12:15 05.09.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Калі апазіцыю пусцяць ў выбарчыя камісіі?

Разбіралася Прэс-служба кампаніі назірання “Права выбару”.

Юрыдычныя аспекты фарміравання выбарчых камісій

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь дае магчымасць палітычным партыям, грамадскім арганізацыям, працоўным калектывам, а таксама грамадзянам вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій розных ўзроўняў. Для грамадзян, каб быць вылучанымі, неабходна сабраць не менш за 10 подпісаў жыхароў, якія пражываюць на тэрыторыі, дзе працуе камісія. Для ўсіх астатніх суб’ектаў выбарчага працэсу дастаткова пратакола аб вылучэнні свайго прадстаўніка з пасяджэння кіруючага органа партыі, арганізацыі ці працоўнага калектыву.

Арт. 34 “Утварэнне камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, па рэферэндуму, па правядзенню галасавання аб адкліканні дэпутата” Выбарчага кодэкса паведамляе, што органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш адной трэці яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Гэта палажэнне не прымяняецца пры фарміраванні ўчастковых камісій, якія ўтвараюцца ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама за межамі Рэспублікі Беларусь.

Акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі фарміруюцца мясцовымі органамі ўлады і зацвярджаюцца на сумесных пасяджэннях Прэзідыума мясцовага савета і выканаўчага камітэта, а участковыя - аднаасобна выканаўчым органам улады.

“Супергероі” апазіцыі

Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2018” Алесь Сілкоў лічыць, што пры фарміраванні складу выбарчых камісій склалася практыка дыскрымінацыі актывістаў дэмакратычных партый і арганізацый.

- Мы ведаем, што ёсць хлусня, нахабная хлусня і статыстыка. Дык вось, адкінуўшы два першых паняцці з якімі ў краіне асацыююцца выбары і ўзброіўшыся толькі статыстыкай можна зрабіць выснову, што сярод вылучаных прэтэндэнтаў у камісіі дэмакраты складаюць найменшы працэнт з тых, хто ў іх трапляе. З года ў год мы бачым адны і тыя ж лічбы, - гаворыць Алесь Сілкоў.

На фота Алесь Сілкоў

Нацыянальны каардынатар падкрэслівае, што падчас выбарчай кампаніі 2016 года ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій ад суб’ектаў “Права выбару” з 16 вылучаных прадстаўнікоў прайшло ўсяго 5 чалавек, а ў склад участковых камісій са 134 чалавек - толькі 26.

- Тыя, хто патрапіў у склад камісій ужо можна лічыць “супергероямі”, бо гэтыя людзі фактычна апынуліся адны ў стане ворагаў, бо ў бальшыні выпадкаў гэта так і выглядае. Адметнасць уваходжання прадстаўнікоў апазіцыі ў склад камісій заключаецца яшчэ і ў тым, што за апошнія гады больш аднаго апазіцыянера ні ў адной камісіі не было, што зводзіць уплыў на прымаемыя рашэнні ў камісіях фактычна да нуля, - працягвае Алесь Сілкоў.

Акрамя таго Сілкоў падкрэслівае, што адмовы пры праходжанні ў склад камісій у бальшыні выпадкаў надуманыя – ці тое не хапае вопыту ў кандыдата, ці тое знаходзіцца ў сталым узросце, ці тое мае дрэнную рэпутацыю. Тым часам колькасць патрапіўшых у склад камісій ад праўладных арганізацый кшталту БРСМ, Беларускага саюзу жанчын і Белай Русі складае ад 85 да 98%.

Пагадзіцеся, што ў параўнанні з такімі апазіцыйнымі партыямі як АГП, БНФ і БСДП, ад якіх у камісіі трапляе толькі 6-7% вылучэнцаў прадстаўнікі праўладных партый і арганізацый выглядаюць куды больш прахаднымі.

Нязгодныя апазіцыянеры могуць напісаць толькі сваю асобную думку

Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксей Сігаеў быў членам тэрытарыяльнай і акруговай выбарчых камісій падчас выбараў 2010 і 2012 гадоў. Пасля таго, як двойчы напісаў сваю асобную думку і не падпісаў пратаколы, больш у камісіі яго не ўключаюць.

- Я лічу, што камісіі вышэйшага ўзроўню ў сваёй працы маюць больш паўнамоцтваў, чым участковыя. Калі я быў членам вышэйстаячых камісій, я ў гэтым пераканаўся, бо альбо самастойна, альбо ўзгоднена з іншымі члены камісій могуць правяраць працу ўчастковых камісій, - гаворыць Аляксей Сігаеў.

На фота Аляксей Сігаеў

Сацыял-дэмакрат адзначае, што яскравым прыкладам гэтаму стаў выпадак у 2015 годзе, калі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч выявіў фальсіфікацыі – у пададзеных звестках у вышэйстаячую камісію, членам якой ён быў, фігуравалі адны лічбы прагаласаваўшых датэрмінова, а падчас праверкі журналаў выдачы бюлетэняў колькасць прагаласаваўшых была ў разы меншай. Фактычна ішло завышэнне яўкі выбаршчыкаў.

- Зміцер падаў дакладную запіску на імя старшыні гарадской выбарчай камісіі, аднак гэта не прынесла ніякіх вынікаў і камісія дала банальную адпіску, што ніякіх парушэнняў няма, бо верагодна, што за ноч іх усе выправілі. Гледзячы цяпер на гэтую сітуацыю варта б было выклікаць міліцыю і пракуратуру, каб яны зафіксавалі выяўленую фальсіфікацыю. Верагодна, што ў такім выпадку развязка была б іншай. Гэты вопыт варта ўлічваць у далейшым іншым членам акруговых і тэрытарыяльных камісій, - гаворыць Аляксей Сігаеў.

Сярод момантаў, якія істотна ўплываюць на працу камісій – колькасць дэмакратаў у іх шэрагу. Калі такіх няма – адзін у полі не ваяр.

Патрэбна змена заканадаўства

Метадыст-аналітык “Права выбару-2018” Леў Марголін лічыць, што для таго, каб больш прадстаўнікоў трапляла ў склад выбарчых камісій неабходна змяніць выбарчае заканадаўства і прапісаць, каб у арт.34 Выбарчага кодэкса 30% месцаў было замацавана выключна за прадстаўнікамі палітычных партый.

На фота Леў Марголін

- Мы неаднаразова накіроўвалі свае прапановы ў Цэнтрвыбаркам, дзе таксама звярталі ўвагу на тое, каб у склад камісій усіх узроўняў уваходзілі прадстаўнікі кандыдата, які балатуецца. Нехта кажа, што тады б камісіі былі моцна раздутыя, аднак я з гэтым нязгодны – у такім выпадку ўсё магло бы вырашыць звычайнае жэрабе, - гаворыць Леў Марголін.

Яшчэ адной праблемай пры фарміраванні камісій на думку эксперта з’яўляецца тое, што ў бальшыні выпадкаў яны фарміруюцца па вытворчай прыкмеце на базе працоўных калектываў устаноў і арганізацый, дзе адбываецца галасаванне. Старшынямі гэтых камісій, як правіла, з’яўляюцца кіраўнікі гэтых жа ўстановаў і арганізацый, што ставіць адразу ў залежнасць звычайных членаў камісіі, якія не жадаючы ўступаць у спрэчкі са сваім начальствам і аўтаматычна выконваюць усе загады.

Леў Марголін таксама падкрэслівае, што ў камісіі вельмі часта не ўключаюць прадстаўнікоў апазіцыі, аднак колькасны склад камісіі заканадаўча гэта дазваляе зрабіць і ад такой практыкі варта таксама адмаўляцца. На думку эксперта гэта звязана з тым, што на працу камісій існуе вызначаны бюджэт і калі ў яе склад патрапіць нехта лішні, то магчыма, што ўсе астатнія члены атрымаюць меншы заробак. Каб гэтага не адбылося варта прадугледзець дадатковы бюджэтны фонд і пытанне перастане існаваць само па сабе.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме