07:45 21.08.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Яны былі першыя. Антон Баліцкі (да 100-годдзя БНР, публ.21-я)

Яны былі першыя. Антон Баліцкі

Антон Баліцкі

Баліцкі Антон. Нарадзіўся 4.09.1891 г. у в. Балічы Горадзенскага пав. (цяпер Горадзенскі р-н). Расстраляны 31.10.1937 г. у Менску. Месца пахаваньня невядомае.

Выпускнік Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі, А. Баліцкі непрацяглы час працаваў у школе, а ў 1916 г. скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Пасьля інстытуту яго мабілізавалі ў войска і адправілі на Румынскі фронт. Настаўнік у вайсковым мундзіры быў актыўным удзельнікам рэвалюцыйных падзей 1917-га.

Калі развалілася старая армія, ён пасяліўся ў Адэсе. У гэтым горадзе і яго ваколіцах у часе І сусьветнай вайны склалася вялікая беларуская калёнія. У сьнежні 1917 г. у Адэсе паўстала культурна-асьветная арганізацыя «Беларускі гай». У тым самым месяцы воіны-беларусы Румынскага фронту заснавалі Беларускую вайсковую раду. 19 сакавіка 1918 г. на аб’яднаным паседжаньні гэтых арганізацый быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят. Памочнікам старшыні камісарыяту і ўпаўнаважаным у нацыянальна-палітычных справах стаў А. Баліцкі.

Калі да Адэсы дайшла вестка пра абвяшчэньне БНР, Нацыянальны камісарыят стаў на яе бок. У красавіку 1918-га А. Баліцкі прыехаў у Кіеў, дзе працавала дэлегацыя Народнага Сакратарыяту БНР у справе перамоваў з замежнымі краінамі. Ён жа зьвярнуўся да Аляксандра Цьвікевіча з просьбай даць Нацыянальнаму камісарыяту паўнамоцтвы выконваць функцыі консульства БНР у Адэсе. І такія паўнамоцтвы Народны Сакратарыят даў. Баліцкі стаў сакратаром консульства. Беларуская праца ў Адэскай акрузе вялася даволі памысна, пакуль не прыйшлі рэстаўратары імпэрыі — дзянікінцы. У новых умовах Баліцкі арганізаваў партызанскі атрад і ўступіў у партыю ўкраінскіх камуністаў-барацьбістаў. У 1920-м ён разам з іншымі сябрамі гэтай партыі стаў чальцом РКП(б).

У 1921 г. А. Баліцкага адклікалі на працу ў ССРБ. У кастрычніку таго самага года ён стаў намесьнікам народнага камісара, а са студзеня 1926-га — наркамам асьветы. Ён быў адным з вядучых канструктараў сыстэмы школьніцтва і сеткі ўстаноў культуры (тады не было асобнага ведамства, якое б займалася пытаньнямі культуры) у пэрыяд так званай беларусізацыі.

У канцы 1920-х у палітыцы бальшавіцкіх вярхоў наступіў пералом. У лютым 1929 г. адбыўся ХІІ зьезд КП(б)Б, на якім яшчэ гаварылася аб беларусізацыі, але ў парадак дня была пастаўлена барацьба з так званымі нацыял-дэмакратамі і нацыянал-апартуністамі. Пералом наступаў і галіне адукацыі. На вучобу ў ВНУ і сярэдніх навучальных ўстановах належала прымаць толькі дзяцей рабочых, сялян-беднякоў і бяднейшых сераднякоў. Дзецям чыноўнікаў належала для вучобы зарабіць працоўны стаж на вытворчасьці.

Для правядзеньня такой лініі патрабаваўся новы наркам асьветы. Ім замест А. Баліцкага стаў чалавек з пачатковай адукацыяй — Антон Платун (з 1931 г. Акадэмік).

8 верасьня 1930 г. А. Баліцкага арыштавалі ў «справе» так званага Саюза вызваленьня Беларусі, а ў сакавіку 1931-га калегія АДПУ прысудзіла яму 10 год лягераў. Пры паўторным разглядзе «справы» Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР 30 кастрычніка 1937 г. асудзіла А. Баліцкага на сьмерць.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме