13:00 24.06.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

НАШЫМ ЕЎРААПТЫМІСТАМ (каментар А. Сідарэвіча)

НАШЫМ ЕЎРААПТЫМІСТАМ

Большасць падданых Яе Вялікасці каралевы Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, якія ўзялі ўчора ўдзел у рэферэндуме, прагаласавалі за выхад Злучанага Каралеўства з Еўрапейскага Саюзу.

Ніякай трагедыі. Вялікабрытанія і Паўночная Ірландыя нікуды не знікнуць. Злучанае Каралеўства як было так і застанецца адной з самых развітых краін свету. Каралеўства застаецца ў складзе НАТО. Брытанская дэмакратыя па-ранейшаму будзе ўзорам для многіх краін.

Будзем памятаць і тое, што сама працэдура выхаду Злучанага Каралеўства з ЕС будзе доўжыцца не адзін год – мінімум два. Аўтары Лісабонскай дамовы абставілі выхад з ЕС такімі ўмовамі, што выйсці з яго амаль немагчыма: на гэта патрабуецца згода 2/3 краін – сябраў Еўрасаюзу. Амаль як Савецкім Саюзе.

Тут больш важна адказаць на пытанні: чаму большасць падданых Яе Вялікасці ўсё ж прагаласавалі за выхад з ЕС?

Успомнім, што сама ідэя Злучаных Штатаў Еўропы нарадзілася на кантыненце. Што станаўленне заходнееўрапейскай супольнасці пасля Другой сусветнай вайны ішло на кантыненце, што Злучанае Каралеўства без асаблівага энтузіязму далучылася да гэтай супольнасці.

Нагадаем, што канстытуцыя Еўрасаюза прымалася не зусім дэмакратычным шляхам. Пасля таго, як на рэферэндумах у Францыі і Нідэрландах грамадзяне гэтых краін сказалі праекту канстытуцыі ЕС “не” , урад Яе Вялікасці вырашыў адмовіцца ад ідэі правесці падобны рэферэндум у Злучаным Каралеўстве. Было відавочна, што на Брытанскіх астравах еўраканстытуцыі таксама скажуць “не”, бо яна істотна абмяжоўвала суверэнітэт паасобных краін. Апроч таго, яна, калі б была прынятая, ліквідавала б многія сацыяльныя дасягненні еўрапейцаў, абмяжоўвала б дэмакратычныя інстытуты і працэдуры. І тады ў абход рэферэндуму ўрад Яе Вялікасці падпісаў у 2007 годзе знакамітую Лісабонскую дамову.

Мабыць, ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што ў Еўрапейскім Саюзе дамінуюць Нямеччына і Францыя. Польскія патрыёты (ці нацыяналісты?) у сувязі з гэтым называюць Еўрасаюз Нямецкай Еўрапейскай Уніяй. Мы памятаем, што яшчэ нядаўна ўрад Яе Вялікасці быў супраць прызначэння Жана-Клода Юнкера на пасаду старшыні Еўрапейскай камісіі. І мы ведаем, хто супрацьпаставіўся гэтай брытанскай пазіцыі, хто настойліва прасоўваў Юнкера.

Не з’яўляецца таксама сакрэтам, што Еўрасаюз ператварыўся ў новую бюракратычную структуру, якая спрабуе дыктаваць паасобным краінам рашэнні і стандарты, прынятыя ў брусельскіх кабінетах. Асабліва гэта праявілася летась, калі Брусель стаў прадпісваць паасобным краінам, колькі мігрантаў кожнай з іх належыць прыняць. Была ўчынена спроба пазбавіць паасобныя краіны суверэннага права вырашаць, каго ім прымаць і ў якой колькасці. Натуральна, што такая палітыка Бруселя не магла не выклікаць абурэнне і пратэст.

Бюракратызацыя еўрасаюзаўскіх структур дайшла да таго, што іх ужо параўноўваюць з дзяржаўнымі структурамі Савецкага Саюза.

Бюракратызм еўрастуктур, іх імкненне ігнараваць нацыянальна-культурныя асаблівасці паасобных краін, усё уніфікаваць, а таксама спробы камандаваць паасобнымі краінамі прывялі да таго, што нядаўна “не” Еўрасаюзу сказала Швейцарыя. Гэтая старая дэмакратыя адклікала сваю заяўку на ўступленне ў ЕС. Нагадаю, што ў гэтую арганізацыю не ўваходзяць дэмакратычныя Ісландыя і Нарвегія. І наўрад ці ўвойдуць.

Можам канстатаваць: калі ўступленне Злучанага Каралеўства ў ЕС было праведзена без уліку думкі шырокіх пластоў грамадзян, то рашэнне аб выхадзе гэтай дзяржавы з Еўрасаюза прынята самым дэмакратычным шляхам.

Анатоль Сідарэвіч

24 чэрвеня 2006 г.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме