя аб’яднанні. Кенан не называе іх, але гэта заснаваныя ў 1945 г. Сусветная федэрацыя прафсаюзаў, Міжнародная дэмакратычная федэрацыя жанчын і Сусветная федэрацыя дэмакратычнай моладзі. Па сутнасці гэта былі рэінкарнацыі Чырвонага Інтэрнацыяналу прафсаюзаў (1921–1937), Камуністычнага Інтэрнацыяналу моладзі (1919–1943) і Камуністычнага жаночага Інтэрнацыяналу (1920–1930). У 1950 годзе будзе створана Сусветная рада міру, якую на 90 адсоткаў фінансаваў Савецкі Саюз і якая асуджала дзеянні імперыялістычных дзяржаў і хваліла міралюбную палітыку Савецкага Саюза.


Асобна Кенан выдзяляў ролю Маскоўскай Праваслаўнай Царквы, якая разглядалася як інструмент правядення бальшавіцкай знешняй палітыкі, у тым ліку уплыву на праваслаўныя цэрквы Усходу.


Усе гэтыя сілы, сцвярджаў Кенан, будуць выкарыстаныя дзеля падрыву стратэгічнага і палітычнага патэнцыялу заходніх дзяржаў, для распальвання сацыяльных, этнічных і расавых канфліктаў. Будзе таксама “зроблена ўсё магчымае, каб настроіць вядучыя заходнія дзяржавы адну супраць адной”.


Як лічыў Джордж Ф. Кенан, бальшавікі ў 1946 годзе — гэта тая сіла, што мае “дбайна распрацаваны апарат, які шырока распаўсюдзіў свой уплыў дзеля ажыццяўлення сваёй палітыкі ў іншых краінах”. Ад сябе дадам: партыя Леніна–Сталіна выкарыстала ў час вайны кан'юнктуру, калі многія ў Злучаных Штатах ды іншых краінах сімпатызавалі Савецкаму Саюзу, а немалая колькасць амерыканцаў і брытанцаў праз гэтую сімпатыю стала вельмі дабрадушна глядзець на камуністаў, якія тым часам пралазілі ў дзяржаўны апарат, у розныя арганізацыі і ўстановы. Маштаб антыдзяржаўнай дзейнасці камуністаў і іх сімпатыкаў стане відавочным пасля выкрыцця Юліюса і Этэль Розенбергаў у ЗША і кембрыджскай “пяцёркі” у Злучаным Каралеўстве.


Характарызуючы савецкую ўладу, Кенан пісаў, што яна не з’яўляецца авантурнай і не рызыкуе без неабходнасці. “Неўспрымальная да логікі развагаў, яна вельмі ўспрымальная да логікі сілы”, — пісаў Кенан. Сустрэўшы моцны супраціў, яна можа адступіць. Адсюль вынікала практычная выснова і парада амерыканскаму ўраду: “…калі праціўнік дастаткова дужы і ясна паказвае гатоўнасць выкарыстаць сваю сілу, яму рэдка даводзіцца ўжываць сілу”. Так было, напрыклад, у час Карыбскага крызісу (1962). Свет вісеў на валаску ад вайны, але ЗША сваёй рашучасцю змусілі СССР прыбраць свае ракеты з Кубы.


Другая практычная выснова і парада: “У параўнанні з заходнім светам у цэлым Савецкі Саюз значна слабейшы. Такім чынам, яго поспех будзе залежаць ад ступені “згуртаванасці, мэтаскіраванасці і рашучасці, якую заходні свет можа яму супрацьпаставіць”. Блакада Савецкім Саюзам Заходняга Берліна (чэрвень 1948 — май 1949) была адным са штуршкоў да стварэння з красавіку 1949 года Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО). Гэта была своечасовая падзея, бо яна папярэднічала выпрабаванню савецкай атамнай бомбы.


Яшчэ адна выснова была хутчэй тэарэтычнай. Джорж Ф. Кенан пісаў: “Поспех савецкай сістэмы як формы ўлады ўнутры краіны яшчэ не даказаны канчаткова”. І такое: “…унутраную трываласць і стабільнасць камуністычнага руху яшчэ нельга лічыць гарантаванай”.


Не ведаю, чаму заходнія саветолагі і крэмлінолагі, у прыватнасці гісторык Рычард Пайпс, не прыслухаліся да Кенана. Пайпс узяў на сябе смеласць сцвярджаць, што крах СССР не прадказаў ніхто і што Расія не распадзецца. У сваім “На смерць Рычарда Пайпса” я паказаў, што ў Беларусі жылі людзі, якія цвёрда верылі ў распад СССР. Шкадую, што не згадаў Кенана, які ў 1946-м не быў упэўнены ў трываласці камуністычнага руху і, ergo, савецкай улады, матора гэта руху.


Былі ў доўгай тэлеграме і іншыя высновы і парады. У прыватнасці такая: “Мы павінны сфармуляваць і прадставіць на разгляд іншых дзяржаў больш пазітыўную і канструктыўную карціну таго, якім мы сабе уяўляем свет у будучыні”. Кенан адзначаў, што многія краіны, асабліва краіны Еўропы, змучаныя і запалоханыя досведам мінуўшчыны і менш зацікаўленыя ў свабодзе, чым ва ўласнай бяспецы. І Кенан прапанаваў гарантаваць гэтым краінам бяспеку: “Мы павінны… прапанаваць ім… дапамогу ў лепшай меры, чым рускія. І калі мы гэтага не зробім, гэта зробяць рускія”. Аднак Еўропа мела патрэбу не толькі ў бяспецы. І Амерыка прыняла план Маршала (1948), рэалізацыя якога дапамагла 17 краінам падняць сваю эканоміку, дасягнуць высокай у параўнанні з краінамі — сатэлітамі СССР — якасці жыцця. І гэтая якасць дасягалася без практычнага ўдзелу камуністаў, бо яны, паводле умоваў плана Маршала, былі выдаленыя з урадаў краін, якія атрымлівалі фінансавую дапамогу.


Джордж Ф. Кенан напісаў не толькі доўгую тэлеграму. Свой падыход да праблемы СССР і камунізму ён абгрунтоўваў на старонках амерыканскага друку, і яго пункт гледжання быў прыняты большасцю грамадзян.


Кенана лічаць айцом палітыкі стрымлівання камунізму, архітэкарам халоднай вайны. Яго доўгую тэлеграму называюць пачаткам халоднай вайны (1946–1991), якую некаторыя палітолагі і публіцысты называюць Трэцяй сусветнай вайной і вынікі якой пацвердзілі высновы Кенана пра тое паспяховасць савецкай сістэмы не даказана, а трываласць і стабільнасць камуністычнага руху не гарантаваная.


Поспеху ідэй Дж. Ф. Кенана спрыяла ў прыватнасці паездка ў ЗША сэра Уінстана Чэрчыля і яго прамова ў Вестмінстэрскім каледжы (г. Фултан, штат Місуры). Фултанская прамова прагучала 5 сакавіка 1946 года – праз 12 дзён пасля доўгай тэлеграмы, але справа ў тым, што змест прамовы былога і будучага прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства стане вядомы адразу ж, а доўгая тэлеграма будзе апублікаваная ў 1947 годзе. Такім чынам, амерыканскае і — шырэй — заходняе грамадства ўжо было падрыхтавана да ўспрыняцця ідэй Кенана.


У сваёй прамове Чэрчыль канстатаваў: “Ад Шчэціна на Балтыцы да Трыеста на Адрыятыцы, праз увесь кантынет, была апушчана “жалезная заслона”. За гэтай лініяй размяшчаюцца ўсе сталіцы старажытных дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Варшава, Берлін, Прага, Вена, Будапешт, Белград, Бухарэст і Сафія…”
Спатрэбілася 43 гады, каб “жалезная заслона” знікла, і 45 гадоў, каб Савецкі Саюз распаўся. Аднак рускі (савецкі) камунізм, як паказаў Мікалай Бярдзяеў, мае свае вытокі не толькі і не столькі ў марксізме, як у расійскай гісторыі. Марксізм — толькі тога, якою прыкрываўся савецкі камунізм, кажа нам Кенан. У новых умовах савецкі камунізм лёгка мімікрываў у рускі камуна-фашызм, у адкрыты шавінізм з пропаведдзю асаблівай місіі рускіх і з дадаткам некалі непрымальнай для камунізму праваслаўнай містыкі. Як і СССР, Расія супрацьпастаўляе сябе Цэнтральна-Усходняй і Заходняй Еўропе, еўраатлантычнай цывілізацыі. Яна спрабуе іграць ролю звышдзяржавы, і яе салдаты і байцы яе прыватных вайсковых кампаній прысутнічаюць у Сірыі, Лівіі, Цэнтральнай Афрыцы… Яна вядзе вайну ў Грузіі, адбірае ва Украіны Крым, пасылае сваіх афіцэраў і салдатаў ва ўкраінскі Данбас, трымае акупацыйны кантынгент у Прыднястроўі, выкарыстоўвае хімічную зброю на тэрыторыі Злучанага Каралеўства і абяцае “брацкую дапамогу” роднаснаму рэжыму ў Беларусі… І слова “стрымліванне” праз 75 год пасля доўгай тэлеграмы зноў гучыць з вуснаў многіх палітыкаў, палітолагаў і публіцыстаў. Яны упэўненыя, што ў дачыненні да Расіі трэба таксама весці палітыку стрымлівання. “Неўспрымальная да логікі развагаў, яна вельмі ўспрымальная да логікі сілы”. Гэтыя словы Джорджа Ф. Кенана зноў гучаць актуальна, але ўжо ў дачыненні да пуцінскай Расіі.



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме