17:03 06.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

МАСЛОЎСКІ: ЗАЯВА ЛЯЎКОВІЧА — ГЭТА ЯГО АСАБІСТАЯ ДУМКА (ДАПОЎНЕНА)

Адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі пракаментаваў Еўрарадыё заяву, надрукаваную ў газеце "Беларусь Сегодня". Частка беларускіх сацыял-дэмакратаў на чале з Анатолем Ляўковічам гатова сесці за стол перамоў з уладай без якіх-небудзь умоў. Такую заяву ад імя ўсёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) газета "Беларусь сегодня".

Першы намеснік старшыні БСДП (Грамады) Ігар Маслоўскі цвердзіць, што Ляўковіч ўвогуле не з’яўляецца сябрам партыі і выказвае гэтай заявай сваю асабістую думку.

Маслоўскі:“Калі быць больш дакладнымі, дык Анатоль Ляуковіч наогул выключаны, здаецца, 3 лютага з партыі. Таксама не з'яўляецца сябрам партыі і Аляксандр Мікулін, прозвішча якога там стаіць. Яны нават не сябры партыі. Няма адной ці іншай часткі — вось гэтых ёсць 7 чалавек, з якіх 2 не з’яўляюцца сябрамі партыі. Гэта ўсё што існуе. Гэта іх асабістая думка”. 

Маслоўскі адзначыў, што сацыял-дэмакраты, як і большасць апазіцыйных партыяў, настойваюць на вызваленні палітвязняў. Толькі пры выкананні гэтай умовы яны згодныя на “круглы стол” з уладамі.

Нагадаем, што ў БСДП (Грамада) адбыўся раскол. Большая яе частка рэгулярна абірае новых старшыняў, але гэтыя з'езды не прызнаюцца Мінюстам. Ляўковіч жа з'езд сваёй часткі партыі пакуль не правёў (апошні раз ён планаваўся на красавік), але мае магчымасць друкавацца ў дзяржаўных СМІ.
Мара Нальшанская

    *  *  *

                              ЛІДАРЫ ДЭМСІЛАЎ КРЫТЫКУЮЦЬ ЗАЯВУ ЛЯЎКОВІЧА   

Лідары беларускіх дэмакратычных сіл жорстка крытыкуюць заяву Анатоля Ляўковіча – прызнаны беларускім мінюстам лідар Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” заклікае сесці за стол перамоваў з Лукашэнкам, не чакаючы вызвалення палітычных вязняў і не патрабуючы ад улады якіх-кольвек гарантый пра дэмакратызацыю.

Лідары ж дэмакратычных сілаў упэўненыя: галоўная ўмова правядзення хоць-якіх перамоваў – вызваленне асуджаных удзельнікаў акцыі 19 снежня альбо пастаноўка гэтага пытання першым у парадак перамоваў. Апроч гэтага, на думку намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна, Ляўковіч не меў аніякіх паўнамоцтваў выступаць нават ад імя сябраў сваёй партыі, якія на мінулым з'ездзе выказалі палітыку вотум недаверу:

- Ляўковіч на дадзены момант нікога не прадстаўляе, нават ягоная партыя адмовіла яму ў даверы. Таму гэта, як я разумею, яго асабістая думка. Што датычыцца перамоваў з Лукашэнкам, то шасцёрка ўжо агучыла сваё стаўленне, і Аб'яднаная грамадзянская партыя таксама. Перамовы безумоўна патрэбныя, калі яны будуць – мы на гэта і няшмат спадзяваемся. Але, першым пунктам гэтых перамоваў павінна быць вызваленне палітычных вязняў – толькі тады можна размаўляць пра нешта іншае. Першае - таму, што гэта маральна, а па-другое, гэта па меншай меры можа паказаць сур'ёзнасць намераў Лукашэнкі.

На думку кіраўнікоў шасці найбуйнейшых беларускіх палітычных партый, якія два месяцы таму падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне дэмакратызацыі краіны, прычынай глыбокага эканамічнага крызісу беларускай мадэлі стала грубае парушэнне 19 снежня рэжымам Лукашэнкі беларускага і міжнароднага права. Перамовы з уладай, на думку палітыкаў, магчымыя толькі ў выпадку аднаўлення гэтых прававых нормаў.

Радыё Рацыя, Мінск 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме