18:30 31.08.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Яны былі першыя. Аркадзь Смоліч (да 100-годдзя БНР, публ.23-я)

Яны былі першыя. Аркадзь Смоліч

Аркадзь Смоліч

Смоліч Аркадзь Антонаў. Нарадзіўся 17.09.1891 г. у в. Бацэвічы Бабруйскага пав. Менскай губ. (цяпер Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл.). Забіты 17.06.1938 г. у турме ў г. Омску (Расея). Месца пахаваньня невядомае.

25.06.1919 А. Луцкевіч пытаўся: «Гдзе Смоліч?». «Смоліч неведамо дзе сядзіць», — пісаў у тым самым месяцы П. Крачэўскі. А Смоліч апынуўся перад выбарам: навука ці палітыка? І, выбраўшы навуку, падаўся ў Вільню. Там ён рыхтаваў да друку сваю першую і, як потым выявілася, клясычную кнігу — «Геаграфію Беларусі». Кнігу настолькі беларускую, што яе забаранілі ў чатырох краінах: Латвіі, Літве, Польшчы і Савецкім Саюзе.

Паходзіў жа Смоліч зь вялікага сьвятарскага роду. Таму зусім натуральна ён апынуўся ў ліку вучняў Менскага духоўнага вучылішча, а потым і сэмінарыі, але па бацькавых сьлядах не пайшоў. Перш быў паступіў у Кіеўскі політэхнічны інстытут, але перадумаў і стаў студэнтам інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў г. Нова-Александрыя (з 1921 зноў Пулавы; цяпер у Люблінскім ваяводзтве). Доўга Смоліч не павучыўся, бо ў лют. 1910 яго за арганізацыю дзьвюх студэнцкіх дэманстрацыяў і страйку выключылі з інстытуту і выслалі з Прывісьлінскага краю (так з 1897 афіцыйна называлі Царства Польскае).

Вярнуцца ў інстытут Смоліч здолеў толькі у 1913, калі нагоды 300-годзьдзя дынастыі Раманавых была абвешчана амністыя. З пачаткам 1-й сусьветнай вайны Смоліч разам з інстытутам эвакуаваўся ў Харкаў. Праслухаўшы тэарэтычны курс і прайшоўшы ў 1916 практыку, Смоліч, аднак, ня стаў абараняць дыплёмную працу. Яшчэ ў 1915 у лісьце да Цёткі ён пісаў, што ягоныя сілы «цяпер асабліва патрэбныя ў Менску, каб разгарнуць беларускую палітычную працу».

Пераехаўшы ўвосень 1916 у Менск, ён уладкаваўся статыстыкам у губэрнскім земстве і вёў працу ў Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адначасна ён узначаліў нелегальную арганізацыю Беларускай Сацыялістычнай Грамады (сябрам партыі стаў у 1910).

Як пісаў акадэмік І. Ігнаценка, менавіта старшыня Менскай арганізацыі БСГ адразу пасьля падзеньня царызму быў ініцыятарам скліканьня Зьезду беларускіх арганізацый 25–27.03.1917. Зьезд абраў Смоліча сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту (БНК). А перад Зьездам адбылася канфэрэнцыя арганізацый БСГ, якая абрала яго сябрам Цэнтральнага Бюро партыі.

Няма сумненьняў, што гэта Смоліч напісаў праект праграмы БСГ, якую у кастр. прыняў партыйны зьезд. За аснову ж праект праграмы быў прыняты ў чэрв. на партыйнай канфэрэнцыі, якая між іншым пастанавіла вырашыць «праблему» старшыні БНК Р. Скірмунта. Дзеля гэтага ў ліп. 1917 быў скліканы Зьезд беларускіх арганізацый і партый. Замест БНК была абрана Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацый (ЦРБА), і Смоліч стаў яе фактычным кіраўніком. У кастр., калі на ІІ сэсіі ЦРБА, была ўтворана Вялікая Беларуская Рада, Смоліч заняў пасаду намесьніка старшыні гэтай інстытуцыі.

Як вядома, Вялікая Рада ініцыявала скліканьне Ўсебеларускага Зьезду. Смоліч, намесьнік старшыні БСГ (абраны на гэтую пасаду партыйным зьездам у кастр.), уваходзіў на Зьезьдзе ў Сацыялістычны блёк.

Яго абралі сябрам Рады Ўсебеларускага Зьезду, якая 19.03.1918 стала Радаю БНР. А раней (20.02) яго прызначылі сябрам 1-га Ўраду Беларусі — народным сакратаром асьветы. З 14.05 гэтую пасаду ён спалучаў з пасадаю намесьніка старшыні Рады, а не пазьней як 25.05 на яго ўсклалі таксама абавязкі народнага сакратара нацыянальных спраў.

На жаль, амаль нічога не вядома пра дзейнасьць Смоліча ў ліп. 1918, калі фармаваліся кабінэты Р. Скірмунта ды І. Серады. Можна думаць, што ён быў ляяльны да іх. Вядома тое, што ў жн. ён стаў старшынёй мандатнай камісіі Рады. 9.10 Народны Сакратарыят накіраваў яго ў склад Надзвычайнай беларускай дэлегацыі ва Ўкраіне, якую ўзначальваў А. Луцкевіч, а 22.11 ён стаў у кабінэце Луцкевіча намесьнікам старшыні Рады Народных Міністраў і міністрам земляробства.

Выехаўшы ў Горадзен, ён 15–16.12 правёў Беларускі сялянскі зьезд Горадзенскага павету, у выніку якога былі створаны павятовая Рада і арганізацыйны камітэт дзеля скліканьня Беларускага Зьезду Горадзеншчыны. Рэалізаваць задуманае Смолічу не давялося: Урад накіраваў яго ва Ўкраіну атрымаць дакляраваную пазыку. З Кіева ён мусіў ехацьу Вінніцу, а выканаўшы даручэньне — празь Вену, Зальцбург і Мюнхэн — у Бэрлін.

Апынуўшыся 15.03.1919 у нямецкай сталіцы, ён заснаваў там Дыпляматычную місію БНР. 21.03 Рада Міністраў пры БНР прыняла пастанову аб прызначэньні Смоліча пасланьнікам БНР у Бэрліне і на кароткі час накіравала яго ў Варшаву. Ён сустракаўся з Ю. Пілсудзкім, іншымі польскімі дзеячамі, выслухоўваў іх прыгожыя словы і прадставіў І. Падарэўскаму праект беларуска-польскага паразуменьня, першы пункт якога — прызнаньне ўрадам Польшчы Ўраду БНР.

У канцы тр. Смоліч узяў удзел у інаўгурацыйным пасяджэньні Польска-Беларускага Таварыства, аднак у яго кіраўніцтва не ўвайшоў. Трохі раней ён выклікаў у Варшаву Б. Тарашкевіча, наказаў яму стварыць беларускую арганізацыю Віленшчыны і Горадзеншчыны, стварыць беларускую прэсу, ствараць школы і выдавецтвы, а сам выехаў у Вільню рыхтаваць да друку «Геаграфію Беларусі».

Гэта ня значыць, што Смоліч цалкам адлучыўся ад палітычнай дзейнасьці. Яму даводзілася выяжджаць у Коўна і Варшаву дзеля перамоваў з літоўскім дзеячамі А. Сьмятонаю і Ю. Шаўлісам, але ў Бэрлін ён не вярнуўся.

Як толькі надарылася магчымасьць, Смоліч выехаў у Менск. Яго ўдзел у сустрэчы сябраў сэньёрэн-канвэнту Рады БНР зь Пілсудзкім (19.09.1919) быў толькі эпізодам, больш ён працаваў як культурнік і каапэратар у Часовым Беларускім Нацыянальным Камітэце (з 10.03.1920 — намесьнік старшыні), у заснаванай на базе школьнай камісіі ЧБНК Менскай беларускай школьнай Радзе (пазьней Беларуская цэнтральная школьная рада), у Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі, які з рознымі зьмяненьнямі праіснаваў у БССР да кастр. 1929, учыняў захады дзеля адкрыцьця настаўніцкіх курсаў у Менску і Слуцку. І пісаў праграму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, папулярны выклад якой выдаў асобнай брашурай.

Тым часам Луцкевіч, інтэрнаваны польскімі ўладамі ў варшаўскім гатэлі «Саскі», мусіў пайсьці ў адстаўку. 28.02.1920 ён перадаў Смолічу паўнамоцтвы старшыні Рады Народных Міністраў.

Пасьля адстаўкі Луцкевіча ў Менск прыбыла дэлегацыя на чале зь дзеячам Польскай сацыялістычнай партыі Л. Васілеўскім. 20–24.03.1920 яна вяла перамовы з сябрамі Найвышэйшай Рады БНР, а таксама са Смолічам, В. Іваноўскім ды А. Станкевічам. Польская дэлегацыя адмовілася прызнаць незалежнасьць Беларусі, аднак пайшла на саступкі ў галіне культуры і асьветы і згадзілася вылучыць на гэтыя мэты пэўныя сродкі.

Ліпеньскі (1920) наступ Чырвонай арміі змусіў Смоліча выехаць у Вільню. Калі старую сталіцу захапіла беларуска-літоўская дывізія Л. Жалігоўскага і на час склаліся больш спрыяльныя ўмовы для беларусаў, Смоліч актыўна працаваў як каапэратар. У 1921 ён увайшоў у Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны і Беларускае навуковае таварыства, стаў першым старшынёй Таварыства Беларускай Школы. Акрамя таго, ён быў сябрам заснаванага ў крас. 1921 Камітэту беларуска-польскага збліжэньня і сябрам кароткатэрміновага Дзяржаўнага Камітэту БНР, які замяніў сабою Найвышэйшую Раду.

Працуючы ў Віленскай беларускай гімназіі, Смоліч дасканаліў «Геаграфію Беларусі». У 1922 і 1923 кніга выйшла 2-м і 3-м выданьнямі.

Калі выйшла 3-е выданьне «Геаграфіі Беларусі», Смоліч быў ужо ў Менску. У ССРБ ён пераехаў у жн. 1922 і таму, што там заставалася яго большая дачка, і таму, што бачыць яго ў Менску хацелі беларускія камуністы. Вярнуўшыся ў Менск, Смоліч і абараніў дыплём, і стаў першым беларускім прафэсарам геаграфіі.

Ён быў аўтарам шмат якіх праектаў, але тут зацемім, што ён стаяў ля вытокаў эканамічнай геаграфіі Беларусі і заснаваў беларускае ляндшафтазнаўства, што ягоныя працы ў галіне раянаваньня, адзначаныя падзякай ураду ССРБ, вывучаюцца і сёньня, а кнігі «Разьмяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР» ўганараваныя Малым залатым мэдалём Дзяржаўнага рускага геаграфічнага таварыства.

Афіцыйнае паведамленьне пра высокую ўзнагароду, якою ўшанавалі Смоліча ягоныя калегі, прыйшло ў БДУ 24.06.1930, а 26.06 яго арыштавалі ў «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі. Калегія АГПУ СССР 10.04.1931 вырашыла саслаць яго на 5 гадоў у г. Аса (цяпер Пермскі край, Расея). Потым месцам ссылкі стаў г. Ішым Цюменскай вобл., дзе ён працаваў у пэдагагічным вучылішчы. 17.6.1937 Смоліча арыштавалі зноў, а 10.06.1938 «тройка» Омскага ўпраўленьня НКВД вынесла яму сьмяротны прысуд.

...Навукай Смоліч займаўся і ў ссылцы. Яго апошняя праца — «Зона ліставых лясоў і займішчаў Заходняй Сібіры на мэрыдыяне Ішыму» — засталася ў рукапісе.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме