18:46 19.06.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Да вынікаў парламенцкіх выбараў у Францыі

ЦІ З’ЯВІЦЦА НОВЫ ФРАНСУА МІТЭРАН?

Да вынікаў парламенцкіх выбараў у Францыі



Сацыялістычная партыя Францыі – партыя Жана Жарэса, Жуля Геда, Ляона Блюма, Франсуа Мітэрана – на парламенцкіх выбарах, другі тур якіх адбыўся ўчора, пацярпела, можна сказаць, гістарычную паразу. Як паведамляе газета LeMonde (), сацыялісты атрымалі толькі 34 месцы з 577 у ніжняй палаце парламенту.

Што ў сацыялістаў будзе кепскі вынік, пра тое было вядома і пару год назад. Замест таго, каб весці левую палітыку, Сацыялістычная партыя Францыі, кінулася адначасова ў лявацтва і направа. Лявацтва – гэта ўзаконенне аднаполых шлюбаў, што не магло не выклікаць у каталіцкай краіне масавыя пратэсты (Франсуа Фіён таму і вёў сваю прэзідэнцкую кампанію пад сцягам каталіцызму), а правы ўхіл – гэта рэформы ў галіне працоўнага права, што таксама выклікала масавыя пратэсты і сапсавала адносіны сацыялістаў з іх колішнімі натуральнымі саюзнікамі – прафсаюзамі. У дадатак была зламаная палітычная кар’ера Эманюэля Вальса, які паказаў сябе здольным адміністратарам на пасадзе міністра ўнураных спраў, але меў неасцярожнасць згадзіцца з прапановай Франсуа Алянда і стаць прэм’ер-міністрам краіны. Прафсаюзы не забудуць Вальсу, як ён, праяўляючы сваю лаяльнасць да прэзідэнта Алянда, мяняў працоўнае заканадаўства.

Тэндэнцыю добра ўлавіў Эманюэль Макрон.

Макрон некалькі гадоў быў сябрам Сацыялістычнай партыі, але ў 2009 г. з партыі выйшаў. Тым не менш яго, фармальна беспартыйнага, Алянд запрасіў да сябе ў Елісейскі палац у якасці генеральнага сакратара, а потым прызначыў міністрам эканомікі Французскай Рэспублікі. Калі стала відавочна, што Сацыялістычная партыя вядзе правальную палітыку, Макрон выйшаў з ураду і заснаваў сваю арганізацыю EnMarche(Наперад), пераўтвораную сёлета ў партыю LaRepubliqueenMarche (Рэспубліка, наперад).

Ёсць такая канспіралагічная тэорыя, што выйсці з ураду і пачаць самастойную палітычную гульню таленавітаму Макрону падказаў сам Алянд. Што Макрон чалавек таленавіты, бясспрэчна. У яго элітарная адукацыя, ён быў памочнікам вядомага філосафа Поля Рыкёра, добра грае на фартэпіяна, і ў дадатак паспяховы фінансіст. А да таго ж малады і мілавідны. Гэтыя яго якасці імпануюць публіцы. І публіка нейк забыла, што гэта Макрон быў міністрам эканомікі і вёў, скажам так, не зусім сацыялістычную палітыку ў сацыялістычным урадзе. 7 траўня яго абралі прэзідэнтам, а 8 мая ён разам з яшчэ дзейным прэзідэнтам Аляндам ускладаў вянок да магілы Невядомага салдата на плошчы Зоркі ў Парыжы. Хто глядзеў тую цырымонію, не мог не заўважыць: Алянд ставіўся да свайго пераемніка, як да сына ці то малодшага брата, з відавочнай сімпатыяй. Не думаю, што гэта была ўмелая гульня на публіку.

Калі стаць прэзідэнтам Французскай Рэспублікі Макрону дапамаглі яго асабістыя якасці, дык прывесці маладую, ледзь не ўчора створаную партыю ў Нацыянальны Сход яму дапамагла новая тэхналогія падбору кандыдатаў у дэпутаты. Штаб Макрона падбіраў іх паводле пададзеных электроннай поштай анкетаў (рэзюмэ). Кандыдатамі ў дэпутаты сталі людзі з розных сацыяльных пластоў, рознага веку і полу. Большасць з іх – зусім новыя людзі ў палітыцы. Ці будзе плён з такога падбору, ці доўга праіснуе такая партыя “пад асобу” – іншыя пытанні, але факт застаецца фактам: учора партыя партыя LaRepubliqueenMarche атрымала 350 мандатаў у ніжняй палаце французскага парламенту. Гэта значыць, што партыі Макрона трошкі не хапіла да канстытуцыйнай большасці (патрабуецца 66 працэнтаў галасоў, а маецца 61,5 адсотка).

Вынікам выбарчай акцыі Макрона стала тое, што 75 працэнтаў дэпутатаў, як адзначае Le Monde, раней у парламенце не засядалі.

Асноўнай апазіцыйнай партыяй стала ўчора партыя Рэспубліканцаў (LesRepublicains). Гэта ўжо не класічныя галісты, а хутчэй неагалісты. Яны атрымалі 130 мандатаў.

27 месцаў атрымалі ў парламенце прыхільнікі лідэра левага руху “Няскораная Францыя” (LaFranceinsoumise) Жана-Люка Меляншона, які, нагадаю, у першым туры сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, атрымаў падтрымку кожнага пятага выбаршчыка (19,58 адсотка галасоў).

Такім чынам, левыя маюць у палаце толькі 61 мандат. Іх прысутнасць у палаце можна назваць сімвалічнай. І яшчэ пытанне, ці здолеюць сацыялісты дамовіцца аб супрацы з больш левымі паслядоўнікамі Меляншона.

І нарэшце Нацыянальны фронт. Ён атрымаў менш мандатаў, чым левыя: усяго 8. Пасля поспеху на прэзідэнцкіх выбарах (1/3 галасоў) гэта параза. Суцяшэнне Марын Лё Пэн у тым, што яна сама першы раз стала дэпутаткай.

28 дэпутатаў у новым складзе французскага парламенту праходзяць па разрадзе “іншыя”. Да каго гэтыя “іншыя” далучацца, пакажа час.
Сацыял-дэмакрату найбольш цікава, што будзе далей з Сацыялістычнай партыяй. І тут нельга не згадаць не такія ўжо і даўнія падзеі.
У канцы 1950-х сацыялістычны рух Францыі (праўда, з іншых прычын) таксама апынуўся ў крызісным стане. Ён атамізаваўся. Да ўлады прыйшоў Шарль дэ Голь. Генерала на пасадзе прэзідэнта змяніў галіст Жорж Пампіду. На змену яму прыйшоў правацэнтрыст Валеры Жыскар д’Эстэн (таксама, як і Макрон, старальнік партыі “пад сябе”). І вось, у 1981 годзе ў Елісейскі палац на 14 год засяліўся сацыяліст Франсуа Мітэран. 14 год – гэта два прэзідэнцкія тэрміны. І гэта абсалютны рэкорд у гісторыі Францыі.

Феномен Мітэрана ў тым, што ён, сам – як і дэ Голь, і Жыскар – чалавек арыстакратычнага паходжання, вёў левую палітыку. Выпускнік Сарбоны і Школы палітычных навук, ён здолеў аб’яднаць сацыялістаў. Можна сказаць, што цяперашняя Сацыялістычная партыя як структура – ягонае дзецішча. Апрача таго, Мітэран здолеў знайсці кампраміс з усімі левымі (выключэнне – трацкісты і анархісты).

Мітэран быў настойлівы, нават упарты чалавек. Тройчы ён удзельнічаў у прэзідэнцікх выбарах. Ужо на першых выбарах (1965) ён стаў дастойным канкурэнтам дэ Голя. Генерал разлічваў на лёгкую перамогу, аднак перамагчы ў першым туры галасавання яму не ўдалося. У другім жа туры Мітэран набраў 44,8 адсотка галасоў. Гэта быў выдатны вынік. І нягледзчы на такі вынік, у 1969 годзе (датэрміновыя выбары) партыйныя босы забаранілі яму ўдзельнічаць у выбарах як прадстаўніку Аб’яднанай сацыялістычнай партыі. Затое ў 1974 годзе Жыскар д’Эстэн ледзь-ледзь вырваў у яго перамогу (50,8 працэнта галасоў). Мітэран атрымаў падтрымку 49,2 працэнта выбаршчыкаў. Ягоны поспех у 1981 годзе быў ужо чаканы. І што цікава: калі на выбарах 1981 г. за Мітэрана галасавалі 51,75 працэнта выбаршчыкаў, дык праз сем гадоў яго падтрымалі 54 працэнты тых, хто галасаваў. Такое рэдка бывае. Такое стала магчымым дзякуючы паслядоўнай левай палітыцы Мітэрана, які здолеў аб’яднаць сацыялістаў. Апроч таго, як ужо адзначалася, на выбарах 1965 і 1981 гг. ён кансалідаваў вакол сваёй кандыдатуры ўсіх левых – і сацыялістаў, і камуністаў, і сацыялістаў-радыкалаў.

У гісторыі многае залежыць ад асобы. Відавочна, што Сацыялістычнай партыі Францыі, як і ў 1960-х, і ў 1980-х, патрабуецца новы моцны лідэр, які цвёрда памятае, што Сацыялістычная партыя – партыя левых дэмакратаў, чалавек здольны згуртаваць вакол сваёй партыі левыя сілы Францыі. Ці знойдзецца ў Францыі новы Мітэран? Вось пытанне, на якое мы будзем чакаць адказ.








Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме